Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу — версія Мінгарвыканкама
Выдаткі на зборы дзіця ў школу ў Мінску летам 2018 года складуць ад 202 да 890 рублёў. Кошт збораў будзе залежаць ад паўнаты камплекту і ўзросту вучня.
Пра гэта паведаміла 25 ліпеня прадстаўнік галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Святлана Шыцікава.
У камплект уваходзяць швейныя і трыкатажныя вырабы, абутак і школьныя прылады, сабраць у школу вучня малодшых класаў абыдзецца ў 202–750 рублёў, старшакласніка — 235–890 рублёў, удакладніла чыноўніца. Па яе словах, у параўнанні з мінулым годам кошт экіпіроўкі застаўся ранейшым, перадае БелТА.
Шырокі асартымент тавараў да школы прадстаўлены ў 54 буйных крамах сталіцы, усяго школьныя тавары можна набыць у 410 крамах Мінска. На канец ліпеня — жнівень запланаваныя выставы-продажы школьных тавараў, у тым ліку са зніжкамі, праінфармавала Святлана Шыцікава, а 18–19 жніўня на пляцоўцы каля Палаца спорту будуць арганізаваны два кірмашы школьных тавараў.