«Лукашэнка, як дзіця СССР, прынёс з сабой адчуванне забітасці, убогасці. Давайце пакінем гэта яму»

Эканаміст Аляксандр Кныровіч на сваім ютуб-канале паразважаў аб тым, чаму Беларусь — не маленькая краіна, як аб тым кажа Лукашэнка.

had_2338_logo.jpg

— Па памеры Беларусь займае 86-е месца ў свеце сярод 240 краін і тэрыторый, у Еўропе — 14-е. І гэта з улікам Расіі. Таму казаць пра тое, што Беларусь маленькая краіна — няправільна,кажа эксперт.
 — Па памеры насельніцтва Беларусь 95-я краіна ў свеце, у Еўропе — 17-я.
Мы такія ж як Венгрыя, Чэхія, Швецыя ці Швейцарыя — але там нікому не прыходзіць у галаву называць іх нейкімі маленькімі народамі.
Паказчык, па якім мы рэальна слабенькія — гэта ўзровень развіцця нашай эканомікі. ВУП па намінале і на душу насельніцтва паказвае, што ніжэй за нас — усяго некалькі краін. Гэта Малдова, Украіна, Албанія, Македонія.
Ці звязана гэта з памерамі краіны ці з прыроднымі рэсурсамі, стратай доступу да якіх нас так палохаюць ад тэарэтычнага разрыву з Расіяй?
Кныровіч прыводзіць у прыклад топ-10 краін з найбольшай колькасцю прыродных рэсурсаў — сярод іх ЗША, Расія, Канада, Венесуэла, Саудаўская Аравія, Іран. Гэта значыць, ужо можна зрабіць выснову, што памер прыродных рэсурсаў ніяк не звязаны з узроўнем развіцця эканомікі і ўзроўнем жыцця людзей, лічыць эксперт.
Больш за тое, мы часта маем справу з «рэсурсным праклёнам», калі краіны, як Венесуэла ці Расея не развіваюць сваю інтэлектуальную эканоміку проста таму, што ім дастаткова сродкаў, якія яны атрымліваюць, выпампоўваючы нешта з зямлі і прадаючы на знешнім рынку. Гэта значыць, узровень жыцця ў краіне ніяк не звязаны з наяўнасцю або адсутнасцю прыродных рэсурсаў.
Калі зазірнуць у эканоміку Швецыі ці Швейцарыі, можна выявіць - там зусім няшмат сродкаў паступае ад продажу прыродных рэсурсаў. Напрыклад, у Швейцарыі ўласных прыродных рэсурсаў амаль няма, аднак ёсць экспарт, напрыклад, фармацэўтычнай прадукцыі ў 100 млрд долараў.
Швейцарыя па памеры насельніцтва такая ж краіна, як Беларусь. Толькі ў Беларусі ўвесь экспарт складае менш за 40 млрд долараў, а ў Швейцарыі толькі фармацэўтыка дае 100 млрд долараў.
Якія рэсурсы патрэбны, каб добра рабіць лекі? Відавочна, гэта проста інтэлектуальны патэнцыял - узровень развіцця адукацыі і навукі.
Кныровіч прыводзіць і іншыя прыклады параўнанняў — акрамя эканомікі. Так, у чатырохмільённай Харватыі фактычна ўся футбольная зборная гуляе ў замежных топавых клубах — у «Рэале», «Баварыі», «Тотэнхэме», «Чэлсі» і іншых.
  — Як так атрымліваецца, што ў дзесяцімільённай Беларусі практычна ўся футбольная зборная гуляе ўнутры Беларусі, у лепшым выпадку — у Расіі, ва ўнікальным — у Польшчы, Кіпры. Пры гэтым у чатырохмільённай Харватыі існуе якасная футбольная школа, якая рэгулярна пастаўляе выдатных ігракоў.
Узровень развіцця эканомікі ў Харватыі не нашмат вышэйшы, чым у Беларусі. Гэта не самая паспяховая еўрапейская краіна. Гэта ўсё школа і праца людзей.
Узяць творчасць. Напрыклад, музыку. Кныровіч узгадвае вядомыя музычныя гурты ABBA, Ace of Base, Roxette і Army of Lovers — усе яны родам са Швецыі.
— У Беларусі няма ніводнага такога калектыву, які б ездзіў па ўсім свеце і зарабляў мільёны даляраў. Чаму так адбываецца? Можа быць зноў справа ў нафце і газе?
Адчуванне сябе маленькім і ўбогім, а сваёй краіны — жмутком зямлі, не мае ніякіх аб'ектыўных прычын. Гэта навязанае нам адчуванне, і кропкай, калі гэта адчуванне з'явілася — 1795 год.
Да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай людзі, якія пражывалі на гэтай тэрыторыі і сама тэрыторыя ўваходзілі спачатку ў склад ВКЛ, потым — у склад РП. Потым было XX стагоддзе з патэрналісцкай дзяржавай і поўным адчуваннем, што ад цябе нічога не залежыць, што ўсё вырашаюць наверсе і, у першую чаргу, у Маскве.

І Лукашэнка, як дзіця Савецкага Саюза, прынёс з сабой адчуванне забітасці, убогасці, нікчэмнасці. І спрабуе распаўсюдзіць гэтае адчуванне на ўсіх нас. Давайце гэтае адчуванне пакінем яму.


Мы зусім іншыя. Як мінімум пяць нобелеўскіх лаўрэатаў маюць беларускія карані: Алесь Бяляцкі, Святлана Алексіевіч, Жарэс Алфёраў, Сайман Кузнец, Шымон Перэс.
У нас доўгая і багатая гісторыя, нам не патрэбныя ніякія падпоркі — Расія, Кітай, ЗША. Мы цалкам зладзімся самі. Значна важней — стаўленне да тых талентаў, якія ў нас нараджаюцца. Мы цалкам здольныя пабудаваць дзяржаву, дзе чалавек будзе пачувацца ў бяспецы і рэалізаваным.