«Калі Лукашэнка маштабна выведзе войска на вуліцы — гэта будзе апошнім цвіком, забітым у рэжым»
Зубр — пазыўны добраахвотніка з Беларусі, які на пачатку 2015 года паехаў ва Украіну ў зону аперацыі Аб'яднаных сіл (былую зону АТА). Пагутарыўшы з сябрамі з Украіны, з якімі ён пазнаёміўся на Майдане, Зубр трапіў у добраахвотніцкі полк "Азоў". Першапачаткова думаў, што канфлікт скончыцца хутка. Але знаходзіцца ва Украіне дагэтуль. Еўрарадыё пагутарыла з ім пра вайну і пратэсты.
Цяпер Зубр служыць па кантракце ва ўкраінскай арміі. На пытанні Еўрарадыё ён адказвае, знаходзячыся недалёка ад лініі фронту. З сакавіка 2015 года хлопец ні разу не прыязджаў у Беларусь.
"Адвечны вораг зноў напаў на нашы землі"
Еўрарадыё: Чаму ты вырашыў кінуць усё і паехаць у зону АТА?
Зубр: Я досыць нядрэнна ведаю гісторыю нашага народа. Лічу сваёй Бацькаўшчынай Вялікае Княства Літоўскае, пазней — Рэч Паспалітую. Тое, што адвечны вораг, Расійская Імперыя, зноў напаў на нашы землі, — гэта і было асноўным пазывам уступіць у гэту вайну, паставіць "маскалёў" на месца.
Цяпер тут з лета абстаноўка стабільна ціхая. Часам бываюць невялікія перастрэлкі, але ў цэлым можна сказаць, што цяпер поўны штыль.
Еўрарадыё: Дагэтуль жывы-цэлы, без раненняў?
Зубр: У першы тыдзень на фронце мы апынуліся на пазіцыі, дзе дыстанцыя да ворага была 70-80 метраў. І за гэты тыдзень два разы ледзь не развітаўся з жыццём: кулі праходзілі літаральна за сантыметры ад мяне. Для мяне гэта было як прышчэпка напачатку, каб зразумець, што трэба быць заўсёды сабраным і кантраляваць сітуацыю.
У прыгарадзе Данецка быў выпадак, калі на пазіцыі баец быў паранены ў жывот. Я ў гэты момант мяняўся з пазіцыі і падбег дапамагчы. У машыне, у якой трэба было перавезці параненага, не раскладвалася крэсла, я з ім замарудзіў, і ў гэтым мне пашанцавала: у гэты момант па хлопцах, якія неслі да машыны параненага, стрэлілі з гранатамёта. Замест аднаго параненых стала пяць.
Еўрарадыё: Тыя людзі, супраць якіх ты ваюеш, — яны іншыя? Як ты да іх ставішся?
Зубр: Мы ўсе людзі, але мы ўсе розныя. Мы розныя сацыяльныя групы, у нас розныя каштоўнасці. Але ў прынцыпе мы ўсе салдаты, і таму з часам у нас ужо з'явілася нейкая ўзаемапавага і разуменне правілаў вайны, правілаў бою.
Украінцы змянілі меркаванне пра Лукашэнку
Еўрарадыё: Як украінцы ставяцца да таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі?
Зубр: Тут я шмат у чым здзівіўся, таму што за час кіравання Лукашэнкі ў большасці ўкраінцаў быў сфармаваны нейкі лжывы вобраз пра яго і большасць ставілася да яго станоўча. Большую частку свайго часу я праводжу ў войску, і ў войску да яго таксама раней была сімпатыя. Але цяпер ніводзін украінец, які цікавіцца навінамі і палітыкай, не падтрымлівае Лукашэнку.
Украіна ў нейкай ступені падобная на Беларусь: той, хто неадукаваны, хто з вёскі, — многія з іх падтрымліваюць Лукашэнку. А тыя, у каго сфармавана палітычная пазіцыя, хто цікавіцца навінамі, — тыя падтрымліваюць новую Беларусь. Неаднаразова ў гутарках чуў, як людзі вельмі моцна перажываюць і ім баліць за тое, што адбываецца ў Беларусі.
Еўрарадыё: Ці было ў цябе адчуванне пасля пачатку пратэстаў у жніўні, што хутка ўсё зменіцца?
Зубр: Яркіх ілюзій адносна таго, што ўсё рэзка зменіцца, у мяне, вядома ж, не было. Я вулічны актывіст з 2006 года, і для мяне наогул было дзіўным тое, што ў Беларусі падняўся пратэст такога маштабу.
Цяпер я разумею, што змены ўжо ёсць. Ёсць змены ў свядомасці, змены ў арганізацыі, у палітычнай свядомасці людзей, у іх волі.
Еўрарадыё: Як лічыш, сярод кандыдатаў у прэзідэнты былі годныя людзі?
Зубр: Людзей трэба ацэньваць па ўчынках. Палітычнае поле Беларусі цяпер знаходзіцца ў крытычным стане. Таму наш першы абавязак — стварыць умовы для развіцця палітычных эліт у нашай краіне.
Змыць з сябе "савок"
Еўрарадыё: Верыш у поспех пратэстаў у Беларусі?
Зубр: Лукашэнка на працягу 26 гадоў падзяляў і ўладарыў. Большасць беларусаў былі паміж сабой у нейкіх супярэчнасцях, гэта было асноўным якарам пратэсту. Цяпер я бачу, што грамадства кансалідавалася ў кулак. У Лукашэнкі не засталося шанцаў, пытанне толькі ў часе — на колькі яго хопіць.
Рэвалюцыя ўжо адбылася ў розумах людзей, таму мы ўжо перамаглі. Пытанне ў тым, колькі мы прыкладзём намаганняў для таго, каб вярнуць краіну ў цывілізаванае рэчышча, на беларускі шлях развіцця. Настаў час цалкам змыць з сябе гэты "савок". Я скажу, што ў Беларусі ўжо няшмат людзей, якія памятаюць Савецкі Саюз і той лад жыцця. Мы ўжо выраслі з гэтага, мы перараслі, у нас павінны з'явіцца новыя палітычныя эліты.
Еўрарадыё: Але ж у Лукашэнкі ёсць прыхільнікі. Гэта таксама людзі, з іх меркаваннем варта лічыцца.
Зубр: У любым цывілізаваным грамадстве, дзе існуе плюралізм меркаванняў, ёсць апазіцыя і іншае меркаванне. Трэба пераходзіць на цывілізаваны шлях. Трэба вярнуць нармальны парламент, і хай яны становяць адну з палітычных сіл, адстойваюць сваё меркаванне.
Зразумела, што гэта не датычыцца злачынцаў, садыстаў, якія катавалі і забівалі людзей. Дыялог датычыцца цывілізаванай часткі грамадства. Тыя "ямыбацькі", якія начыста неадэкватныя, не могуць прадстаўляць сябе на палітычным полі Беларусі. Іх месца — у турме.
"Беларускія сілавікі — гэта не праваахоўнікі"
Еўрарадыё: Як ты ацэньваеш дзеянні беларускіх сілавікоў падчас пратэстаў?
Зубр: Добра падмечана, што гэта не праваахоўнікі, а сілавікі. Гэта рэальна сілавікі. Тое, што нарабілі на Майдане ўкраінскія сілавікі, тое ж самае цяпер робяць і беларускія. Я думаю, што канец у іх будзе аднолькавы.
Адназначна, што большая частка віны ляжыць менавіта на выканаўцах. Яны давалі прысягу, яны павінны працаваць у прававым полі, і яны не павінны выконваць злачынных загадаў.
Еўрарадыё: Калі Лукашэнка прайграе, як павядуць сябе сілавікі?
Зубр: Лукашэнка ўжо прайграў. Вайна "лукашыстаў" супраць свайго народа ўжо пачата, і я б сказаў, што ўжо цяпер ідзе грамадзянская вайна.
Я на сто адсоткаў падтрымліваю мірны пратэст. Пратэст супраць іх павінен ісці ў цывілізаваным, мірным полі. Я лічу, што цяпер усё беларускае грамадства павінна максімальна трымаць сябе ў руках, не паддавацца на правакацыі. Цяпер яны [сілавікі. — Еўрарадыё] моцныя, у іх цяпер зброя. Трэба захоўваць мірнае рэчышча пратэсту. А тыя злачынствы, якія яны здзяйсняюць, задакументаваныя, і адказ будзе. Вельмі хутка яны зразумеюць, што адказнасць непазбежная.
Еўрарадыё: Лукашэнка ўжо ўводзіў у Мінск войска. Ці мае права войска ўмешвацца ў ход пратэстаў?
Зубр: Маё меркаванне — войска мае права ўмешвацца ў сітуацыю, якая цяпер у краіне, але толькі з нейтральнай пазіцыі. Толькі каб спыніць праліццё крыві, магчымыя баі паміж сілавікамі і народам. Калі Лукашэнка маштабна выведзе войска на вуліцы — гэта будзе апошнім цвіком, забітым у гэты рэжым.
Еўрарадыё: Ці патрэбна ў Беларусі люстрацыя?
Зубр: Ва Украіне была люстрацыя паліцыі, але яна не мела масавага характару. Тыя людзі, у якіх на руках была кроў, яны ўсе былі люстраваныя або ўцяклі за мяжу. Яны цалкам былі прыбраныя з праваахоўных органаў.
На жаль, масава прыцягнуць да адказнасці ўсіх, скажам так, несумленных людзей не атрымалася ў сілу павальнай карупцыі і іншых аб'ектыўных прычын. Але ў Беларусі, на мой погляд, ёсць усе перадумовы да таго, каб люстрацыя прайшла поўнамаштабна, паўсюдна і закранула ўсіх людзей, якія выходзілі з прававога поля і абаранялі гэты рэжым.
"Перамога — гэта яшчэ не канец вайны"
Еўрарадыё: Войска Украіны пяць гадоў таму і цяпер: што змянілася?
Зубр: Сітуацыя адназначна палепшылася. Быў час, калі не хапала адзення, правізіі, нейкіх бытавых рэчаў. Тады гэта пастаўлялі валанцёры. А дзяржава пастаўляла ўзбраенне, перааснашчала тэхніку.
У пытаннях падрыхтоўкі і аснашчэння няма нейкага ідэалу, пастаянна чаго-небудзь не стае. Такога, каб зусім не было патронаў і зброі, не было. Але і шалёнага багацця цяпер таксама няма. Я пачынаў службу ў добраахвотніцкім батальёне, таму забеспячэнне ў нас было лепшае, чым ва Узброеных Сіл. І наогул, мы, як матываваныя добраахвотнікі, часам да 50-60 адсоткаў сваіх свабодных фінансаў выдаткоўвалі на свой рыштунак.
Еўрарадыё: Пра "галаварэзаў з Азова" каторы год ходзяць страшныя гісторыі. Што будуць рабіць "азоўцы", калі вернуцца ў Беларусь?
Зубр: Вайна асабліва страшная, калі ты ваюеш на сваёй зямлі. Я лічу, што ніхто з добраахвотнікаў, якія цяпер абараняюць Украіну, не хацеў бы весці баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі.
Еўрарадыё: Па чым з таго, што засталося дома, сумуеш больш за ўсё?
Зубр: На гэта пытанне адкажу не задумваючыся: па беларускай прыродзе, па сваіх родных краях.
Еўрарадыё: Табе не прыходзіла ў галаву думка, што ты патрэбны тут, у Беларусі?
Зубр: Вядома, я шмат разоў думаў пра тое, што пара ехаць у Беларусь. Але падумаўшы, я разумею, што яшчэ не час. Наш час яшчэ прыйдзе.
На прыкладзе Майдану можна сказаць, што перамога — гэта яшчэ не канец вайны. Нас яшчэ шмат чаго чакае: вярнуць парламент, вярнуць выканаўчую і судовую ўладу, выбраць новых людзей. Яшчэ мінімум на гадоў дзесяць у нас хопіць працы, таму ўсяму свой час.
Фота з архіва героя