«Яны мараць, каб я з'ехаў». Лідар страйкаму «Беларуськалію» выйшаў на свабоду пасля 55 сутак арышту
«Я застаюся ў Салігорску і буду дзейнічаць далей». У размове са Свабодай Анатоль Бокун расказвае пра ўмовы ўтрымання за кратамі і далейшыя планы.
Сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна затрымалі 31 жніўня. За тыдзень да гэтага яго ўжо выклікалі ў РУУС, але тады справа завяршылася прафілактычнай размовай. Суд па справе Анатоля Бокуна адбыўся ў дзень затрымання. Яго прызналі вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і асудзілі на 15 сутак арышту. Аднак у сярэдзіне верасня сустаршыня страйкама «Белкалію» на свабоду не выйшаў. Адразу пасля завяршэння тэрміну яго асудзілі яшчэ на 25 сутак арышту, а потым зноў на 15. Агулам Анатоль Бокун правёў за кратамі 55 сутак. Вызвалілі яго толькі ў канцы кастрычніка.
«Як сябе адчуваю? Не дачакаюцца! — расказвае сустаршыня страйкаму "Белкалію" ў размове са Свабодай праз тры дні пасля вызвалення. — Я сябе добра адчуваю. Усе гэтыя дні пасля вызвалення правёў з роднымі. Але ў страйкам ужо таксама заяжджаў. А так да бацькоў з'ездзіў, дома быў. Побытавымі рэчамі займаўся».
Амаль за два месяцы зняволення Анатоля Бокуна пастаянна перавозілі з месца на месца. У Салігорску ён адбываў арышт толькі напачатку. Гаварыць пра тое, дзе да яго ставіліся лепш, а дзе горш, лідар шахтарскага страйку не хоча, каб не паўплываць на ўмовы ўтрымання іншых арыштантаў.
«Я ведаў, што адбываецца ў краіне. Гэта моцна падтрымлівала»
«Умовы розныя былі, — расказвае Анатоль Бокун. — Я за гэты час у розных ІЧУ сядзеў, розныя людзі мне трапляліся. Але ў большасці сваёй людзі яшчэ не страцілі сваіх чалавечых якасцяў. Нягледзячы на ўсё, чалавечае стаўленне мела месца. Да мяне ставіліся нармальна. Я быў у ІЧУ Салігорску, Любані, Узды і Старых Дарог. Чатыры месцы змяніў за гэты час».
Як расказвае страйкамавец, за 55 сутак арышту ён адчуў вялікую падтрымку з боку людзей. Нават тых, каго раней зусім не ведаў.
«Я вельмі ўдзячны ўсім, хто мяне падтрымліваў, — расказвае ён. — Мне дасылалі лісты, газэты, улёткі. Я мог атрымліваць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Пра тое, што колькасць страйкоўцаў павялічвалася. Мне шмат пісалі жыхары Узды, лісты з Салігорску даходзілі, запіскі. Гэта велізарная падтрымка».
Анатоль Бокун расказвае таксама, што за кратамі інфармацыйнай ізаляцыі не адчуваў. Дапамагалі перш за ўсё лісты ад людзей і газеты.
«Сказаць, што я зусім не ведаў, што адбываецца ў краіне, нельга, — кажа сустаршыня страйкама "Белкалію". — Асноўная інфармацыя даходзіла да мяне. Вядома, яе было недастаткова. Напрыклад, я не мог ведаць, якія рашэнні хлопцы прымаюць па страйку. Што яны прыдумалі, што робяць. Вось гэтага мне не хапала. А што да агульнай інфармацыі па краіне, то ўсе значныя навіны я ведаю».
«Людзі вяртаюцца ў страйк»
24 верасня Анатоль Бокун абвясціў галадоўку на тры дні.
«Мая галадоўка была выкліканая ў асноўным такой ганебнай інаўгурацыяй, — кажа ён. — А таксама тым, што кіраўніцтва "Белкалію", кіраўніцтва Салігорска ігнаруе патрабаванні сваіх працоўных і гараджан. Таксама яна была звязаная з тым, што людзей, якія ўдзельнічаюць у мірных пратэстах, затрымліваюць. На мой погляд, гэта незаконна, як і адміністрацыйныя арышты. Гэта тры асноўныя прычыны, чаму я абвяшчаў галадоўку».
Галадоўку сустаршыня страйкама спыніў пасля таго, як рашэнне Мінскага абласнога суда аб незаконнасці страйку на «Белкаліі» было абскарджана. За кратамі яму на той момант заставалася прабыць месяц.
Чаму трымалі ажно 55 дзён? Шахтар кажа, што ўлады спалохаліся той падтрымкі, якую ён займеў ад супрацоўнікаў прадпрыемства.
«Яны, напэўна, лічаць, што тое, што я раблю, шкодзіць дзейнай уладзе, — кажа Анатоль Бокун. — Людзі выбралі мяне адпачатку сустаршынём страйкаму, даверылі мне гэта. Давяраюць мне цяпер. Я думаю, тэрмін арышту звязаны з гэтым. Сёння я ўжо пачынаю ўваходзіць у курс справаў страйкама. Сёння да нас далучыліся яшчэ людзі, мы пра гэта адразу паведамляем. Наш рух працягваецца. Людзі пераасэнсоўваюць тое, што адбываецца. Яны вяртаюцца ў страйк, сем’ямі падтрымліваюць тых, хто працягвае страйкаваць».
«Я застаюся ў Салігорску»
Сустаршыня страйкама «Белкалію» кажа, што не збіраецца з'яжджаць за мяжу, як гэта зрабілі шэраг лідараў страйкаў на прадпрыемствах Беларусі.
«Пытанне пра ад’езд за мяжу мне неаднаразова задавалі прадстаўнікі нашых, так скажам, праваахоўных органаў, — расказвае Бокун. — І мне нават прапаноўвалі гэта зрабіць. Напэўна, гэта іх мара, каб я з'ехаў некуды за мяжу. Але я сказаў, што я патрыёт сваёй Радзімы, што я люблю Беларусь і не прамяняю сваю краіну ні на якую іншую. Я застаюся ў Салігорску і буду дзейнічаць далей».