Краіна фальклору і развітага ІТ: як прайшоў Дзень Эстоніі ў Мінску
Практычна кожны жыхар Эстоніі спяваў у хоры: школьным, універсітэцкім ці па месцы працы. Уласныя хоры маюць шматлікія прадпрыемствы, ад Літаратурнага музея да птушкафабрыкі. Эстонія — адна з краін Балтыі, экс-удзельніца СССР. Але як жа яна непадобная да іншых постсавецкіх дзяржаў!
Свята «Эстонія 100» у Мінску 21 ліпеня арганізавалі культурна-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Эстонская абшчына» Ластаўка», Мінгарвыканкам і Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Яно прысвечана 100-годдзю незалежнасці краіны.
Падчас свята выступілі гурты з Эстоніі. «Pereansambel Kihnu Virve» (“Сямейны ансамбль Кіхну Вірве”) прадстаўляў культуру вострава Кіхну ў Балтыйскім моры. Традыцыі Кіхну ў 2008 унесеныя ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. На астравах Кіхну і Манія жывуць усяго каля 600 чалавек (насельніцтва ўсёй Эстоніі — каля мільёна 300 тысяч), а вязаныя вырабы адтуль сталі адным з сімвалаў краіны, матывы ўзораў выкарыстоўваюцца сучаснымі дызайнерамі. Акрамя строяў, на Кіхну ўнікальная духоўная культура, спевы, танцы. Ансамбль, што прадстаўляў Кіхну ў Мінску, носіць імя сваёй заснавальніца Вірве Кёстэр, якая сёлета адзначыла 90-годдзе і дасюль выступае са сваім гуртом.
Якімі яшчэ са сваіх традыцый эстонцы асабліва ганарацца? У 2009 годзе ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO былі ўнесенныя паліфанічныя спевы рэгіёну Сэту. Ён месціцца на паўднёвым усходзе Эстоніі, частка — ужо на тэрыторыі Расіі. Сэту размаўляюць на фіна-ўгорскай мове, што адрозніваецца ад эстонскай. Да таго ж яны праваслаўныя. У 2014-м у спіс UNESCO трапілі традыцыі саўны “па-чорнаму” ў рэгіёне Выру (паўднёвая Эстонія). Акрамя ўласна купальных звычаяў у намінацыю ўвайшлі навыкі пляцення венікаў, будаўніцтва і рамонту саўн, вэнджання ў іх мяса.
Эстонія прадстаўлена ў Рэпрэзентатыўным спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO таксама балтыйскімі святамі песні і танца (разам з Літвой і Латвіяй). Гэтыя святы яшчэ з ХІХ ст. спрыялі нацыянальнаму адраджэнню балтыйскіх краін, адыгралі вялікую ролю ў абвяшчэнні незалежнасці ад СССР. У Тарту месціцца цэлы музей, прысвечаны эстонскім спеўным святам. Звычайна на іх з’язджаюцца гурты з усёй краіны, з удзельнікамі самага рознага ўзросту: ад дзяцей да пенсіянераў.
На свяце “Эстонія 100” у Мінску выступілі таксама спеўна-танцавальны гурт «Rahvuskultuuriselts Kirmas», танцавальны ансамбль «Tantsuaansambel Lee», мужчынскі хор «M.Lüdigi nim.Meeskoori», духавыя аркестры «Kalev» і «Saxson», а таксама сольныя выканаўцы Кэлі Уустані, Пеэтэра Калюумяе.
Назва аркестра «Kalev» адсылае да эстонскага нацыянальнага эпасу «Kalevipoeg» (“Сын Калева”). Як і больш вядомая карэла-фінская “Калевала”, эпас быў створаны штучна на хвалі нацыянальнага абуджэння ў ХІХ ст., на аснове народных рунічных песень. Назву «Kalev» можна сустрэць у самых розных арганізацый і устаноў. Так завецца, напрыклад, адна з самых вядомых шакаладных фабрык Эстоніі. Тая, дарэчы, пачала рыхтавацца да 100-годдзя незалежнасці ўжо за год, выпусціўшы адмысловую лінейку шакаладу “18”.
На свяце Эстоніі ў мінскім Верхнім горадзе прайшлі майстар-класы па эстонскіх танцах і нацыянальных гульнях, вэнджанні рыбы, дэгустацыя нацыянальных страў, працавалі выставы вырабаў эстонскіх рамеснікаў.
Цікавыя факты пра Эстонію
З насельніцтвам каля мільёна 300 тысяч чалавек два з трох эстонцаў жывуць у гарадах. Пры гэтым каля 400 тысяч — у Таліне і каля 100 тысяч — у Тарту. У той жа час дасюль жывы стэрэатып “эстонцы — лясны народ”, які падзяляюць і самі жыхары краіны, і замежнікі. Раней гэта датычылася пражывання на лясных хутарах і заняткаў ляснымі промысламі. Апошнім часам узрастае папулярнасць ляснога турызму. Новы трэнд — пакідаць у лясах тэрыторыі, дзе забароненая высечка. Можна наведваць як дзяржаўныя, так і прыватныя лясы, калі гаспадар не паставіў забараняльнага знаку на ўваход ці на збор пэўнага віду раслін. Афіцыйна ставіць намёт па-за кэмпінгамі можна толькі на адну ноч. Часам у лясах стаяць вельмі просценькія хаткі, дзе турысты могуць спыняцца задарма, часам больш складаныя забудовы, якія трэба рэзерваваць папярэдне і за грошы.
Чвэрць насельніцтва Эстоніі складаюць рускія, а 1% — беларусы. Вялікая частка — гэта людзі, што прыехалі ўжо ў савецкі час. Найбольш “рускі” горад — Нарва (паўночны усход Эстоніі, на мяжы з Расіяй). Гэта даволі дэпрэсіўны рэгіён, які не ратуюць нават цікавосткі для турыстаў. Вялікая частка дзеездольнага насельніцтва працуе ў іншых гарадах і нават краінах. Самы “эстонскі” горад краіны — Тарту, калыска нацыянальнага адраджэння. Тут утвараліся першыя спеўныя суполкі, прайшло першае Спеўнае свята, яшчэ пад уладай шведаў у 1632-м адкрыўся ўніверсітэт. Пад назвай Universitas Gustaviana ён стаў другім універсітэтам Швецыі пасля Упсальскага. Пасля далучэння Эстляндыі да Расіі ў XVIII ст. ён спыніў працу і адкрыўся наноў толькі ў 1802 годзе, з’яднаў нацыянальнаарыентаваных інтэлектуалаў.
У эстонцаў арганічна спалучаюцца любоў да традыцый і развіты ІТ-сектар.Часам эстонцаў завуць “спеўным народам” праз папулярнасць Свята песні і тое, што практычна кожны жыхар краіны на пэўным этапе свайго жыцця спяваў у хоры: школьным, універсітэцкім ці па месцы працы. Уласныя хоры маюць шматлікія прадпрыемствы, ад Літаратурнага музея да птушкафабрыкі. Шматлікіх аматараў збіраюць вечарыны традыцыйных танцаў, да таго ж у Тарту — больш, чым у Таліне. Некаторыя танцоры прыходзяць у традыцыйных строях, мала стылізаваных, зробленных па рэгіянальных старых узорах. А выступаюць пагалоўна ў іх.
У той жа час Эстонія адна з першых у свеце заявіла курс на суцэльнае пакрыццё краіны дармовым wi-fi. Гэта ў Эстоніі прыдумалі Skype, а мясцовыя тэхналогіі інтэрнэт-банкінгу, он-лайн запаўнення падатковых дэкларацый і электроннага галасавання з дапамогай ID-карты сталі прадметамі экспарту.
Фота Алены Ляшкевіч