Двух супрацоўнікаў «Белтэлекама» асудзілі да 11 гадоў зняволення
Да 11 гадоў калоніі за сліў даных прысуджаныя супрацоўнікі «Белтэлекама» Аляксей Бычкоўскі і Арцём Пархамовіч. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі
Суд, які праходзіў у закрытым рэжыме, сёння, 8 лютага прысудзіў двух
супрацоўнікаў "Белтэлекама" да 11 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем
у калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе АФН.
26-гадовы спецыяліст па продажах Арцём Пархамовіч і 36-гадовы інжынер Аляксей Бычкоўскі былі затрыманыя восенню 2021 года. Паводле абвінавачвання, супрацоўнікі «Белтэлекама» ў жніўні-лістападзе 2020 года перадалі асабістыя звесткі больш чым 150 супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, органаў унутраных спраў, суддзяў, работнікаў пракуратуры, дзяржслужачых тэлеграм-каналам.
На «пакаяльных відэа» мужчыны выглядалі збітымі. Жонка Аляксея Бычкоўскага Таццяна, распавяла «Нашай Ніве», што насамрэч, што мужа вельмі збілі пасля затрымання:
«Мужа збілі, калацілі да паўсмерці пры затрыманні. Бо я гаварыла з тымі, хто бачыў яго пасля затрымання, муж быў у жудасным стане, па іх словах.
Я не хачу нават гаварыць, што з ім рабілі — гэта проста прынізліва для яго. Але, мне сказалі, яго білі электрашокерам, ён губляў прытомнасць…
Дзе яго білі, я не ведаю. Але я гаварыла з калегамі мужа, яны расказалі, што сілавікі пасадзілі яго ў бус — і машына яшчэ даволі доўга стаяла проста ля будынка «Белтэлекама» на Матусевіча. Пасля толькі яго даставілі ў Следчы камітэт. А сам муж напісаў у адным з лістоў пра дарогу ў СК: «Я думаў, што проста не даеду».
Таксама жонка Бычкоўскага распавяла, што колькасць "злітых дадзеных" на самай справе ў разы меншая. Аляксей і Арцём Пархамовіч хоць і працавалі ў адным будынку, але ў розных падраздзяленнях, нават не былі знаёмыя. А праходзяць па адной справе толькі таму, што скідвалі інфармацыю ў адзін тэлеграм-канал.
Праваабаронцы прызналі Пархамовіча і Бычкоўскага палітвязнямі.