Як пачысціць сацсеткі, каб не трапіць пад «распаўсюд экстрэмізму»?
Цяпер не толькі за лайк і ўпадабаную старонку можна трапіць за краты, але і за тое, што сябруеш з «экстрэмістам». Закрыць спіс фрэндаў, прыбраць рэакцыі і ўвогуле зрабіць сацсеткі больш бяспечнымі асабліва важна, калі вы ў Беларусі.
Улады прызнаюць экстрэмісцкімі не толькі СМІ і розныя ініцыятывы, але і акаўнты асобных людзей у сацсетках. Напрыклад, у спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ёсць старонкі гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча. І калі вы сябруеце з ім у Фэйсбуку ці падпісаны ў Instagram, то міліцыя можа палічыць гэта распаўсюджваннем «экстрэмісцкіх матэрыялаў». «Медыязона» склала гайд, як схаваць сваіх сяброў і падпіскі ў сацсетках, а заадно і адлайкаць «экстрэмісцкае».
Хаваем сяброў і падпіскі ў Фэйсбуку, прыбіраем лайкі
Вось што трэба зрабіць, каб схаваць сяброў у Фэйсбуку з камп'ютара:
- націсніце на сваё фота ў правым верхнім куце старонкі, зайдзіце ў «Налады і канфідэнцыйнасць» — «Налады»;
- злева абярыце пункт «Праверка прыватнасці»;
- у раздзеле «Хто можа бачыць вашы публікацыі» націсніце «Працягнуць», прагартайце да пункта «Сябры і падпіскі» і абярыце тых, хто можа бачыць спіс вашых сяброў і падпісак. Напрыклад, толькі вы. Пасля гэтага спіс вашых сяброў, падпісак і ўпадабаных старонак знікне з публічнага доступу.
У мабільнай версіі, каб знайсці неабходныя налады, націсніце на ваша фота ўнізе справа, затым — на шасцярэньку ў правым верхнім куце. Вы патрапілі ў «Налады і канфідэнцыйнасць». Далей абярыце «Праверка прыватнасці» і выканайце апошні пункт з інструкцыі для версіі з камп'ютара (яна вышэй).
Не забудзьцеся таксама праглядзець гісторыю лайкаў і каментароў. Для гэтага ў тых жа наладах («Налады і канфідэнцыйнасць») прагартайце ўніз і знайдзіце «Журнал дзеянняў» — «Гісторыя дзеянняў». У фільтрах выберыце «Вашы дзеянні на Facebook» — «Каментары і рэакцыі». Тут можна паглядзець усе вашы лайкі і каментары і забраць назад непатрэбнае і «экстрэмісцкае».
Закрываем профіль у Instagram і чысцім падпіскі
У Instagram нельга схаваць падпіскі ад сяброў. Таму ёсць два спосабы сябе засцерагчы. Вы можаце ўручную адпісацца ад «экстрэмісцкіх» сяброў і рэсурсаў альбо закрыць профіль. Як гэта зрабіць:
- адкрыйце налады ў сваім профілі (для гэтага націсніце на сваё фота знізу справа, затым — тры палоскі справа ўверсе);
- зайдзіце ў «Канфідэнцыйнасць акаўнта»;
- націсніце на кнопку «Закрыты акаўнт».
Не забудзьцеся пачысціць лайкі і каментары. Для гэтага зноў націсніце на тры палоскі ў профілі, выберыце там «Вашы дзеянні» і прыбярыце каментары і лайкі. Пасля гэтага абавязкова перайдзіце ў раздзел «Нядаўна выдаленыя» (ён знаходзіцца ў раздзеле «Вашы дзеянні») і ачысціце яго.
Калі вы хочаце пакінуць акаўнт адкрытым, але дзяліцца кантэнтам толькі з пэўнымі людзьмі, наладзьце функцыю «Блізкія сябры». Каб стварыць такі спіс, зноў націсніце ў сваім профілі тры палоскі і выберыце «Блізкія сябры», а затым дадайце туды людзей, якім давяраеце.
Але ўлічыце, што наяўнасць у вас спісу «Блізкіх сяброў» не азначае, што цяпер вы аўтаматычна будзеце публікаваць свой кантэнт толькі для іх. Каб апублікаваць сторыс, допіс ці рылс для «блізкіх», а не для ўсіх падпісчыкаў, трэба выбраць гэты спіс перад публікацыяй.
Закрываем старонку ў «ВКонтакте»
У «ВКонтакте», як і ў Instagram, нельга схаваць свае падпіскі, але можна паглядзець усе лайкі і нядаўнія каментары. Вось алгарытм дзеянняў для мабільнага прыкладання, каб знайсці вашы лайкі:
- адкрыць укладку «Сэрвісы»;
- націснуць на значок меню (тры гарызантальныя палоскі);
- перайсці ва ўкладку «Закладкі»;
- націснуць на «Рэакцыі». Там адлюструюцца ўсе вашы лайкі, пакінутыя ў «ВК»: на запісах, каментарах і гэтак далей. Уважліва праглядзіце іх і прыбярыце лайкі з «экстрэмісцкага» кантэнту.
З камп'ютара лайкі можна паглядзець у раздзеле «Навіны» — «Рэакцыі».
Паглядзець усе вашы каментары ў «ВКонтакте» немагчыма. Можна ўбачыць толькі зусім нядаўнія. З камп'ютара вы знойдзеце іх у раздзеле «Навіны» — «Апавяшчэнні». У мабільным дадатку на галоўнай старонцы трэба націснуць на званочак у верхнім правым куце і затым перайсці да каментароў.
Яшчэ ў «ВКонтакте» можна зрабіць старонку закрытай. Каб зрабіць гэта ў дадатку, выканайце гэтыя дзеянні:
- зайдзіце ў «Налады», націснуўшы на свой фотаздымак у верхнім левым куце экрана (побач з надпісам «Галоўная»), затым — на тры кропкі зверху справа;
- зайдзіце ва ўкладку «Прыватнасць», прагартайце да пункта «Закрыты профіль» і націсніце на кнопку;
- з камп'ютара націсніце на сваё фота, перайдзіце ў налады і знайдзіце пункт «Тып профілю».
Калі вы хочаце выдаліць старонку ў «ВКонтакте», то вам зноў трэба націснуць на сваё фота (уверсе злева ці справа, у залежнасці ад таго, з якой прылады вы седзіце — з тэлефона або з камп'ютара). Далей у абодвух выпадках дзеянні аднолькавыя: націскаеце на «Кіраванне VK ID» — «Бяспека і ўваход» — самы апошні пункт «Выдаленне акаўнта VK ID».
Хаваем падпіскі ў TikTok
У TikTok па змоўчанні бачны вашы падпіскі. Для таго, каб схаваць іх, зайдзіце ў свой профіль (унізе справа) і націсніце на тры палоскі ў верхнім правым куце. Далей перайдзіце ў «Налады і канфідэнцыйнасць», націсніце «Канфідэнцыйнасць», прагартайце да раздзела «Падпіскі» і абярыце «Толькі я». Пасля гэтага вашы падпіскі будуць бачны толькі вам.
З лайкамі — аналагічна. Па змоўчанні ў наладах TikTok упадабаныя відэа можаце бачыць толькі вы, але на ўсялякі выпадак пераправерце.
Важна! Некаторыя з пералічаных вышэй правілаў (напрыклад, «схаваныя сябры») робяць вашы старонкі больш бяспечнымі, толькі калі ў сілавікоў няма доступу да вашага тэлефона. Калі ж яны прыйдуць да вас, адбяруць тэлефон і зойдуць у вашы акаўнты, то ўбачаць усіх сяброў і падпіскі.