Крыніцы: У Высокім пасля абмеркавання праекта Канстытуцыі затрымалі мужчыну
Верагодна, адбылося другое затрыманне, звязанае з абмеркаваннем праекта Канстытуцыі. Крыніца «Еўрарадыё» піша, што пасля «дыялогу» на прадпрыемстве «Высокаўскае ДРСУ-137» у горадзе Высокае ў пятніцу, 21 студзеня, затрыманы мясцовы жыхар Андрэй Дубіна.
Сведкі затрымання кажуць, што ён выказаў прапанову: каб у
выбарах забаранілі ўдзельнічаць вусатым і лысым. Верагодна, супраць мужчыны
будзе пачатая справа за абразу Лукашэнкі.
19 студзеня ў Высокім сапраўды абмяркоўвалі праект зменаў у
Канстытуцыю. Але, на жаль, няма магчымасці
дадаткова пацвердзіць інфармацыю пра затрыманне праз свае крыніцы.
14 студзеня пасля ліста пра папраўкі ў Канстытуцыю,
адпраўленага ў раённую газету «Маяк», затрымалі пенсіянера Мікалая
Віцікава. «…чалавек называе дзейны дзяржаўны лад «лукашызмам»,
прыхільнікаў улады — «ябацькамі», дзеянні праваахоўных органаў «зверствамі АМАПаўскіх вылюдкаў», — пералічалі «злачынствы» пенсіянера ў выданні. Цяпер Віцікаў у СІЗА.
Дарэчы, новая рэдакцыя Канстытуцыі сапраўды ўтрымлівае некалькі новых забаронаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата. Узрост будучага прэзідэнта падымаецца да 40 гадоў. Непасрэдна перад выбарамі ён 20 гадоў мусіць пражыць у Беларусі. А таксама ён цягам жыцця не мусіць атрымліваць грамадзянства ці віду на жыхарства іншай краіны.