Літва можа падаць іск да Беларусі з-за будаўніцтва АЭС, паведаміў літоўскі міністр

Літва разглядае магчымасць выставіць Беларусі судовы іск з-за эканамічных аспектаў і пытанняў бяспекі будаўніцтва Беларускай АЭС пад Астраўцом (Гродзенская вобласць), заявіў 26 жніўня на радыё LRT міністр энергетыкі Літвы Рокас Масюліс.

astravetskaya_aes_yak_yablyk_raz.jpg


«Беларусь будуе з найменшымі выдаткамі, Лукашэнка сказаў, што гэта будзе самая танная АЭС у свеце, — цытуе літоўскага чыноўніка партал навін Delfi. — Яны не будуюць саркафаг, мы мяркуем, што на ёй будуць расійскія сістэмы аховы, не заходнія, што будзе значна таннейшым. Гэта азначае, што існуе несумленная эканомія выдаткаў за кошт бяспекі. Мы пачынаем ўважліва разбірацца з гэтым пытаннем, я ўжо папрасіў юрыстаў даць ацэнку, ці няма тут падставы для справы супраць Беларусі — чыста камерцыйнай справы, справы аб дэмпінгу, аб тым, што будаўніцтва атамнай станцыі вядзецца ва ўмовах несумленнай і вялікай эканоміі выдаткаў».
Літоўскаму інфармагенцтву BNS Масюліс заявіў, што падпарадкаванае яму міністэрства хоча высветліць, ці не парушае Беларусь міжнародныя нормы пры будаўніцтве АЭС. «Мы хочам вывучыць прававыя акты і паглядзець, ці не парушае Беларусь міжнародныя нормы ў плане выдаткаў, канкурэнцыі, і, магчыма, ёсць іншыя элементы, якія мы яшчэ не разумеем. Мы хочам паглядзець на будаўніцтва ў Астраўцы праз прававую прызму, да гэтага часу гэта не рабілася», — растлумачыў міністр.
«Нашу ўвагу прыцягнулі пастаянныя заявы пра таннасць гэтай АЭС, мы хочам паглядзець, ці няма элементаў дэмпінгу. <...> Калі Беларусь пабудуе сваю атамную станцыю, яны могуць несумленна канкураваць з іншымі АЭС», — дадаў чыноўнік.
У чэрвені гэтага года, паведамляе Delfi, літоўскі ўрад зацвердзіў план эмбарга на электраэнергію, выпрацаваную на БелАЭС і шэрагу аб'ектаў іншых краін. Згодна з гэтым дакументам літоўская зона электраэнергетычнай біржы Nord Pool пачне абмяжоўваць імпарт вырабленай на АЭС пад Астраўцом электраэнергіі ў Літву і іншыя краіны Еўрасаюза ў 2018 годзе, калі, як плануецца, будзе запушчаны першы рэактар Беларускай атамнай электрастанцыі.
У ліпені гэтага года на будпляцоўцы АЭС здарыўся інцыдэнт, пра які стала вядома толькі праз два тыдні з паведамленняў у сацсетках і СМІ. 10 ліпеня падчас выпрабавальнай устаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад двух да чатырох метраў. Расійскі бок спачатку паспяшаўся абвергнуць гэтую інфармацыю, але Мінэнерга Беларусі прызнала, што на станцыі была «няштатная сітуацыя». Неўзабаве і прадстаўнікі дзяржкарпарацыі "Расатам" паведамілі, што пры перамяшчэнні корпуса рэактара ён "праслізнуў па стропах і павіс дыяганальна, дакрануўшыся да зямлі".
Пасля гэтага інцыдэнту Літва, якая на працягу апошніх гадоў крытыкуе будаўніцтва АЭС ля сваіх межаў, накіравала Беларусі чарговую ноту і запытала вынікі расследавання падзей. Літоўскія ўлады прапанавалі Мінску стварыць міжнародную камісію экспертаў для аналізу вынікаў гэтага расследавання і давання рэкамендацый, папрасілі актыўнага ўмяшання ЕС у вырашэнне пытання ядзернай бяспекі, важнага для ўсяго рэгіёна, а таксама звярнуліся да кіраўніцтва МАГАТЭ з просьбай удзельнічаць у расследаванні гэтага і іншых інцыдэнтаў, што здарыліся на будоўлі станцыі.
Згодна з рашэннем беларускага боку корпус рэактара будзе заменены.
Беларуская АЭС, якая будуецца пры ўдзеле Расіі пад Астраўцом, за 50 км ад Вільнюса, будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення. Увод у прамысловую эксплуатацыю першага блока БелАЭС запланаваны на 2018 год, другога — на 2020-ты.
Паводле БелаПАН