Выйшаў на волю фігурант справы «Рабочага руху» Дзмітрый Елісееў. Яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржавы
Палітзняволены завадчанін БМЗ Дзмітрый Елісееў, затрыманы па справе «Рабочага руху», выйшаў на волю пад заклад, паведамляюць праваабаронцы.
Стала вядома, што палітзняволены Дзмітрый Елісееў учора выйшаў на волю з гомельскага СІЗА. Яму змянілі меру стрымання і выпусцілі пад заклад. За кратамі яго ўтрымлівалі з 22 верасня 2021. Дзмітрыю было выстаўлена абвінавачванне па арт. 356 КК (Здрада дзяржаве).
Нагадаем, напрыканцы верасня КДБ заявіў пра спыненне дзейнасці «арганізаванай экстрэмісцкай сеткі Рабочы Рух».
«Устаноўлена, што прадстаўнікі актыву гэтага руху, якія знаходзяцца ў асноўным за мяжой, ажыццяўлялі падборку, псіхалагічную апрацоўку і наступную вярбоўку работнікаў найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў з ліку так званых прыхільнікаў пераменаў, якія маюць доступ да звестак абмежаванага характару», — заявіў у эфіры СТБ намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.
У лістападзе на волю выйшлі трое фігурантаў справы "рабочага руха": былая супрацоўніца Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне Святлана Зыль, старшы энергадыспетчар Беларускай чыгункі Максім Саковіч, педагог-дэфектолаг з Гомеля Наталля Белабехава. Ім змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, паручальніцтва і заклад.
Цяпер пад вартай застаюцца дзевяць палітзняволеных фігурантаў па гэтай справе.