Як прыбраць свае каментары з «непажаданых» чатаў
У Беларусі за адзін каментар у сеціве можна атрымаць крымінальную справу. Спецыялісты па кібербяспецы расказваюць, як правільна пачысціць свае сацсеткі.
«Абраза міліцыянта», «заклікі да забастовак» ці «дыскрэдытацыя Беларусі» — хто ведае, што могуць знайсці ў вашых старых каментарах? «Медыязона» падрыхтавала інструкцыю па іх выдаленні ў розных сацсетках: ад Instagram да Youtube.
Радыкальны спосаб прыбраць свае каментары — выдаліць старонкі ў сацсетках. Ён спрацуе для Instagram, TikTok, YouTube і «Аднакласнікаў» — каментары выдаленых акаўнтаў у гэтых сацсетках не адлюстроўваюцца. Гэта дакладна і для Facebook, але ёсць нюанс: выдаленне профілю займае час, на працягу якога каментары могуць заставацца бачнымі, расказваюць эксперты «CyberBeaver».
Калі выдаленне старонак вам не падыходзіць, чытайце інструкцыі ніжэй.
- Зайдзіце ва ўкладку свайго профілю: у мабільнай версіі яна знаходзіцца справа ўнізе — націсніце на мініяцюру свайго фота.
- Націсніце на абразок з трыма рысачкамі («бургер»-меню) у верхнім правым куце экрана (для мабільнага прыкладання) або ў левым ніжнім, калі карыстаецеся дэсктоп-версіяй.
- Затым выберыце «Вашы дзеянні».
- Націсніце «Каментары».
- Адкрыюцца ўсе вашы каментары за час існавання акаўнта, выбірайце і выдаляйце. Таксама вы зможаце праверыць, ці няма каментароў пад допісамі «экстрэмістаў» — не забудзьцеся праглядзець нават даўнія допісы (да 2020 года).
TikTok
- Выберыце абразок «Профіль» у правым ніжнім куце экрана.
- Націсніце на «бургер»-меню ў правым верхнім куце.
- Затым — «Налады і канфідэнцыйнасць».
- Выберыце раздзел «Цэнтр актыўнасці».
- Далей — «Гісторыя каментароў».
- Выберыце відэа, націсніце на ваш каментар і выберыце функцыю «Выдаліць».
Youtube
На камп'ютары
- У верхнім левым куце націскаем на абразок з 3 рысачкамі.
- Знаходзім у спісе, які выпаў, укладку «Гісторыя».
- Цяпер справа вы знойдзеце шэрую кнопку «Каментары», яна — чацвёртая зверху.
- Вас перакіне на старонку з каментарамі: уверсе будзе паказаны тэкст каментара, ніжэй — спасылка на відэа, пад якім вы яго пакінулі. Перайшоўшы па спасылцы, вы ўбачыце свой каментар у самым версе.
- Навядзіце на яго курсор, націсніце на тры кропкі і выберыце «Выдаліць».
На тэлефоне
- У дадатку выберыце раздзел «Вы».
- Націсніце на шасцярэньку ў правым верхнім куце экрана.
- Пераходзьце да «Кіраваць усёй гісторыяй».
- Абярыце ўкладку «Узаемадзеянні».
- Пасля — «Каментары і адказы».
- Націсніце на крыжык справа ад відэа, пад якім вы пакінулі каментар, і ён выдаліцца.
- Каб выдаліць непатрэбныя каментары ў Фэйсбуку, увайдзіце ў свой уліковы запіс з камп'ютара.
- Націсніце на аватарку ў правым верхнім куце экрана.
- У адкрытым спісе выберыце «Налады і канфідэнцыйнасць», пасля — «Журнал дзеянняў».
- Перайдзіце да раздзела «Каментары» — іх можна выдаліць адным дзеяннем, паставіўшы птушачку насупраць слова «Усё».
- Калі вы хочаце пачысціць асобныя каментары, пастаўце насупраць іх птушачкі злева, а затым націсніце кнопку «Выдаліць» у правым верхнім куце экрана.
- Пад «Каментарамі» ёсць раздзел «Публікацыі і каментары ў групах» — зазірніце і туды, каб праверыць, ці ўсё чыста.
«Аднакласнікі»
- Зайдзіце ва ўкладку «Абмеркаванні» — на панэлі злева з'явяцца пяць раздзелаў абмеркаванняў, у якіх вы ўдзельнічалі.
- Выберыце «Усе» і па чарзе адкрывайце публікацыі.
- Па цэнтры экрана вы ўбачыце спіс каментароў пад допісамі — навядзіце курсор на свой каментар, націсніце крыжык і пацвердзіце выдаленне.
- Пасля гэтага націсніце крыжык і на публікацыі злева, каб яна знікла з раздзела «Абмеркаванні».
«ВКонтакте»
— Само па сабе выкарыстанне «ВКонтакте» небяспечнае, бо сэрвіс з'яўляецца расійскім прадуктам, які трапляе пад юрысдыкцыю РФ і супрацоўнічае, у тым ліку, з сілавымі ведамствамі Беларусі. Мы б не рэкамендавалі мець там акаўнт, — лічаць эксперты з «CyberBeaver».
«ВКонтакте» адлюстроўвае каментары выдаленых акаўнтаў. Калі сілавікі знойдуць у такім каментары падставу для крымінальнай справы, яны могуць накіраваць у Расію запыт на атрыманне інфармацыі пра IP-адрас каментатара і вылічыць яго.
(Так было з жыхаром Пружанаў Сяргеем Кемежам — беларускім сілавікам выдалі яго IP-адрас і нумар тэлефона, на які была зарэгістраваная старонка. За «абразлівы» каментар у «ВКонтакте» ён атрымаў 2 гады калоніі.)
Калі вы пісалі мала каментароў, іх будзе зручна праглядзець праз раздзел «Навіны».
Пасля націску кнопкі «Каментары» з'явяцца допісы з вашымі каментарамі пад імі. Навядзіце курсор на патрэбны каментар і націсніце крыжык.
Калі каментароў шмат і ў нейкі момант яны перастаюць прагружацца, спатрэбіцца іншы спосаб: запыт архіву даных. Запытайце ў падтрымкі «ВКонтакте» архіў даных па гэтай спасылцы.
У блоку «Выгрузіць даныя пра сябе» націсніце на кнопку «Запытаць архіў».
Прыбярыце птушачкі з непатрэбных пунктаў, выберыце «Іншае» і «Каментары».
Націсніце «Адправіць запыт».
Пасля гэтага вам у «асабістыя» прыйдзе паведамленне ад падтрымкі «ВКонтакте».
Архіў адправяць у ваш дыялог на працягу некалькіх дзён. У ім вы знойдзеце файл з пашырэннем .html. Адкрыйце яго, і ў браўзэры з'явіцца спіс вашых каментароў са спасылкамі на іх.
Пасля выдалення каментароў не забудзьцеся пачысціць архіў з тэлефона.
Telegram
Спосаб 1 — бот для пошуку паведамленняў у чатах
Група гродзенскіх актывістаў, якія называюць сябе «Захавальнікамі», стварыла бот для праверкі паведамленняў у тэлеграм-чатах — @findmessagesbot. «Кіберпартызаны» і «Кібербабры» лічаць яго бяспечным.
Важна: бот можа «прабіць» вашы паведамленні толькі ў тых публічных чатах, якія дадалі ў базу бота яго стваральнікі. Яны расказалі «Медыязоне», што цяпер такіх чатаў больш за тысячу, і спіс перыядычна абнаўляецца.
Сярод іх:
- дваровыя і раённыя чаты;
- чаты, прызнаныя «экстрэмісцкімі» матэрыяламі / фарміраваннямі;
- чаты для каментароў, прывязаныя да беларускіх каналаў;
- чаты беларусаў замежжа.
Бот дазваляе праглядаць інфармацыю пра паведамленні праз некалькі гадзін пасля запуску, каб падчас праверкі тэлефона ім не скарысталіся сілавікі.
Па заканчэнні пазначанага часу карыстальнік атрымлівае ад бота апавяшчэнне аб колькасці знойдзеных у чатах паведамленняў і інструкцыяй наконт таго, як іх выдаліць.
2 спосаб — экспарт даных
Функцыя экспарту даных даступная ў дадатку Telegram для Windows. Каб экспарт запрацаваў на «Макбуку», Telegram трэба спампаваць не з «Apple Store», а па гэтай спасылцы. Цяпер вы можаце атрымаць файл са спісам паведамленняў у чатах, якія можна знайсці і выдаліць.
- Зайдзіце ў «Налады».
- Выберыце пункт «Пашыраныя налады» або «Прасунутыя налады».
- Прагартайце ўніз і націсніце «Экспартаваць даныя Telegram».
- Выберыце вашы паведамленні ў прыватных і публічных каналах і чатах.
- Пасля заканчэння экспарту націсніце «Паказаць даныя».
Праглядзіце файл і звярніце ўвагу на даныя ў канцы — там захоўваюцца паведамленні ў чатах, адкуль вы выйшлі і дзе былі заблакаваныя. Калі вы не можаце выдаліць «кампраметуючыя» паведамленні з чата, лепш выдаліць свой акаўнт.
Важна: файл не пакажа вашы паведамленні ў адкрытых тэлеграм-чатах, калі вы да іх не далучаліся, адзначаюць «Кіберпартызаны». Напрыклад, вы падпісаныя на канал «Советская Белоруссия» і каментуеце ў ім допісы, але не з'яўляецеся ўдзельнікам прымацаванага да канала чата «Клуб рэдуктараў» — значыць Вашы каментары не будуць бачныя ў файле.