Куды ідзе «засакрэчаны» экспарт з Беларусі?

Спіс таварных пазіцый, па якіх не публікуецца статыстыка, у 2021 годзе быў істотна пашыраны. Галоўны пакупнік такіх тавараў — Украіна.

newscompany642.jpg


Некалькі месяцаў таму спіс таварных пазіцый, па якіх не публікуецца знешнегандлёвая статыстыка, быў істотна пашыраны. Калі раней трымаліся ў сакрэце дадзеныя па па зброі і боепрыпасах, золату і каштоўнасцях, тытунёвых вырабах, то цяпер пералік папоўнілі:

  • нафта і нафтапрадукты
  • электраэнергія
  • усе віды ўгнаенняў
  • розныя арганічныя злучэнні (з нафты)
  • аўтамабільныя шыны
  • грузавыя аўтамабілі і аўтобусы, трактары.

З адкрытага доступу выдаленыя дадзеныя з пачатку 2021 года.

Як бачым, новыя пункты складаюцца ў асноўным з тавараў, якія трапілі пад санкцыі, піша Thinktanks.by са спасылкай на Infobank.by.

У 2021 годзе экспарт тавараў з «сакрэтнага» спісу істотна вырас. Толькі за кастрычнік ён павялічыўся на 82 млн долараў. Тады як па адкрытых пазіцыях — на 67 млн.

Найбольшыя аб'ёмы экспарту тавараў з схаваных статыстыкай таварных груп ідуць ва Украіну і Расію. Удзельная вага «схаваных пазіцый» у беларускім экспарце ва Украіну ў кастрычніку — 79,8%, а ў Расію — толькі 14,2%.

12_31_7.jpg


У ЕС галоўны пакупнік беларускага «схаванага экспарту» — Нідэрланды: але туды паступаюць толькі нафтапрадукты. Бо Нідэрланды — найбуйнейшы еўрапейскі хаб, які складаецца з марскіх партоў, што прымаюць вуглевадароды з усяго свету.

Значна, хоць і ў нашмат меншых аб'ёмах, працягвае ісці экспарт «сакрэтных пазіцый» у Польшчу, Германію, і нават у ЗША. А ў кастрычніку такі экспарт туды нават павялічыўся.

Праўда, у Германію прадавалася ўся беларуская нафта, а яна з лістапада ўжо не ідзе ў гэтую краіну. А ў ЗША пастаўляюцца з закрытага статыстыкай спісу толькі калійныя ўгнаенні, але са снежня менавіта санкцыі ЗША пачынаюць дзейнічаць у дачыненні да гэтага тавару.