КДБ заявіў пра затрыманне ўдзельнікаў суполак, якія «планавалі зрыў рэферэндуму»

Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала АНТ расказаў аб затрыманні ўдзельнікаў суполак, якія планавалі зрыў рэферэндуму па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю.

image_95513_3.jpg

Тэлеканал паказаў кадры затрымання, а таксама апублікаваў змест улётак, якія адпраўлялі сябрам выбарчых камісій па рэферэндуме:
«Настаўнікі! Лічыце галасы на рэферэндуме сумленна. Калі будзе інакш, дык бойцеся! Мы да вас прыйдзем і спытаем».
Паводле інфармацыі АНТ, у лістах, якія «адпраўлялі затрыманыя ад імя міліцыянераў і суддзяў, былі прамыя пагрозы і ўказанне на тое, што вядомы іх адрасы».
— Камітэтам дзяржаўнай бяспекі працягваюцца мерапрыемствы па спыненні супрацьпраўнай дзейнасці асоб, якія прадпрымаюць спробы аказання незаконнага ўздзеяння на членаў выбарчых камісій па правядзенні рэферэндуму, — паведаміў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.
Нагадаем, раней МУС паведаміла аб тым, што ў Беларусі распачалі дзевяць крымінальных спраў, звязаных з правядзеннем канстытуцыйнага рэферэндуму.