Трох мінчукоў асудзілі да двух гадоў «хіміі» за счэпку на акцыі пратэсту пасля выбараў
У судзе Савецкага раёна Мінска 17 студзеня да двух гадоў "хіміі" за ўдзел у акцыі пратэсту пасля выбараў асудзілі трох мінчукоў. Доказ іх віны — фотаздымак, паведамляюць праваабаронцы.
Суддзя Алена Жуковіч асудзіла палітвязня Мікіту
Саснова, Аляксея Кандраценку і Ягора Ж. па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел
у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Усіх ідэнтыфікавалі па фотаздымку ў счэпцы 9 жніўня 2020 года. Усе трое ўтрымліваліся пад вартай у СІЗА-1 па некалькі месяцаў, а пасля абвяшчэння прысуду іх вызвалілі ў зале суда і адпусцілі на волю да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
24-гадовы палітвязень Мікіта Сасноў быў затрыманы 2 верасня 2021 года. Супраць яго, Ягора і Аляксея ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і змясцілі ў СІЗА-1.
Усе трое фігурантаў справы на судзе прызналі віну. Галоўны доказ іх віны — фотаздымак з інстаграма фатографа, які быў апублікаваны на многіх казахстанскіх сайтах.
У выніку суддзя Алена Жуковіч асудзіла палітвязня Мікіту Саснова, Аляксея Кандраценку і Ягора Ж. да двух гадоў "хіміі" кожнага. У цяперашні момант яны знаходзяцца на волі да накіравання ў месцы адбывання пакарання.