Гісторыі людзей, чые магілы зруйнавалі на Вайсковых могілках

Нягледзячы на пратэсты грамадскасці, працягваецца "добраўпарадкаванне" на Вайсковых могілках у Мінску. Каштоўныя гістарычныя агароджы і надмагіллі мяняюць на аднолькавыя безгустоўныя падгалоўнікі з мармуровай крошкі. Радыё Свабода сабрала гісторыі людзей, магілы блізкіх якіх былі зруйнаваны.

Яўгенія ля месца, дзе была магіла сястры

Яўгенія ля месца, дзе была магіла сястры

Вера Басава, 1930–1935


У канцы 20-х сям’я Басавых, Пётра і Марыя, пераехала ў Мінск з вёскі Прылепы (недалёка ад Кургана Славы). Пётра Басаў быў вядомым шаўцом, працаваў у Оперным тэатры. Ягоная жонка Марыя займалася хатняй гаспадаркай, даглядала дзяцей (у Басавых іх было трое). Вера нарадзілася неўзабаве пасля пераезду, аднак пражыла ўсяго пяць гадоў. Дзяўчынка трагічна загінула, абварыўшыся кіпнем. Праз тры гады пасля смерці малодшай дачкі ў Басавых нарадзілася Яўгенія.
Сям’я перажыла вайну і акупацыю. На Вайсковых могілках, акрамя Веры, пахавалі яе прадзеда і прабабку. Усе тры магілы Басавы пастаянна даглядалі. На месцы пахавання пяцігадовай Веры апошні раз былі 9 траўня. Яны кажуць, што ніякіх папераджальных шыльдаў пра магчымы знос не было, над магілай раслі жывыя кветкі.
«Мы збіраліся тут на могілках усёй сям’ёй. Вялікая была сям’я, у маці было шмат сясцёр. На Радаўніцу мы заўсёды тут былі, — кажа Яўгенія Рудзіна, сястра Веры Басавай. — Але і акрамя Радаўніцы бывалі. Як ідзеш побач, то і зойдзеш. Мая маці пастаянна сюды хадзіла. Перад смерцю прасіла, каб мы не кідалі магілаў. Магілку, крыж — усё асвяцілі. На Радаўніцу заўсёды невялікія грошы давалі бацюшку, і ён хадзіў асвячаў».
Яўгеніі ўжо 80 гадоў, аднак на Вайсковыя могілкі яна прыяжджала рэгулярна. Апошні візіт сюды стаў для яе сапраўднай трагедыяй.
«На магілу да Верачкі я прыехала акурат у дзень смерці мужа. Дачка крыху спазнілася, то я сама пайшла да магілкі, — расказвае жанчына. — Падышла збоку, а магілы няма. Пачала крычаць. Прыбеглі нейкія хлопцы, пыталіся, што са мной. Расказала, што няма маёй магілкі, сястрычкі маёй няма. Хлопцы нешта мне гаварылі, але я апамятацца не магла. Потым ужо мы міліцыю выклікалі... Мы ж стараліся, каб заўсёды магіла была дагледжаная, кветкі тут заўсёды былі».

Захар Негін 1879–1936, Марыя Негіна 1922–1943, Ганна Негіна 1921–1993

Марына Негіна ля месца пахавання сваіх родных

Марына Негіна ля месца пахавання сваіх родных


Сям’я Негіных пераехала ў Мінск з-пад Шацку ў другой палове ХІХ стагоддзя. Захар Негін працаваў ветэрынарам. Быў бацькам трох дачок і двух сыноў. Пахаваная побач з бацькам Марыя Негіна загінула ў 1943 годзе падчас замаху на Вільгельма Кубэ. Яна была ў тэатры, дзе выбухнула закладзеная падпольшчыкамі бомба. У 1993 годзе памерла другая дачка Захара Негіна, Ганна. Яна ўсё жыццё працавала машыністкай у адным са сталічных выдавецтваў. Родныя вырашылі пахаваць яе побач з сястрой і бацькам. Дзеля гэтага замест старых крыжоў замовілі аднолькавыя надмагіллі для ўсіх трох пахаванняў. Агароджа засталася старая, даваенная.
«5 чэрвеня гэта было, — расказвае ўнучка Захара Негіна Марына. — Я гэтую дату запомню надоўга. Працую недалёка ад Вайсковых могілак і кожны дзень праходжу тут альбо праяжджаю. Будаўнічыя работы пачаліся тут даўно, я на працы чула гукі, таму нічога не западозрыла. А калі ўвечары 5 чэрвеня ішла побач, то ўбачыла, што тут дрэвы пілуюць верхалазы. Проста на вышыні пілуюць, а кавалкі падаюць адтуль уніз. І мне з вуліцы падалося, што гэтыя бярвенні ляжаць на нашых магілах. Кінулася сюды, убачыла, што агароджы на магіле няма ўжо. Цяпер дакараю сябе, што не зайшла на могілкі ў абед. Магчыма, яшчэ нешта можна было б зрабіць».
Марына спрабавала высветліць, што стала з агароджай з магілаў яе дзеда і цётак. Рабочыя адказалі, што агароджу з Вайсковых адвозяць у Гатава і здаюць на мэталалом.
«На наступны дзень мы пазванілі ў КБА, паехалі на сустрэчу з намеснікам кіраўніка Турам, — працягвае Марына Негіна. — Расказалі яму, што ў нас не толькі нармальная дагледжаная агароджа была, але і шыльды з папярэджаннем аб магчымым зносе на яе ніхто ня вешаў. На гэта Тур нам адказаў, што ў канцы траўня на могілках была камісія, якая вырашыла ўсё знесці. Пытаюся: а дзе была інфармацыя пра гэта? Тур адказаў, што 24–25 траўня яны пра гэта напісалі на сайце Мінгарвыканкаму. Але адкуль жа я магла ведаць, што трэба заходзіць на гэты сайт?»
Цяпер Марына Негіна далучылася да валанцёраў, якія спрабуюць добраўпарадкаваць прызначаныя да зносу месцы пахаванняў. Прыходзіць на Вайсковыя могілкі сама, дапамагае актывістам з матэрыяламі. І чакае адказу з пракуратуры, дзе спрабуе абскардзіць дзеянні спецкамбінату і Мінгарвыканкаму. Новую агароджу на магілу родных Негіны ставіць не будуць, але абяцаюць, што помнік будзе адрозьнівацца ад аднатыпных надгалоўнікаў спэцкамбінату.

Іосіф Карніцкі 1876–1940

Аліна Стэфановіч ля магілы прапрадзеда, прызначанай для дэмантажу

Аліна Стэфановіч ля магілы прапрадзеда, прызначанай для дэмантажу


У сям’і пра Іосіфа ведаюць мала. Жыў на вуліцы Кірава ў доме нумар 8. Быў чыгуначнікам, з гэтай прычыны мусіў змяніць імя Юзаф на больш «ідэалагічна правільнае» Іосіф. З тае ж прычыны над магілай стаіць праваслаўны крыж. Пасля смерці Іосіфа Карніцкага яго магілу доўгі час даглядаў унук Леў Валахановіч, інвалід вайны. Ён меў своеасаблівы рытуал: прыходзіў на Вайсковыя могілкі 9 траўня і пакідаў на магіле дзеда ўсе кветкі, якія яму дарылі як вэтэрану. Пасля смерці Льва Балахановіча магілу разам з іншымі роднымі даглядае прапраўнучка Аліна Стэфановіч.
«Для мяне гэтая магіла — своеасаблівы пункт нумар зэро, — кажа Аліна. — Я жыла ў розных месцах Мінску, у розных раёнах. У людзей бывае родная вёска, родная хата. А для мяне пункт адліку — гэтае пахаванне. Для мяне важна захаваць і такі выгляд гэтай магілы, і менавіта такі крыж. Я не хачу ставіць надгалоўнічак. Таму што гэта важна як памяць. Гэта ўсё ставілі мае продкі, ставілі менавіта такім чынам».
Спецкамбінат мае іншую думку. Родных Іосіфа Карніцкага паінфармавалі, што пасля 4 ліпеня ў любы дзень пахаванне яе прапрадзеда можа быць зруйнаванае. Уладам не падабаецца ні выгляд агароджы, ні крыжа, ні нават дрэва, якое стаіць побач. Усё гэта могуць знішчыць фактычна ў любы момант, пакінуўшы на месцы пахавання чыгуначніка Іосіфа Карніцкага стандартны надгалоўнік.
«Сказалі, што агароджа будзе знесеная ў любым выпадку, — расказвае Аліна. — Надмагілле могуць захаваць, калі я яго аднаўлю. Але як яго яшчэ аднавіць? Мне здаецца, што яно ў нармальным стане. Пішам лісты цяпер. Адказ ад спецкамбінату атрымалі. Напісалі скаргу ў Мінгарвыканкам. Чакаем. Калі адказ будзе адмоўны, то падамо ў суд. Гэта прыватная ўласнасць, і мы супраць таго, каб яе руйнавалі і некуды вывозілі. Я хачу менавіта такі крыж на магіле прапрадзеда. Чаму нехта мае права прымусіць мяне штосьці рабіць з ім? Я не лічу, што гэтае новае — чысьценькае, калгаснае, „пад лінеечку“ — будзе нечым лепшым».
Аліна спадзяецца, што дзеянні валанцёраў змогуць спыніць добраўпарадкаванне і магілу яе прапрадзеда пакінуць у цяперашнім выглядзе. Аднак ніякай гарантыі няма.

Іосіф Матусевіч 1890–1934

Ірына Маркевіч ля магілы дзеда

Ірына Маркевіч ля магілы дзеда

Нарадзіўся на Лагойшчыне. У грамадзянскую вайну служыў на тэрыторыі Украіны. Затым пасяліўся ў Мінску, ажаніўся. Сям’я Матусевічаў жыла на вуліцы Янкі Купалы, недалёка ад колішняга выставачнага комплексу. Меў траіх дзяцей. Працаваў шаўцом. Унучка дагэтуль захоўвае пару абутку, зробленую дзедам. Памёр у 44 гады ад язвы страўніка.
«Там напісана „добраўпарадкаванне“. Але добраўпарадкаванне — гэта ж, у маім разуменні, не знос помнікаў, — кажа ўнучка Іосіфа Матусевіча Ірына Маркевіч. — Гэта дарожкі пракласці, кусты падстрыгчы. Тэрыторыю вакольную пачысціць. Каб яны пра рэканструкцыю гаварылі, мы б актывізаваліся, ведалі б, як сябе паводзіць. Нам яны таксама на агароджу павесілі шыльду з інфармацыяй пра неабходнасць навесці парадак. Мы навялі. Я ў 2016 годзе яшчэ з кіраўніцтвам могілак сустракалася, заяўкі ў архіў падавала, каб сваяцкія сувязі вызначыць. Ведаеце, я некалі і ў храм гэты пастаянна хадзіла. Але цяпер усякае жаданне знікла. І вера ў нешта светлае».
На сустрэчы з дырэктарам могілак Ірыну супакоілі. Маўляў, усё застанецца на сваім месцы. Магчыма, толькі агароджу прыбяруць. Таму што яна «стварае неэстэтычны інтэр’ер». Па словах Ірыны Маркевіч, з гэтым яна магла змірыцца. Але калі прыйшла на могілкі 19 чэрвеня, пабачыла зусім іншае.
«У мяне быў шок, шок! — кажа Ірына. — Бегала тут, шукала магілу. А калі знайшла на гэтай тумбе імя, то эмоцыі былі такія, што... Як быццам да мяне дадому ўварваліся і зруйнавалі ўсё.
У дырэкцыі могілак ёсць усе мае тэлефоны, кантакты. Я пакідала ім, прасіла даць іншым родным, калі яны раптам прыедуць на могілкі. Некаторыя сувязі згубіліся. 17 красавіка я тут апошні раз была, прыбірала магілу. Ніякіх абвестак не было... Мы помнік дзеду змаглі паставіць толькі ў сярэдзіне 60-х. Я нарадзілася ў 1961-м і памятаю, якіх намаганняў гэта каштавала сям’і. Метал шукалі, усё ўручную рабілася на заводзе Кірава. Затым тут уручную збіралі. Гэта не проста месца для мяне. Гэта памяць».
19 чэрвеня Ірына Маркевіч звярнулася ў міліцыю з заявай аб знікненні агароджы і помніка на месцы пахавання свайго дзеда. Паводле яе, следчы, які прымаў заяву, выказаўся наконт перспектываў расследавання скептычна.

Юліян Гурскі 1868–1942, Іван Гурскі 1919–1945

Аляксандар Гурскі ля месца, дзе былі магілы родных

Аляксандар Гурскі ля месца, дзе былі магілы родных


Юліян Гурскі ўсё жыццё прарабіў чыгуначнікам, жыў у Мінску. Быў машыністам, пазней кіраваў працай воданапорнай станцыі, якая належала Лібава-Роменскай чыгунцы. Праз тры гады пасля смерці Юльяна Гурскага побач з яго магілай пахавалі сына Івана. Іван Гурскі перажыў вайну, працаваў эканамістам. Неўзабаве пасля вайны яго забілі злачынцы побач з домам.
«Я вам нават дакладную дату магу сказаць, калі гэта адбылося — 12 жніўня 2012 году, — расказвае ўнук Юліяна Гурскага Аляксандар пра знос агароджы і надмагілляў. — Прыйшоў на могілкі, а тут на месцы магілаў нічога няма. Толькі вось гэты слупок ад крыжа. Так што гэтае „добраўпарадкаванне“ пачалося значна раней. Толькі што не ў такіх маштабах. У мяне тут таксама і агароджа была, і крыжы. Я сюды яшчэ хлопчыкам прыходзіў, з маці, з бабуляй. Шок дагэтуль застаўся».
Аляксандар Гурскі кажа, што прыходзіў на Вайсковыя могілкі да магілы дзеда і дзядзькі прыкладна раз на год. Часцей не мог фізычна — даглядае яшчэ сем магіл родных на чатырох могілках Мінску. Пасля таго, як крыжы і агароджа зніклі з пахавання, Аляксандар пайшоў да дырэктара могілак. Аднак размовы не атрымалася.
«Яны толькі прызналіся, што прыбралі агароджу і крыжы, — кажа Аляксандар. — Матывавалі тым самым, маўляў, неналежны стан. Я збіраўся рэстаўраваць. Там крыху прасеў крыж. Усё ж ён сорак гадоў прастаяў. Зрабіў чарцёж, хацеў аднавіць. Але не паспеў. Мне нават ніякіх дакументаў афіцыйных пра тое, што гэта яны прыбралі крыжы, не далі. Барбарства гэта. І тое, што цяпер робяць на Вайсковых могілках, таксама. Тут толькі нецэнзурна можна выказацца. Іх (прадстаўнікоў спецкамбінату. — РС) трэба прыцягваць да крымінальнай адказнасці».
Пасля пачатку работ у добраўпарадкаванні Вайсковых могілак у ліпені 2018 году Аляксандар Гурскі актыўна ўключыўся ў працу валанцёраў. Ён прыходзіць на могілкі, назірае за дзеяннямі супрацоўнікаў спецкамбінату. На яго думку, спыніць работы могуць агульныя дзеянні людзей, магілы чыіх родных альбо пад пагрозай дэмантажу, альбо ўжо «добраўпарадкаваныя».