«Ліхія 90-я» вяртаюцца?

Ажыятаж на валютным рынку… Шмат курсаў валют… Чэргі на набыццё долараў… Тое, што прадказваў раней эканаміст Сяргей Чалы, ужо з’явілася — бабулькі каля абменных пунктаў скупляюць валюту па вышэйшым курсе. Ужо і мае знаёмыя сутыкнуліся з «шэрымі курсамі» валют.



f016f25df05b5b1bc2b8ec0f72d5120c.jpg

Ажыятаж на валютным рынку… Шмат курсаў валют… Чэргі на набыццё долараў… Тое, што прадказваў раней эканаміст Сяргей Чалы, ужо з’явілася — бабулькі каля абменных пунктаў скупляюць валюту па вышэйшым курсе. Ужо і мае знаёмыя сутыкнуліся з «шэрымі курсамі» валют.
Хто ж вінаваты ў такой сітуацыі? Арыгінальную версію, як заўсёды, прапанаваў беларускі правадыр Аляксандр Лукашэнка. Па ягоным меркаванні, ажыятаж на валютным рынку пройдзе пасля павышэння мытных пошлін на аўтамабілі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 5 красавіка падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць, фрагменты якой былі паказаныя па Першым канале Беларускага тэлебачання.
«Вядома, нас вельмі моцна падкасіў ажыятаж з аўтамабілямі. Мы паглядзелі — там больш як мільярд. Былі нават прапановы ўвесці зараз гэтую пошліну. Але гэта ўдар па людзях, навошта ж ужо сваіх людзей давіць? Вытрымаем мы гэта, няхай людзі купяць сабе машыну якую хочуць, заменяць, калі трэба», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, урад працуе над вырашэннем валютнага пытання. «Але шчыра: валюта ёсць — ідзі купляй, прадавай, няма валюты — з засекаў мы больш браць не будзем, золатавалютны рэзерв — гэта святое. Мы павінны яго папаўняць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Праз некалькі месяцаў сітуацыя супакоіцца, і людзі, наадварот, будуць мяняць валюту на беларускія рублі, мяркуе Лукашэнка.
Во, аказваецца, як! Беларусы масава скупляюць валюту для таго, каб набыць замежныя аўто! Таму валюты і не хапае! А не з-за таго, што адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі, паводле даных гандлёвага балансу, за студзень — люты 2011 года склала 1 мільярд 967,3 мільёна долараў. Варта нагадаць, што за такі ж леташні перыяд гэты паказчык складаў 468 мільёнаў долараў.
У сакавіку аб’ём золатавалютных рэзерваў Беларусі па стандартах МВФ знізіўся на 262,3 мільёна долараў ЗША і, паводле папярэдніх звестак, на 1 красавіка 2011 года склаў 3 мільярда 761,3 мільёна долараў супраць 5 мільярдаў 30,7 мільёна долараў на пачатак года.
Такім чынам, у параўнанні з пачаткам 2011 года аб’ём ЗВР Беларусі скараціўся на 1 мільярд 270 мільёнаў долараў, або на 25%. Як кажуць у Нацыянальным банку, асноўнай прычынай зніжэння аб’ёму золатавалютных рэзерваў у сакавіку стаў высокі попыт на замежную валюту з боку насельніцтва.
Ёсць яшчэ адна фішка ў гэтым пытанні. Канцэрн «Белнафтахім» афіцыйна паведаміў пра павышэнне з 31 сакавіка ў сярэднім на 10% рознічных цэн на нафтапрадукты. Рознічная цана за 1 літр складае: бензін Нармаль–80 — 3 150 рублёў (была 2 850; рост на 10,5%), бензін Аі–92 — 3 300 рублёў (3 000; +10%), бензін Аі–95 — 3 750 (3 400; +10,3%), бензін Аі–95–Еўра — 3 750 (3 400; +10,3%), дызельнае паліва — 3 150 рублёў (2 850; +10,5%). Цэны павялічаныя «для павышэння эфектыўнасці працы нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў і ў мэтах абароны ўнутранага рынку».
Вось так. Атрымліваецца, што грамадзяне скупаюць валюту, каб набыць «нерэнтабельныя» аўтамабілі, кошт на паліва для якіх усё даражэе і даражэе. Чаму так адбываецца? Хіба беларусы такія дурныя, каб набываць аўтамабілі сабе ў шкоду? Няма веры такім версіям.
Падаражэў таксама і праезд у грамадскім транспарце — да 850 рублёў.
Але што нам, кабанам? У нас значна большыя праблемы. Аляксандр Лукашэнка апасаецца «адраджэння дактрыны аднапалярнага свету». Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 4 красавіка падчас уручэння яму даверчых грамат пасламі шэрагу краін.
«Зараз паміж дзяржавамі ўзрастае канкурэнцыя за доступ да рэсурсаў, перспектыўных рынкаў збыту. На вялікі жаль, гэтае саперніцтва набывае часам надзвычай жорсткі характар, аж да адраджэння дактрыны аднапалярнага свету і вяртання да права моцнага дыктаваць усім сваю волю і ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў», — сказаў Лукашэнка ў рэпартажы на БТ.
«Для многіх дзяржаў, як і для нас, гэта не пусты гук, а праяўленне санкцый, шантажу, ціску з боку звышдзяржаў, — сказаў беларускі кіраўнік. — Таму Беларусь паслядоўна выступае за прынцыпы справядлівасці і раўнапраўнай уцягнутасці ўсіх дзяржаў, незалежна ад іх маштабаў, у прыняцце ключавых рашэнняў міжнароднага парадку дня і ўліку іх інтарэсаў».
Канешне, аднапалярны свет для нас значна больш важны, чым дабрабыт сваіх грамадзян! «Доступ да рэсурсаў», якіх у Беларусі няма, — ні газа, ні нафты, адзінае — лес. У выніку — дровы. Хто будзе змагацца за дровы? Можа, не трэба лезці ў міжнародныя разборкі са сваімі пяццю капейкамі, калі мы з гэтага нічога не маем? «Прынцыпы справядлівасці» тады моцныя, калі сам можаш быць моцным. А ў нас моцы няма. Самі разлічваем на крэдыты: Расіі, ЗША, Еўрасаюза. Дзяржава моцная, калі моцныя яе грамадзяне. Калі яны не стаяць у чэргах па замежную валюту.
І яшчэ. У мінулых матэрыялах я пісаў з запытам: «Хто яшчэ пападзе пад дыскрэдытацыю Беларусі?» Тыдня не прайшло — папалі.
6 красавіка «Комсомольская правда» апублікавала матэрыял пра тое, што арміі Муамара Кадафі нібыта дапамагаюць грамадзяне Беларусі. Пры гэтым падкрэслівалася, што ні расійскіх, ні ўкраінскіх ваенных у Лівіі няма.
Паводле звестак выдання, кантынгент беларускіх ваенных дарадцаў у Лівіі дасягаў да пачатку ваенных дзеянняў 500 чалавек. «Частка з іх, у асноўным высокапастаўленыя ваенныя, былі эвакуяваныя з Лівіі на самалётах у Мінск», — напісала «КП» са спасылкай на дарадцу пасольства Беларусі ў Трыпалі Георгія Грамыку.
Выданне таксама цытуе крыніцу ў штабе Міністэрства абароны Беларусі, паводле слоў якога «практыка адпраўлення ваенных спяцоў у Лівію існуе даўно». «Частка з іх займаюцца эксплуатацыяй ваеннай тэхнікі, многія выконваюць абавязкі дарадцаў камандзіраў лівійскіх воінскіх часцей. Прысутнічаюць у краіне і супрацоўнікі беларускага ГРУ. Большай часткай гэта афіцэры былога 334-га атрада спецназа, дыслакаванага ў Мар’інай Горцы пад Мінскам. Але ўсе яны заключалі індывідуальныя кантракты з лівійскімі ўладамі і атрымлівалі фінансаванне менавіта ад іх», — гаворыцца ў артыкуле.
Мінабароны патрапіць пад раздачу? Хаця і называе інфармацыю ў «КП» фальсіфікацыяй і правакацыяй.