Яўген Бабак паведаміў, што неўзабаве яго збіраюцца судзіць
Палітвязень Яўген Бабак напісаў у лісце на волю, што яго хутка пачнуць судзіць, паведамляюць праваабаронцы.
Былы памочнік пракурора Першамайскага раёна Мінска Яўген Бабак даслаў на волю ліст, у якім паведаміў што чакае суд у лютым:
«У мяне ўсё па-старому, ніякіх зменаў апроч таго, што мяне перавялі ў іншую камеру. У папярэдняй праседзеў 5 месяцаў. Хутка ў мяне ўжо павінен адбыцца суд. Прыкладна ў лютым».
Бабак стаў вядомы тым, што выканаў свой службовы доўг у жніўні 2020-га, ініцыяваўшы праверку людзей у форме ДАІ, якія па-зверску збівалі байкераў ноччу 11 жніўня. Праверка ні да чаго не прывяла, а сам Бабак звольніўся. 11 чэрвеня 2021 сілавікі разграмілі кватэру палітвязня, а яго двойчы арыштавалі па адміністрацыйным справам. Пазней яму прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Яўгену можна дасылаць лісты на адрас: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яўгену Ігаравічу Бабаку