Кім быць. Беларусь рыхтуецца да перапісу насельніцтва 2009 года (спроба фельетона)

Мова, нацыянальнасць, эміграцыя і адкуль бяруцца грошы — вось шорт-ліст тэм, здольных уцягнуць грамадзяніна Беларусі ў зацятую дыскусію на доўгія гадзіны, а то і суткі. Кожнаму ёсць што сказаць пра дзвюхмоўе ў краіне, заблытаную этнічную карціну ва ўласным радаводзе, падзяліцца гісторыяй сваяка, які з’ехаў з Беларусі ў пошуках лепшай долі, і (абавязкова!) даць сваю ацэнку яго жыццёваму выбару, а пытанне: “Як вы зарабляеце? — умомант ахінае рэспандэнта містычны жахам, што заробленае ў яго забяруць. Але не за гарамі момант ісціны. Хутка жыхарам краіны давядзецца ў абавязковым парадку адказваць на пытанні, датычныя названай праблематыкі. Праўдзіва і, галоўнае, сцісла. З 14 па 24 кастрычніка 2009 года жыхароў РБ будуць перапісваць.



fc221309746013ac554571fbd180e1c8.jpg

Мова, нацыянальнасць, эміграцыя і адкуль бяруцца грошы — вось шорт-ліст тэм, здольных уцягнуць грамадзяніна Беларусі ў зацятую дыскусію на доўгія гадзіны, а то і суткі. Кожнаму ёсць што сказаць пра дзвюхмоўе ў краіне, заблытаную этнічную карціну ва ўласным радаводзе, падзяліцца гісторыяй сваяка, які з’ехаў з Беларусі ў пошуках лепшай долі, і (абавязкова!) даць сваю ацэнку яго жыццёваму выбару, а пытанне: “Як вы зарабляеце? — умомант ахінае рэспандэнта містычны жахам, што заробленае ў яго забяруць. Але не за гарамі момант ісціны. Хутка жыхарам краіны давядзецца ў абавязковым парадку адказваць на пытанні, датычныя названай праблематыкі. Праўдзіва і, галоўнае, сцісла. З 14 па 24 кастрычніка 2009 года жыхароў РБ будуць перапісваць.


Калі пытанні пра мову і нацыянальнасць для аб’ектаў будучага перапісу даўно не дзіва, то пытанні пра міграцыю насельніцтва як у межах краіны, так і па-за яе межамі, а таксама пра месца працы і “крыніцы прыбытку будуць зададзеныя ўпершыню. Ёсць і яшчэ адно новаўвядзенне ў параўнанні з папярэднімі перапісамі: тэрмін апытання падоўжаны на тры дні, а ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў звыш 24 тысяч чалавек будуць арганізаваныя стацыянарныя пункты, куды людзі змогуць звярнуцца ў любы зручны ім час. Як на выбарчы ўчастак.
Паралель з выбарамі нацягнутая, але небеспадстаўная: у схільных да рэфлексій колах ужо каля года вядуцца спрэчкі вакол загадкавага падпіснога бланку, які будзе прапанаваны кожнаму з 10 мільёнаў у “час ікс. Нараджаюцца міфы вакол таго, як паўплывае на той ці іншы аспект нашага жыцця ўвядзенне той ці іншай графы. І вядзецца палкая агітацыя, як тую ці іншую графу запаўняць.
Прычым калі з мовамі (шматвяковы вопыт шматмоўя не прап’еш!) усё больш ці менш зразумела, пытанне: “Да якой нацыянальнасці вы сябе адносіце? — адна з тых харугваў, за якую ідзе мэтанакіраваная і жорсткая барацьба. Добра, калі вы са спакойным сумленнем можаце напісаць: “украінец. Або “габрэйка. Сапраўдныя праблемы пачынаюцца, калі вы ўсё жыццё думалі, што вы — беларус. Пасля знаёмства з некаторымі сучаснымі нацыянальнымі тэорыямі вам, магчыма, закарціць прамовіць: “Дзякую Табе, Божа, — але лепей бы я быў маскаль.
 

Што за народ такі?..

Ідуць тры беларусы: рускі, немец і паляк...
Анекдот ад Андрэя Хадановіча

Калі мне было 17 гадоў, я трапіла на вельмі дзіўны сход. Заваблівалі ўдзельнікаў на творчы вечар вядомай паэткі — я не магла абмінуць акцыю. У той перыяд я бурліва перажывала ўсведамленне сваёй беларускасці, пачынала з цікавасцю знаёміцца з жывой літаратурай ды музыкай. Той факт, што творчая сустрэча мелася адбыцца не на нейкім там філфаку, а ў дыскусійным клубе прэстыжнай тэхнічнай ВНУ, толькі надавала імпэту. Беларусы выходзяць з гета, думала я, нарэшце беларус — гэта не прафесія!
Вечар пачаўся. Але замест вядомай паэткі на сцэну выйшла прывабная дзяўчына з даўгімі валасамі і ў этнічных фенечках і прадставілася Аксютай. Яна сказала словы вітання і абвесціла, што мы сабраліся тут, каб высветліць нешта важнае. “Хто з прысутных лічыць сябе беларусам? — запыталася Аксюта ў аўдыторыі. Я з гонарам і адчуваннем гістарычнасці моманту пацягнула руку ўгару. Але апынулася ў меншасці.
Вочы Аксюты дапытліва і з нейкім няясным шкадаваннем свідравалі тузін тых, што азваліся. “Добра. А цяпер падымаюць рукі тыя, хто лічыць сябе літвінам. Для мяне было шокам, але пара рук узляцела ўгару. “А цяпер няхай падымуць рукі крывічы. Няхай і рэдкі, але лес рук. О, ды ў іх тут банда, — прамільгнула ў маёй галаве, што ледзьве паспявала страваваць інфармацыю.
Потым Аксюта падняла з першых шэрагаў іншую дзяўчыну і папрасіла яе расказаць сваю гісторыю. Дзяўчына расказала, што яе ва ўсіх сэнсах ніхто не разумее, і найперш — родныя бацькі, бо яна размаўляе па-беларуску, думае па-беларуску і ўсе яе сябры — такія самыя. І таму яна — крывічка. Потым, па-мойму, была дыскусія, і толькі напрыканцы выпусцілі паэтку. Чыталіся розныя вершы, але я іх не слухала, а думала пра тое, што, насуперак маім спадзяванням, усведамленне сябе беларускай ні на каліва не спрасціла карціну свету, а наадварот, ускладніла яе.
“Адзін беларус — партызан, два беларусы — партызанскі атрад, тры беларусы — партызанскі атрад са здраднікам, — так у адным анекдоце, сярод іншых нацый, апісваюцца “мірныя людзі. Кім яшчэ могуць запісацца жыхары нашай краіны падчас усенароднага перапісу? Вынікі нацыятворчых канцэпцый 1990-х — 2000-х гадоў я буду называць “новымі этнасамі, хоць, у адрозненні ад такіх сусветна папулярных фэнтэзійных расаў, як “эльфы, “гобліны ці “джэдаі, нашы новыя — гэта добра забытыя старыя.
 

Жыве ў беларускім Палессі…

Адзін паляшук — хутар, два палешукі — аўтаномія, тры палешукі — аўтаномія з сепаратысцкім рэгіёнам.
Спроба анекдота

Храналагічна першымі, хто ўголас заявіў пра сваю небеларускасць у Беларусі, сталі палешукі-інтэлігенты. Яшчэ напрыканцы 1980-х, дзякуючы філолагу і арыгіналу з Драгічына Міколу Шэляговічу, лідэру руху за аўтаномію Палесся (яно ж “Етвызь), заснавальніку газеты “Збудзіння (выдавалася ў 1989–1995 гады), палеская тэма востра і модна загучала з вуснаў беларускіх інтэлектуалаў. Нягледзячы на тое, што актывісты выступалі за аўтаномію Беларускага Палесся са сталіцай (“чолотвэрдю) у Пінску (пры духоўнай падтрымцы Берасця), палеская тэматыка, як сведчыць Андрэй Дынько, захапіла галоўным чынам менскую багему, далёка не ўсе прадстаўнікі якой маглі пахваліцца яцвязкімі каранямі.
Палешукі — адзіны “новы этнас Беларусі, вагомай падставай для аўтаноміі якога магла б паслужыць мова (Шэляговіч ужываў паняцце “волода). Заходнепалеская граматыка, распрацаваная Шэляговічам, уключыла ў сябе самыя непадобныя да ўкраінскай ці беларускай моваў элементы, але, пры ўсёй сваёй штучнасці, больш-менш адпавядала жывому маўленню сучасных жыхароў “глыбі Палесся.
Гонар паляшуцкай інтэлігенцыі за родныя дыфтонгі не грунтаваўся ў паветры. Малавядома, але ў ХІХ стагоддзі палеская гаворка, паралельна з беларускай мовай, пачала ставацца мовай новай беларускай літаратуры. “Пінская шляхта была напісаная “па-пінску — у школе мы вывучаем пераклад на беларускую, і гэты факт непрыгожа замоўчваецца настаўнікамі. Да таго ж, менавіта палешукі і Палессе сталіся магутным культурна-антрапалагічным фонам значных беларускіх твораў ХХ стагоддзя — трылогій “На ростанях Якуба Коласа і “Палескай хронікі Івана Мележа. Толькі жаданне быць зразуметым усёй Беларуссю прымусіла апошняга ўжываць у творы адно элементы палескіх гаворак — паводле першазадумы, паляшук-Васіль і паляшучка-Ганна мусілі гаварыць “у арыгінале.
Такая прыгожая і такая рамантычная ідэя адраджэння беларускага Палесся была даспадобы далёка не ўсім. Як расказваў сам Шэляговіч у інтэрв’ю 1990 года, спроба арганізаваць палескую фракцыю БНФ скончылася няўдачай і нават скандалам: “Разгарэлася жорсткая, непрыемная дыскусія. Зянон увогуле выйшаў, заявіўшы, што падзяляе пазіцыю Гілевіча — маўляў, заходнепалескай праблемы ў прыродзе не існуе. Паводле распаўсюджанай канспіралагічнай версіі, за палешукамі стаяла слаўнавядома “рука Масквы: маўляў, “кантора таемна заахвочвала палескі сепаратызм, бо гэта падрывала памкненні беларускіх нацыяналістаў, раз’ядноўвала іх.
Так гэта ці не — навуцы пакуль невядома. Тэкст Андрэя Дынька “Найноўшая гісторыя яцвягаў, падшыўкі “Збудіння ды пару інтэрв’ю з Міколам Шэляговічам — вось, бадай усё, што дайшло да нас з таго часу. Паводле дадзеных моладзевага мультымедыя-часопісу “34, сам Шэляговіч пераехаў у Маскву, прыняў расійскае грамадзянства і ад сваёй паляшуцкасці, роўна як ад сваёй беларускасці, на дадзены момант рашуча адмаўляецца.
Маладыя патрыёты адраджэння яцвяжскай свядомасці смела запісваюць у палешукі каля мільёна насельніцтва Берасцейшчыны і Гомельшчыны. Пытанне, куды запішуцца самі гэтыя палешукі. Бо, як ні абуджала іх “Збудіння, абсалютная большасць з іх — па-ранейшаму “тутошні і размаўляюць “по-просту. Колькі патрыётаў Палесся набярэцца ў 2009 годзе, на 20-я ўгодкі выхаду першага нумару газеты на заходнепалескай мове? 10 чалавек? Сто? Тысяча? Перапіс пакажа. Перапіс ведае ўсё.

Саўка ды Грышка ладзілі дуду…


Адзін крывіч — дудар, два крывічы — дударскі фэст, тры крывічы — буйны дударскі фэст.
Спроба анекдота


Нягледзячы на ваяўнічасць сустрэтай колісь мною Аксюты, крывічы здаюцца мне самым памяркоўным “новым этнасам. Пры ўсёй радыкальнасці іх ідэалогіі. У знаёмай мне фармулёўцы суполкі “Гегарух і яе ідэолага Сяржука Санько, беларусы — больш балты, чым славяне, і краіна мусіла б называцца Крыўя, а народ, адпаведна — крывічы. Вось “Захад—Усход навязаная нам пазнейшай цывілізацыяй.
Варта стаць крывічом, развярнуўшы свой светапогляд на 90 градусаў, на “Поўнач—Поўдзень, “з варагаў у грэкі. Памкненні адэптаў “Гегаруху, які плённа працаваў у інтэрнэце ў 2001–2005 гады і меў, па чутках, шчыльныя духоўныя сувязі з аднадумцамі ў Латвіі і сучаснай Літве, заўжды ляжалі ў сферы культурна-рэлігійнай, а не сацыяльна-палітычнай. Дружная, знітаваная і крыху нават заканспіраваная суполка — зацятыя даследчыкі дахрысціянскай культуры беларусаў, рэканструктары этнікі і (многія) паганцы паводле веравызнання. 24 студзеня ў Мінску быў прэзентаваны “літоўскі нумар саліднага альманаху “Druvis — плён інтэлектуальнай працы крывічоў. На імпрэзе таксама адзначаліся 20-я ўгодкі Цэнтра этнакасмалогіі KRYŬJA.
Увасабленне крывіцкага руху, на мой погляд, — выдатны дудар і дудар-майстар Тодар Кашкурэвіч. Не распыляючыся на шматслоўную агітацыю, ён дудзіць у дуду. Выходзіць вельмі красамоўна — дый проста прыгожа.
Паколькі крывічы нашы — суполка хутчэй эзатэрычная, чым адкрытая, — ніякай спецыяльнай мэты пашырыць крывіцкую свядомасць на беларусаў яны не маюць. Дадзеныя перапісу насельніцтва — не тое, што займае іх думкі, таму ніякай адмысловай агітацыі не вядзецца. Тым не менш, некалькі крывічоў у кастрычніку 2009, пэўна, выплывуць. Некаторыя з іх — скажам, рэдактар “Друвіса Аляксей Дзермант, адрозніваюць сябе ад сучасных беларусаў, называючыся літвінамі. А літвіны, панове — гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!..


Адзін літвін — шляхцюк, два літвіны — шляхецкі соймік, тры літвіны — шляхецкі соймік з пагромшчыкам
Спроба анекдота


Калі вам вельмі хочацца абразіць літвіна — спачатку напішыце яго нацыянальнасць “ліцвін. Правільна — па-беларуску “літвін, гэтаму ёсць разгорнутае лінгвістычнае меркаванне, але я яго не чытала. Калі гэта выпадкова не дапаможа, нанясіце літвіну канчатковы ўдар — назавіце яго “спадаром. Рэч у тым, што сучасныя “паны-літвіны супрацьпастаўляюць сябе “свядомым беларусам, якія называюць сябе выдуманым словам “спадар і грунтуюцца, уласна, на ідэі нацыяналізму — ідэі, якая і з’явілася адно ў ХІХ стагоддзі і мода на якую, маўляў, імкліва праходзіць.
Сама па сабе канцэпцыя, што сучасныя жыхары Беларусі — нашчадкі народа(ў) Вялікага княства Літоўскага, і варта адраджаць гэтую прывабную ідэнтычнасць — сімпатычная, хоць і ўтапічная. Яна набірае ўсё большую папулярнасць у краінах-спадчынніцах ВКЛ: Літве, Польшчы, Украіне. І, зразумела, Беларусі. Варта згадаць хаця б міжнародны праект “Вялікае княства паэтаў, які ўжо трэці год аб’ядноўвае літаратараў са згаданых краінаў. Няхай ідэя Вялікага Княства разумеецца паэтамі хутчэй метафарычна, чым літаральна.
Літвінства — дэмакратычны праект, які бярэ ад дзяржавы-продка, дзяржавы-прататыпа асноўны прынцып роўнага суіснавання рознасцяў у грамадстве, культуры і палітыцы. У адрозненне ад іншых “новых этнасаў, што паўсталі ў галовах некаторых жыхароў Беларусі, літвіны — адкрытая супольнасць. Стаць літвінам можа не толькі чалавек, чые продкі пакаленнямі жылі на тэрыторыі ВКЛ (чым бліжэй да Вільні — тым лепей), але і любы, хто “адчувае вялікі сантымент да азначанага рэгіёна.
Але этнічны прынцып не адкідаецца цалкам. Калі ў таго, хто нарадзіўся ў Данецку ці Разані, яшчэ ёсць тэарэтычныя шанцы давесці грамадзе сваю літвінскасць, кеніец ці японец, што пачуўся патрыётам Літвы (у праўдзівым значэнні гэтага тапоніма), сустрэнуць на сваім шляху перашкоды.
Гвалтоўна ў літвіны не заганяюць, але — актыўна запрашаюць. Мэта літвінаў — каб па выніках перапісу–2009 у Беларусі іх стала больш за тысячу. Тады іх будуць змушаныя пазначыць асобным радком, а не запісваць у “іншыя нацыянальнасці.
Пакуль што літвінаў далёка не тысяча, аднак наяўныя сілы паспелі разбіцца на варагуючыя фракцыі гіпатэтычнага сойму. Манарха-літвіны мараць у перспектыве запрасіць на княства ў Літву-Беларусь якога-небудзь прыстойнага нашчадка еўрапейскай дынастыі. Літвіны-паганцы настальгуюць па часах балта-крывіцкага адзінства і вызнаюць шматбожжа.
Апошнім часам “асноўныя літвіны моцна крыўдуюць на палона-літвінаў (не ад слова “палон, а ад слова “Палонія). Маўляў, адзіны прадстаўнік гэтага руху — гісторык і кухар Алесь Белы — беспардонна дыскрэдытуе іх, бо вызначае сваю ідэнтычнасць не столькі праз сантымент да ВКЛ, колькі праз нянавісць да сучасных беларусаў, лаючы іх то фашыстамі, то марксістамі.
У 2009 годзе беларускія літвіны таксама святкуюць юбілей. Але не нейкае там убогае 20-годдзе. У 1009 годзе назва “Літва ўпершыню была згаданая ў хроніках. Так што жаданая лічба ў тысячу літвінаў можа быць сакральнай: па літвіну на кожны год існавання вялікай дзяржавы нашай.
Кім жа быць? Здаецца, ёсць яшчэ амаль год на тое, каб перадумаць — і, выпісаўшыся з неактуальных у новым сезоне беларусаў, стаць імпазантнай паляшучкай (я магу па бацьку) ці стылёвай манарха-літвінкай. Але вызначацца ўсім нам, людцы, неяк трэба. Інакш усіх нас — і палешукоў, і крывічоў з літвінамі — чакае агульнае і традыцыйнае ўжо ліха. Як была казала адна беларуская бабуля, “усе мы — рускія людзі.