Марфа Рабкова: Пачынаць змяняць свет трэба са змянення сябе. І толькі так

Палітзняволеная Марфа Рабкова, якой пагражае да 20 гадоў калоніі, кажа: «Мы павінны зразумець людзей, якія ўзлаваны. Але працягваць ісці шляхам дабра».

glavnaya_17.jpg

Каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, якую вінавацяць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса, разважае ў лісце з-за кратаў пра дабро і зло, паведамляюць праваабаронцы.

«Хацелася б не пускаць у свае сэрца зло і жорсткасць. Але мы ж проста людзі, а мірны шлях вельмі складаны, калі вакол столькі выклікаў і агрэсіі. Шлях прабачэння і прыняцця, шлях дабрачыннасці… Для мяне важна захоўваць гэты вектар, бо мы павінны быць лепшымі і чысцейшымі. І на сваім прыкладзе паказваць, што можа быць па-іншаму. Пачынаць змяняць свет трэба са змянення сябе. І толькі так.

А калі ўнутры злосць і нянавісць, дык якія могуць быць змены ў пазітыўным ключы? Наперадзе шмат стваральнай працы, а гэтая дзейнасць будуецца толькі на добрых намерах. Неяк я стала рэлігійна тлумачыцца. Многае хочацца сказаць і выказаць, але даводзіцца выконваць рамкі. І вы не сумуеце. Мы павінны зразумець людзей, якія азлобленыя. Але працягваць ісці шляхам дабра.

Днямі справу ў дачыненні Марфы Рабковай і яшчэ 9 палітвязняў перадалі ў суд,  хутка пачнецца судовы працэс.

Падтрымаць Марфу можна лістамі на адрас: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Марыі Аляксандраўне Рабковай