Кобрынцы выступілі супраць звальнення вядомай лекаркі Юліі Рафаловіч

Жыхары Кобрына пачалі збор подпісаў супраць звальнення паважанай дзіцячай доктаркі Юліі Рафаловіч.

kobryn_25.3.21_2_logo.jpg


Яна была затрыманая 24 cакавіка ў межах справы па артыкуле 24.23. Для спадарыні Юліі гэта ўжо трэцяя адміністрацыйная справа за выказванне сваёй нязгоды з фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалтам сілавікоў. Ранейшыя затрыманні лекаркі суправаджаліся пагрозамі яе звальнення з працы, завядзення на жанчыну крымінальнай справы, праблемаў мужу на працы, адмовы сыну Аляксею, які вучыцца ў Польшчы, права перасекчы мяжу ды вярнуцца на радзіму (10 жніўня 2020 года ў Кобрыне сын Юліі Рафаловіч быў затрыманы, збіты і асуджаны на 15 сутак).
Нагадаем, 26 сакавіка за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве суддзя Вадзім Здановіч пакараў Юлію Рафаловіч 7 суткамі арышту. Ізалятар часовага ўтрымання Кобрынскага РАУС, дзе адбывае пакаранне лекарка, мае непрымальныя ўмовы ўтрымання грамадзянаў. Гаворка, між іншым, вядзецца пра завялікі шум ад дзеючай вентыляцыі, што аніяк не ўплывае на ачыстку паветра ад тытуню і ягонага паху. Супрацоўнікі ІЧУ праводзяць дэзынфекцыю шляхам апырсквання пасцельнай бялізны і змесціва перадачаў, дзе ёсць прадукты харчавання, у выніку імі непрыемна карыстацца. Апроч таго, сведкі адзначаюць холад у камерах, адсутнасць элементарных гігіенічных прыстасаванняў, апроч крану з халоднай вадой вельмі непрыемнага паху, адмову перадаваць закратаваным пітную ваду, немажлівасць есці ўсё з арыштанцкага рацыёну, апроч кіпеню з хлебам, пастаяннае электрычнае асвятленне камеры, шматлікія факты псіхалагічнага ўціску і іншыя праявы негуманнага стаўлення да арыштаваных, прыніжаючага чалавечую годнасць.  
На пачатку лістапада 2020 года на сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад 12 выбарчай акругі Васілём Дземідовічам кобрынцы ўзнялі пытанне паляпшэння ўмоваў утрымання грамадзянаў у мясцовым ІЧУ. Наконт гэтай праблемы, паводле адказу дэпутата, ён размаўляў з прадстаўнікамі выканаўчай улады, але дагэтуль санітарна-гігіенічныя ўмовы ўтрымання грамадзянаў у названым ІЧУ аніяк не змяніліся, апроч дазволу на перадачу пітной вады.
Што датычыцца Юліі Рафаловіч, то грамадзянаў асабліва занепакоіла інфармацыя, што вядомую дзіцячую лекарку, якая вылучаецца сваімі дзелавымі і чалавечымі якасцямі, збіраюцца звальняць з працы. Таму неабыякавыя кобрынцы пачалі збор подпісаў супраць звальнення спадарыні Юліі.
У адкрытым лісце на імя галоўнага доктара Кобрынскай цэнтральнай раённай лякарні Міколы Брашко падпісанты ліста выказваюць катэгарычную нязгоду з намерам кіраўніцтва лякарні звольніць Юлію Рафаловіч за яе актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Кобрынцы высока ацэньваюць 23-гадовую сумленную і бездакорную працу спадарыні Юліі, партрэт якой упрыгожваў Дошку гонару лякарні, шчыры клопат педыятра пра будучыню дзяцей. «Сваіми падаткамі мы аплочваем працу работнікаў аховы здароўя і маем права самі вырашаць, каму давяраць здароўе і жыццё нашых дзяцей», — падкрэсліваецца ў лісце.
Яго падпісанты звяртаюць увагу, што грамадзянская пазіцыя спадарыні Юліі, яе нязгода з гвалтам і несправядлівасцю ў краіне ніякім чынам не ўплываюць на выкананне доктаркай сваіх прафесійных абавязкаў. А асуджэнне педыятра на 7 сутак за ўпрыгожванне дрэваў стужкамі да Дня Волі грамадзяне ўвогуле лічаць «абуральным і недапушчальным».
Падпісанты просяць Міколу Брашко падтрымаць зварот і не дазволіць звальнення выбітнай доктаркі, якую любяць шматлікія маленькія пацыенты і іхнія ўдзячныя сваякі.