Лукашэнка прапанаваў адпрацоўваць усё жыццё студэнтам, што паступілі ў ВНУ з прэферэнцыямі
Адпаведная цытата прыводзіцца ў сюжэце канала АНТ аб спартовай нарадзе 18 снежня, паведамляе «Наша Ніва».
Як піша выданне, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Сяргей Рэпкін звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай стварыць спецыялізаваныя спартыўныя педагагічныя класы пры некаторых школах.
«Я быў у школах, дзе вучацца [будучыя] студэнты-спартсмены. […] У спартоўцаў там сярэдні бал — 8,1! Яны матываваныя, [некаторыя] разумеюць, што спартыўных вынікаў у іх не будзе, але яны гатовыя стаць трэнерамі. Мы прапануем, каб былі педагагічныя спартыўная класы, каб яны праходзілі сумоўе і паступалі да нас [тыя, што] з высокім балам», — заявіў Рэпкін.
Лукашэнка звярнуўся з просьбай пракаментаваць такую прапанову да міністра адукацыі Карпенкі. Той адзначыў, што праблемы ў гэтым няма, толькі, маўляў, калі гаворка пра прэферэнцыі пры паступленні, то «трэба будзе ўнесці змены ў правілы прыёма».
Далей слова ўзяў сам Лукашэнка.
Лукашэнка: Добра, толькі вы забылі сказаць, што 10-15 год пасля сканчэння ВНУ ён абавязкова, — а тое і 20 —павінен адпрацаваць.
Карпенка: Пяць, пяць год, Аляксандр Рыгоравіч.
Лукашэнка: Малавата. А чаму пяць? Усё жыццё! Мы ж уладкавалі яго ў акадэмію.
Карпенка: Цяпер па нарматыўцы пяць год ідзе.
Лукашэнка: Дык гэта нішто. Калі мы ствараем прэферэнцыі пры паступленні… Трэба запісаць, што на ўсё жыццё.
nn.by