У Кобрыне асудзілі жанчын за ўпрыгожванне парку напярэдадні Дня Волі
У Кобрыне 26 сакавіка асудзілі чацвярых жанчын за ўпрыгожванне гарадскога парку імя Аляксандра Суворава напярэдадні Дня Волі.
Суддзя Вадзім Здановіч пакараў 7 суткамі арышту дакторку-педыятра Юлію Рафаловіч, штрафам у 10 базавых велічынь — пенсіянерак Людмілу Белавусаву, Вольгу Алексіюк і Іну Суджум.
Усе яны пасля затрымання аб’явілі галадоўку. З моманту зняволення да абеду 26 сакавіка кобрынкі былі закратаваныя ў ізалятары часовага ўтрымання мясцовага РАУС. Шматдзетную маці Марыну Жук, якую пасля затрымання вызвалілі, будуць судзіць пазней.
Марына Жук
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Кобрынскага РАУС Уладзіслаў Світыч і Уладзіслаў Кабарыха затрымалі жанчын 24 сакавіка пасля 23 гадзінаў падчас шпацыру ў парку. Грамадзянкам інкрымінавалі распаўсюд бел-чырвона-белых стужак і ўлётак з заклікам "Кобрын, выходзь! Беларусь будзе вольнай!”, а таксама фатаграфаванне гэтых улётак. Разам з тым, міліцыянты канфіскавалі ў затрыманых пакет папяровых цыліндраў белага колеру з чырвонай паласой.
Свае дзеянні жанчыны матывавалі жаданнем упрыгожыць парк напярэдадні Дня Волі. Прычым Юлія Рафаловіч звярнула ўвагу суда на тое, што іх затрымлівалі супрацоўнікі РАУС у цывільным, якія не назваліся, а таксама на тое, што ўмовы ўтрымання ва ІЧУ прыніжаюць чалавечую годнасць. Пасля агалошвання прысуду спадарыня Юлія напісала заяву на адтэрміноўку адміністрацыйнага арышту ў сувязі са службовай неабходнасцю, аднак Вадзім Здановіч не задаволіў заяву дакторкі.
Каля 20 месцічаў прайшлі да будынку Кобрынскага раённага суду, каб падтрымаць сваіх зямлячак.
Алесь Мандра Кобрынца Алеся Мандру міліцыянты пачалі шукаць з раніцы 24 сакавіка дома і на працы, Кватэру спадара Алеся ўзялі пад нагляд з 20.00 24 сакавіка. Прычым адзін сілавік стала назіраў за ўваходам ў жытло Мандры да 4.00 25 сакавіка, а два супрацоўнікі РАУС наглядалі за кватэрамі тых сяброў спадара Алеся — Гарбачэўскіх і Рафаловічаў, каго падазраюць у нелаяльнасці дзеючай уладзе. У выніку Алесь Мандра быў затрыманы 25 сакавіка каля 21.00 у краме, на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і да гэтай пары мужчына знаходзіцца за кратамі ў ІЧУ Кобрынскага РАУС.