Кранальная гісторыя дзяўчынкі, якая патрапіла на фота са Святланай Ціханоўскай у Вашынгтоне
Дзяўчынка ў інвалідным вазку, якая трапіла на фота падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з беларускай дыяспарай у Вашынгтоне, пакутуе СМА. Яе гісторыю распавяла на сваёй старонцы ў Facebook журналістка Алена Шчарбінская. Яна ведае сям'ю дзяўчынкі.
«Дзяўчынка ў крэсле — дачка майго аднакласніка,
беларуска Вера Званько, якую (не)наш Мінздраў кульнуў з лячэннем СМА (не яе
адну, вядома). З фармулёўкай «немэтазгодна», — піша Шчарбінская.
Тры гады таму сям'я Веры пераехала ў ЗША. Тут дзяўчынка
атрымала неабходнае лячэнне.
«Мама Веры кажа аб бясконцай і складанай працы. Аб тым,
як зусім не проста ўсёй сям'і. І ўсё б, напэўна, магло быць па-іншаму»,
калі б тэрапія была даступная раней, распавядае Алена. Таму што дзеці з СМА,
якія атрымалі лячэнне адразу пасля нараджэння, вонкава нічым не адрозніваюцца
ад аднагодкаў.
Дзяўчынка ўжо «стаіць на нагах, робіць нясмелыя крокі і
яшчэ ўсялякія штукі, якія ва ўмовах беларускай сістэмы нават уявіць складана.
Яшчэ мне складана ўявіць, што было б з ёй, калі б яе тры гады таму не звезлі з
Беларусі», — піша Алена Шчарбінская.
З дыяспарай Святлана Ціханоўская бачылася ў нядзелю.
Напярэдадні прайшла яе сустрэча ў дзярждэпартаменце ЗША, яна размаўляла з
дзяржсакратаром Энтані Блінкенам і яго калегамі каля гадзіны. Сёння
запланаваныя яе сустрэчы з дарадцам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы
Джэйкам Саліванам і ў Сенаце.
Паводле «Еўрарадыё».