Кнігу Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай «Беларускі Данбас» пакінулі ў «экстрэмісцкім» спісе
Мінскі гарадскі суд адхіліў апеляцыйную скаргу на пастанову аб прызнанні экстрэмісцкай кнігі «Беларускі Данбас».
Кнігу журналістаў «Белсата» Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай пакінулі ў рэспубліканскім спісе экстрэмісцкай прадукцыі, паведамляе тэлеграм-канал «Белсата».
Пастанову забараніць кнігу выносілі на падставе заключэння Мінскай абласной экспертнай камісіі аб ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі, што нібыта знайшла ў кнізе прыкметы экстрэмізму. Аднак у заключэнні цалкам адсутнічае аргументацыя, ёсць толькі выснова.
Пры гэтым Мінгарсуд адмовіўся разглядаць альтэрнатыўныя доказы: заключэнне расійскага незалежнага эксперта, які падрабязна прааналізаваў змест кнігі журналістаў і зняпраўдзіў высновы абласной камісіі.
«Пастанову суда лічу незаконнай, абсурднай і палітычна матываванай», — пракаментаваў сітуацыю Ігар Ільяш.