Літоўцы — разам з аргенцінцамі, чувашам — асобны падворак. Як прайшоў Фестываль культур у Горадні

На выходных цэнтр Горадні акунуўся ў натоўпы людзей — раз на два гады ў каралеўскім горадзе праходзіць Фестываль культур, мэтай якога з’яўляецца «яднанне людзей са ўсяго свету». Сёлета ўдзел у свяце прынялі 36 нацыянальнасцяў, сярод якіх побач сабраліся расійцы, украінцы, яўрэі ды палесцінцы. Сабралі найбольш цікавыя моманты фестывалю!

vokladka_100.jpg

 Што гэта за фестываль?

Раз на два гады ў Горадні праходзіць Фестываль культур, на які запрашаюць прадстаўнікоў нацыянальнасцяў з розных куткоў свету. Кожнаму госцю прадастаўляецца месца на адной з цэнтральных вуліц горада — святочны падворак. У некаторыя з падворкаў змяшчаюць адразу некалькі народаў: да пагаршэння адносін з Еўрасаюзам гэта звычайна былі краіны з аднаго геаграфічнага рэгіёна, аднолькавай групы мовы ці падобнай культурнай прасторы. У падвор’ях удзельнікі могуць спяваць і танчыць, дэманстраваць традыцыі, творчасць, народную кухню, уласныя ўніверсітэцкія і працоўныя праграмы.

Фестываль культур-2024

Фестываль культур-2024

Сёлета на 19 нацыянальных падворках, якія размясціліся ў гістарычнай частцы горада, гучалі народныя песні, музыка, вершы прадстаўнікоў 36 нацыянальнасцяў.

 Хто прыехаў яднацца з Беларуссю ў 2024 годзе?

Фестываль пачынаўся ад гарадзенскай пажарнай каланчы і, праходзячы праз цэнтральныя вуліцы горада, з супрацьлеглага боку заканчваўся ля абласнога выканкама. Прыкладна такім жа чынам размяркоўвалася адэкватнасць мерапрыемства — ад даволі аўтэнтычных і забаўных гасцей да беларускага падворка, дзе спявалі расійскі поп пад нагамі дзядулі Леніна.

Але пачнем са станоўчага!

Першай нацыянальнасцю на вуліцы Замкавай сталі габрэі: іх падворак размясціўся побач з Вялікай харальнай сінагогай, на месцы былога яўрэйскага гета. Як для святочнага фестывалю, лакацыя, дзе загінулі па меншай меры 20 тысяч габрэяў, канешне трохі сумнеўная, але ў існуючых умовах скардзіцца не прыходзіцца. Нягледзячы на прапалесцінскую рыторыку рэжыму, уздоўж падворка развівалася шмат сцягоў Ізраіля.

Яўрэйскі падворак

Яўрэйскі падворак

А вось ці выпадкова атрымалася так, што Ізраіль разам з «недружалюбнымі» нацыянальнасцямі былі ссунутыя на самы ўскраек мапы, як мага далей ад асноўнага натоўпу людей, застанецца сакрэтам.

 Побач з яўрэямі размясціліся малдоўцы — каралі свята, што палка спявалі гарачыя малдоўскія песні ў нацыянальным строі.

«Выступленне ў стылі “Я так адчуваю”. Далей можна не ісці, астатнія проста пастаяць у старонцы», — адзначае малады чалавек з натоўпу. У параўнанні з іншымі еўрапейскімі народамі, малдоўцам прадаставілі даволі шырокую прастору.

Малдоўскі падворак 

Малдоўскі падворак 

А вось літоўцаў, эстонцаў, італьянцаў, немцаў і аргенцінцаў змясцілі ў адзін цесны падворак — іншыя тлумачэнні для крытэрыяў падбору нацыянальнасцяў акрамя «недражалюбнасці» і «заходнасці» існуюць наўрад ці. Асабліва недарэчна гэта выглядала на фоне расійскіх чувашаў, якім сёлета прадаставілі асобны падворак. У той жа час, найбліжэйшы сусед з адлегласцю ў 21 кіламетр ад месца правядзення фестывалю атрымлівае два маленькія столікі побач з аргенцінцамі.

Колькасць жадаючых прыехаць у Беларусь з гэтых краін была не вельмі вялікай, ды і разабрацца, хто з іх «сапраўдны», а хто «фэйкавы беларускі» на практыцы няпроста. Але літоўцы дакладна былі сапраўдныя — з грэнкамі і пончыкамі! Разам з імі на фэст прыйшлі дзяўчаты-беларускі, якія скончылі школу з літоўскай мовай навучання.

Літоўцы ў агульным падворку заходніх нацыянальнасцяў

Літоўцы ў агульным падворку заходніх нацыянальнасцяў

Прадстаўнікі кожнай з нацыянальнасцяў па чарзе выконвалі народныя песні, але малдоўцы ўсё адно паказвалі, хто на фестывалю галоўны!

Палякі атрымалі даволі вялікі падворак на адкрытай прасторы за Савецкай плошчай. На асабістае вока, гэта быў адзін з найбольш запоўненых падворкаў, але акрамя спеваў і танцаў нічога цікавага ў польскім кавалачку не адбывалася.

 Расійцаў падзялілі на тры падворкі: першы адданы так званым «рускім», другі — чувашам, трэці — татарам, башкірам, мардвінам, буратам і дагестанцам. З улікам таго, што ні свету, ні расійцам невядома, дзе праходзіць мяжа паміж расійскай і «рускай» культурай, а таксама што азначае гэты прыметнік, у «рускім» падворку адбываўся татальны трэш з трыкалорам, матрошкамі, какошнікамі і касцюмамі данскіх казачкоў.

«Рускі» падворак

«Рускі» падворак

Калі адкінуць агрэсію, з пункту гледжання аўтэнтычнасці праграмы падворак цюркскіх народаў Расіі быў адным з лідараў на сёлетнім фестывалі. Татары, башкіры і іншыя нацыянальнасці спявалі песні выключна на роднай мове, у нацыянальным строі, без трыкалораў. 

Татары падчас цырымоніі адкрыцця фестывалю

Татары падчас цырымоніі адкрыцця фестывалю

Літаральна ў 50 метрах ад «рускага» падворка, дзе адпачывалі выпіўшыя маргіналы з расійскімі сцягамі, знаходзілася «Українське подвір'я» — з украінскай мовай і нават жоўта-блакітнымі паветранымі шарыкамі. У экспазіцыі былі прадстаўлены ручнікі і вышыванкі Мінскага аб'ядання ўкраінцаў «Заповіт», побач разлівалі ўкраінскі боршч і намазвалі селядзец з гарэлкай. Не абышлося без казакоў у выдуманых вобразах з шараварамі і каляровым адзеннем, але зноў жа, у бягучых умовах для наведвальнікаў і такое стала шокам.

Падворак украінцаў

Падворак украінцаў

Тым жа самым адзначыўся грэцкі падворак, да якога замест грэкаў даехалі толькі дзіцячыя касцюмы з «Астэрыкса і Абелікса».

 Па-за межамі агароджанай тэрыторыі размяшчаўся падворак палесцінцаў, егіпцянаў, камерунцаў і нігерыйцаў. На сцэне віселі дзясяткі сцягоў часткова прызнанай Палесціны, плакаты «ПАЛЕСЦІНА — СВЯТАЯ ЗЯМЛЯ», «Ерусалім — сталіца Палесціны», спяваліся палесцінскія песні.

Падворак палесцінцаў, егіпцянаў, камерунцаў і нігерыйцаў

Падворак палесцінцаў, егіпцянаў, камерунцаў і нігерыйцаў

Момант, які дужа павесяліў наведвальнікаў — адсутнасць ромаў у падворку ромаў. Замест іх расійскі шансон выконвалі беларусы, апранутыя ў нейкія лахманы. Тая ж сітуацыя нечакана адбылася ў падворку кітайцаў, манголаў і карэйцаў, не было таксама індыйцаў і ланкійцаў. Падворак казахаў, туркменаў, узбекаў, афганцаў і пакістанцаў атрымаўся даволі годным.

Няма сумневаў, што рэальная мэта фестывалю — замаскіраваць рэжым пад сусветнага міратворца.

«А вось у нас тут побач сябруюць расійцы і ўкраінцы, ізраільцяне і палесцінцы, бо Кот Леапольд усіх замірыў». У рэальнасці ўсе вакол разумеюць, што пад гэтай мірнай беласнежнай скурай хаваецца шэры воўк, таму шматлікіх чэргаў з замежнікаў рэжым чакана ўбачыць не змог.

Расіянка на Фестывалю культур-2023

Расіянка на Фестывалю культур-2023