Як падрыхтавацца да праверкі тэлефона на мяжы?
Праверыць на мяжы могуць кожнага. Няма падстаў меркаваць, што асабіста з вамі гэтага не здарыцца. Пачытайце парады «Кіберпартызанаў» наконт таго, як падрыхтаваць смартфон да перасячэння мяжы.
Telegram: Часцей за ўсё у гэтым месенджэры правяраюць перапіскі, кантакты, падпіскі.
Пры гэтым, калі месэнджэр не ўсталяваны, могуць прымусіць усталяваць і аўтарызавацца праз нумар сім-карты, якая стаіць у тэлефоне.
Таму: Завядзіце акаўнт без «кампрамату», які можна паказваць па запыце памежнікам (часова выйдзіце з акаўнта для палітычных чатаў/каналаў).
Або пастаўце на акаўнт «воблачны пароль» і выйдзіце з яго. На пытанні памежнікаў адказвайце, што не карыстаецеся Telegram і нехта, відаць, зарэгістраваўся на ваш нумар, але вы не ведаеце пароль.
Месенджары і сацсеткі: Instagram, Facebook, WhatsApp, Youtube, Viber, TikTok і да т.п.
Могуць праверыць: сторыз; лайкі; перапіскі, каментары; падпіскі; фота, відэа; гісторыі праглядаў і публікацый;
Воблачная сховішчы (напрыклад, Google дыск).
Галерэю фота і відэа, у тым ліку выдаленыя файлы ў кошыку.
Кантакты тэлефона (асабліва з замежнымі нумарамі). Прыгатуйцеся да пытанняў, хто гэтыя людзі, чым займаюцца і дзе жывуць. Усе замежныя нумары ў вас могуць перапісаць.
IMEI код нярэдка перапісваюць на ўездзе ў Беларусь, каб потым мець магчымасць адсачыць ваш тэлефон па вышкам сувязі.
Што з гэтым рабіць
«Кіберпартызаны» раяць ставіцца да магчымай праверкі телэфона максімальна сур'ёзна і пачынаць гатаваць тэхніку для надгляду загадзя.
Праверыць, наладзіць, пачысціць кожную аплікацыю, у якой вялі перапіску, глядзелі фота ці відэа, ставілі лайкі на палітычныя тэмы.
Лепш на час перасячэння мяжы зусім выдаліць сацсеткі з тэлефона.
Не панікаваць, калі супрацоўнік спецслужбаў уводзіць нейкія каманды ў тэлефоне. Хутчэй за ўсё, гэта перапісваюць IMEI.
Проста старайцеся не браць з сабой тэлефон на тэрыторыі Беларусі ў месцы, дзе вас не павінны адсачыць.
Чаго рабіць дакладна не варта
«Кіберпартызаны» нагадваюць: не варта спадзявацца, што памежнік не папросіць паказаць тэлефон.
Няма ніводнай прычыны меркаваць, што так будзе ў вашым выпадку. Праверыць могуць любога.
Таксама не варта перасякаць мяжу з «голым», новым і ненастроеным тэлефонам.
Абсалютна чыстая галерэя і поўная адсутнасць кантактаў або паўсядзённых перапісак выклікаюць падазрэнне. Пажадана хоць нешта паказаць.
Таксама спецыялісты не раяць востра рэагаваць на любыя маніпуляцыі з вашай тэхнікай. Старайцеся захоўваць спакой падчас надгляду.
«Памятайце: нельга выняць са смартфона тое, чаго на ім фізічна няма, а любы пароль ад вас можна атрымаць, было б жаданне», — пішуць «Кіберпартызаны».