Як санкцыі паўплываюць на рэгіёны? Удар па занятасці, удар па бюджэтах і рост палярызацыі ў грамадстве
Уведзеныя сектаральныя санкцыі могуць мець сур’ёзны эфект для эканомікі краіны. Пры гэтым уплыў на гарады і рэгіёны застаецца мала вывучаным.
Цэнтр новых ідэй выпусціў даследаванне аб тым, як санкцыі паўплываюць на рэгіёны Беларусі.
Як праводзілася даследаванне
Каб ацаніць магчымы ўплыў санкцый на эканоміку гарадоў і рэгіёнаў, даследчыкі распавялі, што выкарыстоўваліся два падыходы. Спачатку яны прааналізавалі размяшчэнне найбуйнейшых падсанкцыйных прадпрыемстваў, іх уплыў на мясцовую эканоміку і рынак працы. Акрамя таго, даследчыкі вывучылі, якія раёны найбольш залежныя ад рэспубліканскага бюджэту, які найперш пацерпіць ад прымянення шырокіх сектаральных санкцый.
Таксама сумесна з ініцыятывай «Народнае апытанне« было праведзена апытанне актыўнай часткі пратэстнай аўдыторыі праз Viber у пачатку лістапада 2021-га. Пасля адсеву для аналізу выкарыстоўваліся 4323 анкеты.
ЕС і ЗША як асноўныя драйверы санкцый
Найбольш адчувальнымі стануць абмежавальныя меры з боку ЕС і ЗША. Краіны ЕС з'яўляюцца нашымі важнымі гандлёвымі партнёрамі, праз якія беларускія тавары ідуць далей у свет. Абмежаванні ЗША небяспечныя ў першую чаргу з-за магчымых другасных санкцый. У такім выпадку пад удар могуць патрапіць не толькі асобныя прадпрыемствы і фізічныя асобы, але і іх контрагенты. Акрамя таго, санкцыі ЗША перашкаджаюць разлікі ў доларах — асноўнай валюце міжнароднага рынку.
Удар першы. Па падсанкцыйных прадпрыемствах і монагарадах
Рэгіёны, у якіх размешчаны падсанкцыйныя прадпрыемствы, можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі. У першай катэгорыі знаходзяцца рэгіёны, дзе прадпрыемствы, якія трапілі пад санкцыі, з'яўляюцца горадаўтваральнымі або маюць крытычна важнае значэнне для мясцовай эканомікі. Да другой катэгорыі адносяцца рэгіёны, дзе падсанкцыйныя кампаніі хоць і з'яўляюцца важнымі для мясцовай эканомікі, але не адыгрываюць крытычнай ролі.
Праблемы на буйных прадпрыемствах негатыўна адаб'юцца не толькі на ўзроўні заробкаў, якія дастаткова высокія для рэгіёнаў, а таксама беспрацоўю. За кошт зніжэння наяўных даходаў супрацоўнікаў будзе закранута значная частка мясцовай эканомікі. Пацерпяць і мясцовыя бюджэты, і сацыяльная сфера, якія часта абапіраюцца на дзяржаўныя прамысловыя гіганты.
Для іншых гарадоў, дзе прадпрыемствы, якія трапілі пад удар, не з'яўляюцца горадаўтваральнымі, санкцыі будуць пагаршаць стан мясцовай эканомікі, дзелавы клімат, садзейнічаць адтоку кваліфікаваных кадраў ва ўмовах адсутнасці перспектыў росту і дастойнага ўзроўню аплаты працы.
Удар другі. Па рэспубліканскім бюджэце і датацыйных рэгіёнах
Асноўны ўдар будуць несці не толькі кампаніі, пералічаныя ў санкцыйных спісах, але таксама і рэспубліканскі бюджэт, куды ў поўным аб'ёме трапляюць падаткі ад знешняга гандлю і акцызаў.
Спецыфіка фарміравання рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у Беларусі прывядзе да таго, што значныя страты, якія можа панесці ў даходнай частцы рэспубліканскі бюджэт, аслабяць магчымасці па падтрымцы мясцовых бюджэтаў адсталых рэгіёнаў.
Па выніках 2020 года мясцовыя бюджэты ў сярэднім пакрывалі з уласных даходаў свае выдаткі на 75%. Дадаковыя сродкі горада і рэгіёны на мясцовым узроўні атрымліваюць з рэспубліканскага бюджэту. Памер такой падтрымкі часам дасягае 80% расходнай часткі мясцовага бюджэту.
Што беларусы думаюць пра санкцыі
Даследаванне аўдыторыі «Народнага апытання» паказвае, што пераважная большасць прыхільнікаў пратэсту цалкам (71%) або хутчэй цалкам (20%) падтрымліваюць увядзенне абмежаванняў супраць рэжыму Лукашэнкі.
Нягледзячы на такую непрымірымую пазіцыю, нямногія хочуць, каб санкцыі былі накіраваныя супраць беларускай эканомікі. Большасць апытаных не жадае сур'ёзных сектаральных санкцый (толькі 24% падтрымліваюць санкцыі супраць нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў) ці нават абмежаванняў супраць чыноўнікаў (27% за санкцыі супраць чыноўнікаў). Найперш санкцыі павінны быць накіраваныя супраць Лукашэнкі, набліжаных да яго бізнесоўцаў, а таксама супраць сілавікоў.
Пры гэтым перспектыва ўвядзення новых і больш жорсткіх санкцый дае надзею пераважнай большасці (амаль 85% апытаных). Ва ўмовах адсутнасці вулічных пратэстаў і наяўнасці рэпрэсій санкцыі застаюцца амаль адзінай крыніцай надзеі на тое, што сітуацыя ў краіне можа змяніцца.