«Казала міліцыянту: не трэба, я сама зараз іх распляту». Як судзілі дзяўчыну за «бчб-прычоску»
Дзяўчына паспавяла «Нашай Ніве», што 9 верасня сама прыйшла ў міліцыю, каб напісаць заяву наконт сямейных праблем. Але ў калідоры да яе падышоў супрацоўнік — і ў выніку яна паехала ў ІЧУ на Акрэсціна.
«Я прыйшла каля 7 раніцы ў Фрунзенскі РАУС — хацела напісаць
заяву. Гэта звязана з сямейнымі абставінамі, ніякай палітыкі ці чагосьці
такога. Я сядзела ў калідоры, міма ішоў нейкі міліцэйскі начальнік. Заўважыў
мяне і адразу кажа: "Ну усё, паехалі на Акрэсціна!"».
«Я падумала, што гэта нейкі жарт і яму няма чаго рабіць, бо
спачатку гэта было праз "хі-хі, ха-ха", — кажа дзяўчына. — Але ён адвёў мяне ў
свой кабінет, вырваў з рук тэлефон, пачаў у ім калупацца. Праглядзеў абсалютна
ўсё, не толькі фота, нават нататкі.
Задаваў пытанні на тэму таго, што я "бчбшніца". А я нават не
разумела, за што мяне забіраюць — уся мая вопратка была чорнай, якое бчб?
Але я не маю ніякага дачынення да палітыкі. Я не хадзіла
нават на маршы. Касічкі запляла проста таму, што захацела. І мне не хапіла
белага і чорнага, заставаўся толькі чырвоны колер — я зрабіла недзе пяць пасмаў
чырвоных.
Я не вельмі разумела, што адбываецца. Ну і я ж шмат чаго не
ведала — не ведала, што ён не меў ніякага права забіраць мой тэлефон і
калупацца ў ім, напрыклад.
Недзе праз паўгадзіны ён проста мне сказаў: "Што ты як тупая
сябе паводзіш? Не разумееш нібыта? Ты ж бчбшніца, вунь валасы каляровыя!" Толькі тады я зразумела. Я тлумачыла, што гэта проста прычоска.
У тэлефоне нічога "такога" не знайшлося. Але мяне пасадзілі
ў камеру, пакуль складалі пратакол. Гэта ўсё адбывалася вельмі доўга і марудна.
Некалькі разоў мяне вярталі ў кабінет штосьці спытаць, пасля зноў заводзілі ў
камеру.
Пасля гэты міліцыянт, скажам так, сапсаваў мне прычоску. Я
казала: "Не трэба, я сама зараз іх распляту", — ён адказваў з мацюкамі і абразамі,
што ўжо позна. Я плакала».
Пасля, кажа суразмоўца, яе павезлі дадому на ператрус:
«Было двое ў цывільным. Мяне забралі, павезлі ў кватэру, я
жыву недалёка ад РАУСа. Яны дасталі ключы з маёй сумачкі, самі адчынілі імі
дзверы, усё перарылі. Панятых не было. Паперу на ператрус я не бачыла».
Калі дзяўчыну вярнулі ў камеру ў РАУСе, то паведамілі, што
павязуць на Акрэсціна.
«Я прасілася, каб мяне туды не везлі. Той начальнік са мною
ўжо не кантактаваў, толькі "звычайныя" міілцыянты. Адзін з іх сказаў: "Дык на
Акрэсціна пакормяць, дадуць сродкі гігіены! Там усё ёсць, там усё добра!"
Але я ж чула, што адбываецца на Акрэсціна, у мяне гэта
выклікала паніку, — прызнаецца дзяўчына. — Недзе каля 16 гадзіны яны нарэшце
сабралі ўсе дакументы і павезлі мяне ў суд».
«Працэс» праходзіў у памяшканні суда Фрунзенскага раёна, але
па скайпе. Суддзя Наталля Бугук нават папрасіла дзяўчыну павярнуцца і паказаць
прычоску. Тая паказала.
У выніку суддзя Бугук прызнала дзяўчыну вінаватай у
пікетаванні і пакарала штрафам у 80 базавых (2320 рублёў).
«Я не ведаю, як буду сплачваць штраф. Я сама ў дэкрэце,
падпрацоўвала неафіцыйна. Але праз гэтыя падзеі прапусціла два дні на працы —
бо ў адзін дзень быў той суд, на наступны я ездзіла зноў у суд за дакументамі.
У выніку за гэта мяне звольнілі.
У бацькоў грошай на штраф таксама няма, з мужам мы разам не
жывём і ўвогуле разводзімся. Чула, што можна аформіць растэрміноўку на штраф,
пастараюся так і зрабіць», — кажа дзяўчына.