Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю ў Магілёве
23 лістпада ў Магілёве адбудзецца публічная лекцыя Мікалая Лявонава «Матэматыка як форма мыслення» цыклу «Urbi et Orbi»
Сучасная навука, сучасныя веды, як правіла, маюць прадметную структуру. Пры гэтым кожны з прадметаў развівае свае спецыфічныя метады, у кожным з іх робяцца свае адкрыцці, дасягненні — можна сказаць, што кожны з іх па-свойму важны. У той жа момант некаторыя прадметы прэтэндуюць на выключны статус. У іх шэрагу і матэматыка, якую К.Ф. Гаус называў каралевай ўсіх навук. Што стаіць за гэтымі прэтэнзіямі матэматыкаў? Прадметны снабізм навукоўцаў, глыбока ангажаваных ў прадмеце, якія узвышаюць свой пункт гледжання або рэальнае напаўненне і сур'ёзныя падставы?
Матэматык, кандыдат фізіка-матэматычных навук Мікалай Мікалаевіч Лявонаў, лектар наступнай публічнай лекцыі ў магілеўскім цыкле «Гораду і Свету» сцвярджае, што матэматыка патрэбная не толькі для таго, каб падлічыць рэшту ў касе і перакласці даляры па актуальным курсе. Матэматыка - гэта, перад усім, логіка і упарадкаванасць. Набор правілаў і функцый, якія робяць мысленне паслядоўным і лагічным. Таму, выкарыстоўваючы нават вельмі простую матэматыку, можна істотна падвысіць якасць разважанняў, прыйсці да больш дакладных высноваў і нават не зрабіцца ахвярай маніпуляцыі. Наколькі валодаем мы гэтым інструмантам мыслення? Наколькі ўмеем карыстацца матэматыкай як формай мыслення? Лектар запрашае убачыць матэматыку «у дзеянні» — ад першапачатковых уменняў карыстацца матэматычнай мовай да больш сур’езных паняццяй, якія, аказваецца, насамрэч не такія ўжо і складаныя
Лекцыя Мікалая Лявонава «Матэматыка як форма мыслення» адбудзецца 23 лістапада ў Магілёўскім Тэхнапарку (вул. ленінская, 63), зала 807. Уваход вольны!
24 лістапада для жадаючых адбудзецца паслялекцыйная сустрэча, на якой больш дэтальна будуць абмяркоўвацца важныя моманты публічнага выступу. Час і месца можна ўдакладніць на суботняй лекцыі ў мадэратара.
Арганізатары лекцыі — Лятучы ўніверсітэт
Запрашаем да прагляду відэаанонсу курсу «Матэматычная «мова» мыслення», які Мікалай Лявонаў плануе прачытаць у 2013–2014 г.г. у межах базавых адукацыйных курсаў Лятучага ўніверсітэта.