Крыніцы: На Беларускай чыгунцы звольнілі двух топ-менеджараў

Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў паведаміла пра чарговыя гучныя звальненні на БЧ. На гэты раз звольнілі кіраўніка службы грузавой працы і знешнеэканамічнай дзейнасці Аляксандра Неўмяржыцкага (тэлеграфны і службовы індэкс службы — М), а таксама намесніка начальніка службы лакаматыўнай гаспадаркі Уладзіслава Дзмітрачэнку.

76616459_1740535952738032_4631245514241736704_n_sdckx_.jpg

Паведамляецца, што Дзмітрачэнка курыраваў такія напрамкі дзейнасці службы, як мадэрнізацыя лакаматыўнага парка і маторвагоннага рухомага саставу (МВПС), кантроль за яго тэхнічным станам, укараненне рацыянальнай сістэмы тэхнічнага абслугоўвання і рамонту, распрацоўка і кантроль за выкананнем планаў рамонту, мерапрыемстваў па паляпшэнні ўтрымання цягавага рухомага саставу, стварэнне баз і арганізацыя капітальнага і дэпоўскага рамонту лакаматываў і МВПС усіх серый ва ўмовах лакаматыўных дэпо, вырашэнне пытанняў падаўжэння тэрмінаў службы і мадэрнізацыі рухомага саставу, яго абнаўленне.

Паводле крыніц супольнасці чыгуначнікаў, Дзмітрачэнку фармальна звольнілі за прагул — скасавалі кантракт за адсутнасць на працы больш трох гадзін на працягу працоўнага дня без паважных прычын.

Адзначаецца, што Уладзіслаў Дзмітрачэнка доўгі час адпрацаваў ва ўпраўленні Беларускай чыгункі (больш за 20 гадоў) і раней не дапускаў выпадкаў парушэння працоўнай дысцыпліны.

Абставіны звальнення Неўмяржыцкага супольнасці чыгуначнікаў дакладна невядомыя. Але яны нагадваюць, што на пасяджэнні тэхніка-эканамічнай рады БЧ, якое адбылося 27 студзеня 2023 года і было прысвечана падвядзенню вынікаў працы чыгункі ў 2022 годзе, намеснік прэм’ер-міністра Сівак жорстка крытыкаваў слабую актыўнасць БЧ у галіне працы з кліентамі і пошуку дадатковых аб’ёмаў перавозак. А гэта якраз адказнасць Неўмяржыцкага і службы, якую ён узначальваў.

За апошнія тры месяцы ў службе М звольнілі трох асноўных кіраўнікоў, пакінуўшы яе без «галавы». У лістападзе 2022 года быў звольнены першы намеснік начальніка службы Аляксандр Яўсюк, у снежні — намеснік начальніка службы Дзмітрый Падсасонны.

«У актыве службы засталіся яшчэ два намеснікі-начальнікі аддзелаў (сумешчаныя пасады). Аднак гэта не асноўныя фігуры, бо першы намеснік адказвае за планаванне, лагістыку і аб'ёмы перавозак, а другі намеснік — за нарматыўнае рэгуляванне і захаванасць грузавых перавозак. Разам гэта асноватворныя напрамкі грузавых перавозак, якія ахопліваюць каля 80% усіх функцый службы М», — паведамляе супольнасць чыгуначнікаў.

Паводле ях ацэнак, у сферы грузавых перавозак на ўсёй БЧ засталося толькі некалькі сапраўдных спецыялістаў, якім пад сілу эфектыўна развіваць гэтую дзейнасць. Аднак большая частка з іх, у тым ліку ў самой службе М, з'яўляюцца непажаданымі вышэйстаячым «босам», а некаторыя яшчэ і «нядобранадзейныя» для ўлады ў краіне.