Лукашэнка пашырыў бязвіз

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 300 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян». Дакумент будзе дзейнічаць замест указа ад 26 снежня 2017 г. № 462, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

belsat.eu

belsat.eu

Раней існавалі асобна дзве бязвізавыя зоны для турысцка-рэкрэацыйных тэрыторый Брэста і Гродна, цяпер яны аб'ядноўваюцца ў адну бязвізавую тэрыторыю «Брэст—Гродна». У яе ўключаюцца яшчэ пяць раёнаў Гродзенскай вобласці: Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі і Шчучынскі.
У гэтым рэгіёне тэрмін бязвізавага знаходжання ў турыстычных мэтах павялічваецца да 15 сутак для грамадзян 73 дзяржаў. Акрамя таго, будзе забяспечана магчымасць уезду яшчэ праз два дадатковыя пункты пропуску на дзяржаўнай мяжы («Беняконі» і «Бераставіца»).
Замежнікі змогуць перамяшчацца без візаў па ўсёй тэрыторыі заходніх абласцей пры ўмове накіравання ў складзе арганізаваных турыстычных груп па маршрутах, якія прадугледжваюць наведванне бязвізавай тэрыторыі «Брэст—Гродна».
«Прыняцце ўказа працягвае мэтанакіраваныя намаганні беларускай дзяржавы па развіцці трансгранічных чалавечых кантактаў, з'яўляецца сведчаннем адкрытага і прыязнага характару знешняй палітыкі Беларусі. Дакумент будзе спрыяць росту турыстычнай прывабнасці нашай краіны і ўмацаванню эканомікі прыгранічных рэгіёнаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.
Пры гэтым захоўваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для грамадзян шэрагу дзяржаў на тэрмін да 30 сутак праз пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, што прадугледжана ўказам ад 9 студзеня 2017 г. № 8 (са зменамі, якія ўступілі у сілу 24 ліпеня 2018 года).
tut.by