Калі рэжымы рассыпаюцца, як картачны домік

Юбілей Аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславаччыне, які адзначаецца 17 лістапада, дае нагоду ацаніць чвэрць стагоддзя жыцця ў свабодзе.



5d8dfea9_d510_4884_8eac_b24e9f72b4dc_w640_r1_s_cx0_cy5_cw0.jpg

Радыё Свабода пагутарыла з Ірэнай Дзінзьбіравай, якая належыць сям’і вядомых чэскіх дысыдэнтаў, а цяпер узначальвае грамадзянскую ініцыятыву Vraťte nám stát (Вярніце нам дзяржаву).

Ініцыятыва змагаецца супраць карозіі дэмакратычных прынцыпаў і патрабуе напаўненьня першаснага сэнсу дэмакратыі як улады народа.

— Кіраўнік Беларусі пасьля рэвалюцыі ва Ўкраіне пачаў актыўна паўтараць, што Эўропа маўляў, вычарпала ліміт рэвалюцый. Як бы вы гэта пракамэнтавалі, ёсьць нешта такое як ліміт на рэвалюцыі?

— Я мяркую, што рэвалюцыя гэта такі крок, які можа прынесьці з сабой і рэчы, якія на пачатку і не плянаваліся. Гэта можа збочыць туды, куды зусім не хацелі. Рэвалюцыя, гэта вялікая сіла, якую вельмі цяжка каардынаваць. Таму лепшая такая паступовая трансфармацыя, паступовае ўдасканаленьне грамадзтва. І безумоўна такім шляхам можна больш набыць для гэтага грамадзтва.

— А вы мяркуеце, што дыктатуру або цьвёрды аўтарытарны рэжым магчыма неяк рэфармаваць, калі сапраўдныя выбары, напрыклад, немагчымыя?

— Тая Аксамітная рэвалюцыя ў нас, як яе называюць, уласна не была ніякая не рэвалюцыя. Тут проста настала зьмена, таму што аднаго дня людзі атрымалі адвагу паўстаць супраць таго рэжыму, і той рэжым рассыпаўся, як картачны домік. Раптам стала бачна, што тая сыстэма не існуе, і гэтаму паспрыяла вялізная сіла людзей, якія з гэтым ня былі згодныя. І я мяркую, калі ў вас 60 працэнтаў ці колькі там прадэманструе, што не пагаджаецца з рэжымам, то ён рассыплецца, як гэта было ў нас. Думаю, што супраць людзей ня будуць ужываць зброю, бо мы проста жывем у іншую эпоху. Сапраўды ўсё залежыць ад грамадзян і грамадзкай супольнасьці, ці знойдуць у сабе сілу паўстаць супраць рэжыму.

— Цяпер хачу пагаварыць пра масавыя адчуваньні сёньняшніх чэхаў, якім ім здаецца жыцьцё ў дэмакратыі праз 25 гадоў. Людзі ўжо як бы ня цэняць большыя выгоды (напрыклад, магчымасьць выбіраць сабе уладу, мясцовых кіраўнікоў), іх шакуюць факты розных прыватных прававых калізій. Напрыклад, чалавек за ўласныя сродкі дабудаваў дом пасьля таго, як будаўнічая фірма пацярпела крах і ня выканала дамову. А гэты дом, аказваецца, не належыць чалавеку, яму трэба высяляцца, бо даўгі фірмы купіла іншая фірма... У дыскусіях найбольш плюсаў набіраюць камэнтары, што такое пры камуністах не магло стаць. Дзе прычыны такіх праколаў?

— Я прытрымліваюся думкі, што недастаткова было тады, у 89-м зрабіць тую трансфармацыю, ці, калі хочаце, рэвалюцыю. Трэба пра дэмакратыю клапаціцца ўвесь час, трэба яе даглядаць, выбудоўваць нейкія мэханізмы, якія б дэмакратыю ўмацоўвалі. Мы цяпер маем праблему з прававой дзяржавай. І тое, пра што вы гаворыце, значыць, што прававая дзяржава не існуе або дае збой. Наша арганізацыя «Вярніце нам дзяржаву!» на гэта зьвяртае ўвагу, такая сытуацыя ня можа працягвацца доўга. Немагчыма, каб у людзей, якія былі вінныя сто крон (прыблізна 5 даляраў — рэд.) праз суд забралі дом. Яны часта і ня могуць абараняцца, бо праз нейкі недагляд пра свой доўг і ня ведаюць. Немагчымыя тыя банкруцтвы, да якіх падводзяць прадпрымальнікаў, каб іх зьліквідаваць.

 У выніку Аксамітнай рэвалюцыі Вацлава Гаўла абраў прэзыдэнтам яшчэ камуністычны парлямэнт. Гэтая практыка трывала яшчэ некалькі прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Толькі апошнім часам у Чэхіі вярнуліся да наўпроставых выбараў прэзыдэнта народам. Многія мяркуюць, што цяперашні прэзыдэнт Мілаш Зэман перамог якраз дзякуючы свайму папулізму. Як вы думаеце, наўпроставыя выбары сталі набыткам для чэскай дэмакратыі?

— Гэта пытаньне ня толькі прэзыдэнцкіх выбараў, таму што апошнім часам і на парлямэнцкіх выбарах у нас выйграюць папулістычныя партыі. Што да апошніх выбараў прэзыдэнта, то на маю думку, выбарцы ня мелі надта з каго выбіраць. Гэта праблема грамадзянскай супольнасьці, што не змагла вылучыць сапраўды якаснага чалавека-кандыдата, які б атрымаў перамогу.

Юбілей аксамітнай рэвалюцыі 17 лістапада 2014 будзе адзначаны ў Празе шырокімі дэманстрацыямі, канцэртамі і хэпэнінгамі. Шматлікія грамадзянскія ініцыятывы прапануюць вынесьці на вуліцы размову пра выгоды і «балячкі» дэмакратыі, пра добрыя і дрэнныя зьмены ў грамадзтве, ролю і месца прэзыдэнта. Будзе і спроба свайго роду «народнага імпічмэнту» прэзыдэнту Мілашу Зэману, які разгневаў многіх суграмадзян сваімі адкрыта прамаскоўскімі сымпатыямі ў расейска-ўкраінскім канфлікце і дазволіў у радыёінтэрвію грубыя вульгарызмы. Да месца на Народнай плошчы, дзе традыцыйна 17 лістапада першыя асобы дзяржавы ўскладаюць кветкі, грамадзяне хочуць прыйсьці з чырвонымі карткамі для Зэмана. Радыё Свабода плянуе паказаць гэтыя падзеі ў жывой інтэрнэт-трансьляцыі. Сачыце за нашым сайтам у панядзелак.

www.svaboda.org