Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 5 чалавек

Праваабаронцы патрабуюць спыніць пераслед людзей за правамерныя формы выказвання меркаванняў, у чарговы раз настойваюць на дэкрыміналізацыі дыфамацыі і кажуць пра недапушчальнасць пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў.

img_2815_logo_1_1.jpg

Праваабаронцы звяртаюць увагу, што пяцёра новых палітвязняў пазбаўленыя волі за «абразу прэзідэнта», «прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў» і «знявагу дзяржаўных сімвалаў»:

1. Лілія Ананян узятая пад варту па абвінавачанні па арт. 339 КК за маляванне ў грамадскіх месцах герба «Пагоня».

2. Таццяна Біруля ўзятая пад варту па абвінавачанні па арт. 367 КК за паклёп на А. Лукашэнку.

3. Аляксандр Біруля ўзяты пад варту па абвінавачанні па арт. 367 КК за паклёп на А.Лукашэнку.

4. Аляксандр Міхайлаў асуджаны па арт. 366, 368, 369 КК за пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, абразу прадстаўніка ўлады, абразу А. Лукашэнкі ў каментарах да публікацый у тэлеграм-канале да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

5. Галіна Міхальчук асуджаная па арт. 367, 368 і 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, абразу і паклёп на А. Лукашэнку ў каментарах да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Праваабаронцы лічаць пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі.

Праваабарончая супольнасць патрабуе ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх. А таксама прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асоб ды спыніць усе раней распачатыя па гэтых артыкулах крымінальныя справы.