Пасля закрыцця Баброўнікаў перавозчыкі паднялі цэны за праезд у Польшчу

Павысілі кошты не ўсе перавозчыкі, але ў некаторых праезд у Польшчу падаражэў на 20 рублёў, паведамляе «Ганцавіцкі час».

_daroha___bezljudz___szasza__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Больш за ўсё закрыццё пункта пропуску ў Баброўніках адбілася на гродзенцах. За паездку ў Беласток на маршрутцы цяпер трэба аддаць на 20 рублёў болей. А некаторыя жыхары Гродна наогул плануюць адмовіцца ад камерцыйных паездак у Польшчу.

Пасля закрыцця Баброўнікаў 13 лютага 2023 года «Мінсктранс» абвясціў, што з пачатку вясны аўтобусы кампаніі будуць ездзіць у Вільню і Варшаву кожны дзень. А як ідуць справы ў маршрутчыкаў, прыватных пасажыраперавозчыкаў?

З Гродна ў Беласток — праз Літву і даражэй

Журналісты спыталі ў кампаніі з Гродна, якая адпраўляе маршруткі ў Беласток, як зменіцца іх праца пасля закрыцця памежнага перахода Баброўнікі — Бераставіца. Суразмоўцы распавялі, што месца ў маршрутцы падаражэла з 60 да 80 рублёў.

У кампаніі кажуць, што нягледзячы на гэта маршрут пакуль не закрываюць: «Пакуль спрабуем. Едзем праз Літву туды і назад. Учора выехалі першы раз у 20 вечара. Сёння ў 4 былі ў літоўцаў. А колькі яны будуць трымаць — пытанне. Яны ў агульнай чарзе там у літоўцаў, што легкавыя, што маршрутныя. Там агульная чарга, няма падзелу, як у палякаў».

Гарадзенскія перавозчыкі кажуць, што натуральна павялічыўся і час паездкі: «Па часе дарога стала больш. Але пакуль вам ніхто не скажа, толькі паехалі».

Спыталі, ці не прасцей ездзіць праз польскую мяжу ў Берасці. Але, кажуць, маршрут менш выгадны: «Праз Брэст не ездзім, гэта далёка. І там сваіх хапае ў Брэсце».

Маршрутчык з Берасцейшчыны: гарадзенцы паедуць праз Літву

У Беласток на маршрутным транспарце ездзілі і жыхары Брэсцкай вобласці. Пагутарылі з маршрутчыкам з Белаазёрска.

«Раней ездзіў і праз Баброўнікі, і праз Пясчатку, як толькі не ездзіў. Калі ўсё працавала. Але цяпер працуе толькі Варшаўка (Брэст). Апошні раз у суботу ездзіў. А на выхадныя заўсёды больш народу», — кажа мужчына.

Кіроўца мяркуе, што закрыццё Баброўнікаў хутчэй адаб'ецца на літоўскіх пунктах пропуску.

«Гарадзенцы хутчэй за ўсё паедуць праз Літву. А аўтобусы могуць памяняць маршрут і на Варшаўку. Цяжка яшчэ казаць, мала часу прайшло», — распавядае суразмоўца.

Перавозчык з Белаазёрска распавёў, што пакуль не бачыць сэнсу мяняць кошт праезду. Яго маршрут праз Брэст не змяніўся.

«У гэтыя выхадныя ездзіў у Беласток. Бачыў, што мінскі бус праз Літву ехаў. А рэйсавым аўтобусам складаней. Ім каб праз Варшаўку ехаць, трэба перапісаць расклад, атрымаць дазвол з «Мінтранса», узгадніць з польскім бокам. Але цяжка пакуль сказаць, закрыццё Баброўнікаў толькі ў пятніцу адбылося, ніхто яшчэ толкам не ведае», — падсумаваў кіроўца.

Нагадаем, пункт пераходу ў Баброўніках польскія ўлады зачынілі ў адказ на палітычны прысуд польскаму журналісту Андрэю Пачобуту. Палітвязня паводле надуманых абвінавачванняў асудзілі на восем гадоў калоніі. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, пра сутнасць справы нічога невядома.