Як Лукашэнка эксперыментаваў з адукацыяй і што з гэтага атрымалася

Увядзенне і знішчэнне 12-годкі, спрашчэнне праграм, знішчэнне гімназій і прыватнай адукацыі... Мінадукацыі 30 гадоў праводзіць рэформы ў сферы навучання. Часта адна ініцыятыва праз некалькі гадоў адмяняецца чарговай ідэяй ад чыноўнікаў. «Люстэрка» прыгадвае, што адбывалася з беларускай школай за апошнія дзесяцігоддзі.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__12__logo.jpg

Шматпакутная беларуская адукацыя зноў сутыкнулася з неадназначнымі новаўвядзеннямі: Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) змяніў сістэму падліку балаў на цэнтралізаваным экзамене, у выніку чаго нават праз адзін-два няправільныя адказы можна было страціць 15−20 балаў са 100. Гэта далёка не першы скандальны выпадак у гісторыі рэфармавання сферы. Успамінаем, як за гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі змянялася сістэма адукацыі, якія эксперыменты ў ёй праводзіліся і як яны ўплывалі на звычайных беларусаў.

Дзевяностыя без Лукашэнкі

Беларусь уступіла ў незалежнасць з савецкім багажом у сферы адукацыі. У выніку шматлікіх рэформаў сітуацыя да канца 1980-х была такая: навучанне было бясплатным, яго працягласць складала 11 гадоў (з 1 па 4 клас — пачатковая школа, затым сярэдняя). Пры гэтым навучанне да 9 класа было абавязковым. Потым вучань мог застацца ў школе яшчэ на два гады або паступіць ва ўстанову сярэдняй прафесійнай адукацыі (часцей за ўсё вучылішча).

У пачатку 1990-х краіне трэба было вырашыць праблемы ў эканоміцы і разабрацца, у якім кірунку рухацца далей: наперад, да рынку і дэмакратыі, або назад, да (паў)планавай эканомікі і аўтарытарызму. Выбралі апошняе. Таму на кардынальных рэформах у адукацыі ў той час ніхто не настойваў. Змены былі кропкавыя, але важныя.

Першы аспект датычыў тыпу навучальных устаноў агульнай адукацыі. За савецкім часам маглі існаваць толькі школы. У 1991-м з’явіўся «Закон аб адукацыі», паводле якога можна было ствараць гімназіі, ліцэі, школы і класы з паглыбленым выкладаннем асобных прадметаў. У ліцэі і гімназіі прымалі на конкурснай аснове. Якім будзе гэты конкурс, вырашала рада кожнай навучальнай установы. Так у Беларусі з’явіліся Ліцэй БДУ, Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, а таксама шэраг гімназій са сваім іміджам і рэпутацыяй. 

_dzeci___sport___aktyunasc___momant__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

 Другі аспект — стварэнне новых падручнікаў. У першую чаргу гэта датычыла гуманітарных прадметаў. Бо за савецкім часам вучні маглі адмовіцца ад вывучэння мовы і літаратуры, а творы беларускай літаратуры часта чыталіся ў БССР у перакладзе на рускую мову, бо беларускай шэраг школьнікаў не ведаў. Гісторыю ж Беларусі вывучалі па рэшткавым прынцыпе як частку савецкай гісторыі. Пры гэтым адлік вёўся з 1917 года — усе папярэднія падзеі складальнікаў праграм не цікавілі. Паколькі такога прадмета, як «гісторыя Беларусі» не існавала ў прынцыпе, не было і падручнікаў па ім.

У інтэрв'ю T*T.BY Генадзь Пятроўскі, у 1994−1995 гадах — першы намеснік міністра адукацыі Беларусі, расказваў, што перад рабочай групай, якую ён узначаліў, была пастаўлена задача распрацаваць новыя нацыянальна арыентаваныя навучальныя планы і праграмы. Але часу на разварушванне не было: напрыклад, каб новыя падручнікі па гісторыі Беларусі трапілі ў школы да 1 верасня 1993-га, іх аўтарам давялося напісаць іх за два з паловай месяцы. Таму ў кнігах не было ні схем, ні ілюстрацый, не быў падрыхтаваны метадычны апарат — толькі тэксты.

У цэлым жа меркавалася, што праз чатыры гады пасля публікацыі падручнікі перавыдадуць з улікам тых заўваг, якія настаўнікі-практыкі зробяць у працэсе працы, а потым перададуць у Міністэрства адукацыі. Але гэтага так і не адбылося — беларускія школьнікі вучыліся па гэтых выданнях усяго два гады. 

Падручнікі гісторыі Беларусі, выдадзеныя ў 1993—1994 гадах. Фота: 90s.by

Падручнікі гісторыі Беларусі, выдадзеныя ў 1993—1994 гадах. Фота: 90s.by

 

Перапісванне падручнікаў па гісторыі, або Першыя крокі

Прыйшоўшы да ўлады, Аляксандр Лукашэнка першы час быў заняты палітычнай барацьбой і ўсталяваннем свайго аўтарытарнага рэжыму. Таму яму было не да школы.

Упершыню ўлады зацікавіліся ёю ў 1995-м. 17 жніўня ў газеце «Советская Белоруссия» з’явілася інфармацыя галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі Лукашэнкі. Як пісаў T*T.BY, у ёй паведамлялася, што палітык даў распараджэнне «выключыць з сістэмы школьнай і вышэйшай адукацыі з 1 верасня гэтага года падручнікі і дапаможнікі ўзору 1992−1995 гадоў» і вярнуцца да навучальных дапаможнікаў, выдадзеных да 1991 года.

Тое самае ўпраўленне Адміністрацыі ўзначальваў ідэолаг Уладзімір Замяталін. У дадатак ён кіраваў навастворанай камісіяй, якая два месяцы праводзіла экспертызу новых падручнікаў і прыйшла да высновы, што яны носяць «тэндэнцыйны, палітызаваны характар і па сваім профілі не адпавядаюць патрабаванням сучаснай адукацыі». Міністэрства адукацыі пра працу гэтай камісіі нічога не ведала.

Але выдаць за кароткі тэрмін да пачатку навучальнага года новыя падручнікі было немагчыма. Старыя ж зусім не адпавядалі новым праграмам. Таму Лукашэнку давялося здаць назад. Як пісаў T*T.BY, ужо 23 жніўня ён заявіў на нарадзе, што ніякага ўказа пра канфіскацыю падручнікаў не падпісваў і падпісваць не збіраецца, а ўсё тое, што адбылося, было «са сферы амаральных спекуляцый асобных журналістаў і каляпалітычных «дзеячаў».

У выніку падручнікі ў той год са школ не забралі. Але ўжо ў 1996 годзе іх пачалі абнаўляць. Склад аўтараў застаўся прыкладна тым самым — толькі змест выданняў падшліфавалі. Напрыклад, у адным з падручнікаў 1993 года пісалася, што «акт аб незалежнасці Беларусі (гаворка пра Трэцюю Устаўную грамату Беларускай Народнай Рэспублікі, прынятую 25 сакавіка 1918 года.Заўв. рэд.) прымусіў бальшавіцкі ўрад перагледзець сваю палітыку ў адносінах да яе і пайсці на стварэнне хоць і абмежаванай у правах, але ж беларускай савецкай дзяржаўнасці». З новага падручніка 1996 года гэты абзац проста знік.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg

Перапісванне падручнікаў па гісторыі стала нормай. У тым годзе з’явілася ўстаноўка, што неабходна падкрэсліваць прыярытэтныя сувязі гісторыі Беларусі з гісторыяй Расіі і Украіны.

У цэлым жа найбольш адкарэктавалі падручнікі па найноўшай гісторыі. Прычым яны мелі адкрыта палітычны, прапагандысцкі характар і трактавалі гісторыю краіны зыходзячы з савецкай традыцыі. Напрыклад, у падручніку для 11 класа, які выйшаў у 2009-м, гісторык Яўген Новік сцвярджаў, што звесткі пра дзясяткі мільёнаў ахвяр палітычных рэпрэсій у СССР — гэта міф, запушчаны для дыскрэдытацыі сацыялістычнай сістэмы (паводле апошніх ацэнак гісторыкаў, пад дзеянне закона аб рэабілітацыі падпадаюць 11−11,5 мільёна чалавек на тэрыторыі былога СССР).

У 2012-м ён жа ў падручнік па гісторыі для 10 класа ўключыў наступнае сцвярджэнне: «У сістэме школьнай адукацыі, якая дзейнічала на акупаванай тэрыторыі, навучальны працэс меў пранямецкую і прафашысцкую скіраванасць. У класе мусіў вісець партрэт А. Гітлера. Настаўніку, які ўваходзіць у клас, неабходна было вітаць навучэнцаў паднятай правай рукой з воклічам „Хайль Гітлер!“ ці „Жыве Беларусь!“. Вучні мусілі гэтак жа адказваць настаўніку».

Апошняя фраза ўвайшла без змен і ў падручнік, які выйшаў у 2021-м. Але яго аўтары пайшлі яшчэ далей, чым Новік. Той хаця б прыводзіў прозвішчы канкрэтных людзей, рэпрэсаваных у 1930-я гады. Яны ж не назвалі ніводнага — а яшчэ сцвярджалі, што частка людзей была пакарана справядліва. 

Рэформа Стражава

Паралельна з гэтымі падзеямі рэформы ў школе ішлі сваім парадкам. У 1994-м пачаўся эксперымент па стварэнні мадэляў профільных класаў для вясковых школ (на прыкладзе Глыбоцкага раёна). У наступным годзе пачалі стварацца навучальныя планы з рознай колькасцю гадзін — для базавага, павышанага і паглыбленага вывучэння прадметаў. А ў 1996-м тагачасны міністр адукацыі Васіль Стражаў прадставіў праект рэформы школы.

Калі сцісла, сутнасць была наступная:

  • навучанне з 11-гадовага стане 12-гадовым, адпаведна, абавязкова трэба будзе вучыцца не дзевяць гадоў, як раней, а дзесяць;
  • у 10−11-х класах (першым класам быў нулявы) увядуць «профілі» для глыбейшага вывучэння асобных прадметаў;
  • у адукацыі ўвядуць новыя тэхналогіі навучання.

Рэформу ўхвалілі на I з’ездзе настаўнікаў, які прайшоў у Мінску ў кастрычніку 1997-га ў прысутнасці Лукашэнкі. Той падтрымаў праект, але, як пісаў T*T.BY, паставіў міністру адукацыі задачу «захаваць усё станоўчае, дасягнутае рэспублікай за савецкім часам». Таксама палітык казаў пра неабходнасць камп’ютарызацыі школ і даручыў распрацаваць новыя эфектыўныя праграмы па замежнай мове, бо дзеці слаба яе ведаюць. Часткова два апошнія палажэнні былі рэалізаваны.

Паступовы пераход на новую мадэль пачаўся ў 1998-м. Дарэчы, у старшых класах таксама прадугледжвалася ўвесці згаданае вышэй базавае, павышанае і паглыбленае вывучэнне прадметаў — але не адразу. Планавалася, што яно запрацуе, калі «нулявікі» — дзеці, якія тады пайшлі ў нулявы клас — пяройдуць у 10-ы.

Акрамя таго, у 2002-м у школах была ўведзена пяцідзёнка (замест шасцідзёнкі, якая існавала да гэтага) і дзесяцібальная сістэма адзнак. Да гэтага існавала пяцібальная, але фактычна настаўнікі ставілі толькі чатыры адзнакі: двойку, тройку, чацвёрку і пяцёрку (адзінку — у вельмі рэдкіх выпадках).

А ў 2003-м памяняўся фармат уступных экзаменаў у ВНУ. Замест звыклых вусных і пісьмовых экзаменаў з’явілася цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ). Яго фармат часткова пазычылі ў Расіі. За два гады да гэтага ў асобных рэгіёнах усходняй суседкі ўпершыню прайшоў адзіны дзяржаўны экзамен (АДЭ).

У першы год ЦТ замяніла не толькі ўступныя экзамены, але і выпускныя са школы. Аднак выявілася, што большую частку вучняў нібыта наогул нельга выпусціць са школы: яны атрымалі нездавальняючыя ацэнкі па выніках ЦТ. Таму эксперымент згарнулі, а ацэнкі ў атэстат выставілі па гадавых школьных. На наступны год увялі асобныя выпускныя экзамены і тэсціраванне.

Як адзначаўГенадзь Пятроўскі, у новай сістэмы былі свае плюсы: ЦТ практычна цалкам вынішчыла карупцыю. Але пры гэтым яно не ўтрымлівала тэарэтычных заданняў — то-бок «заданняў на «дакажыце». «А гэта значыць, што і задачы на доказы зніклі са школы. Бо і настаўнікі, і вучні — прагматыкі: вучаць толькі тое, што спатрэбіцца на тэстах. Такім чынам мы ператвараем працэс навучання ў педагагічны працэс паводле акадэміка Паўлава, заснаваны на ўмоўным рэфлексе», — адзначаў Пятроўскі, маючы на ўвазе, што школьнікі проста завучваюць тое, што спатрэбіцца ім на ЦТ. 

Закрыццё прыватных устаноў і закручванне гаек

Пры ўсіх плюсах і мінусах рэформа Стражава была цэльнай, яе элементы адпавядалі адзін аднаму. Дзяржава ж на тым этапе сканцэнтравала свае намаганні на выкараненні «апазіцыі» ў адукацыі.

У 2003-м улады закрылі Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа — адну з найлепшых навучальных устаноў Беларусі. Навучанне ў ім ішло цалкам на беларускай мове па арыгінальных праграмах, якія адрозніваліся ад стандартных школьных. Установу ліквідавалі «з мэтай аптымізацыі сістэмы рэспубліканскіх устаноў адукацыі», а ў яе будынку размясцілі суд Цэнтральнага раёна Мінска (пасля 2020-га, ды і раней, у ім праходзілі працэсы над многімі палітвязнямі).

У 2004-м аналагічны лёс чакаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Яго кіраўніцтва атрымала ад Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі прадпісанне неадкладна выехаць з будынка, у якім размяшчаўся навучальны корпус. Будынак тэрмінова спатрэбіўся для размяшчэння Дзяржкантролю і Міністэрства лясной гаспадаркі. Праз некалькі дзён праз адсутнасць навучальных плошчаў у ЕГУ забралі ліцэнзію. 

Былы навучальна-адміністрацыйны корпус ЕГУ ў Мінску. Цяперашні адрас: праспект Незалежнасці, 24. Фота: ehu.lt

Былы навучальна-адміністрацыйны корпус ЕГУ ў Мінску. Цяперашні адрас: праспект Незалежнасці, 24. Фота: ehu.lt

Яшчэ раней прыйшоў канец універсітэцкай вольніцы. З 1987 года пасада рэктара ў Беларусі была выбарнай. Рэктараў абіралі таемным галасаваннем на пашыраным пасяджэнні вучоных саветаў, траціну ў якіх складалі студэнты. З 1996−1997 гадоў рэктараў дзяржаўных ВНУ пачаў прызначаць і звальняць Савет Міністраў, рэктараў прыватных — міністр адукацыі. Пры гэтым кожнага кандыдата ўзгаднялі з Лукашэнкам. Рэктараў жа БДУ і Акадэміі кіравання прызначаў і звальняў асабіста ён.

Забягаючы наперад, скажам, што ў 2014 годзе Беларусь стала ўдзельніцай Балонскага працэсу, які прадугледжвае забеспячэнне супастаўнасці стандартаў і якасці вышэйшай адукацыі (то-бок ва ўсіх краінах-удзельніцах гэтыя стандарты мусяць супадаць). Сярод палажэнняў было студэнцкае самакіраванне, якое мела месца ў 1990-я, і магчымасць выбіраць рэктараў. Але Беларусь, прыняўшы гэта абавязацельства, так і не рэалізавала яго на практыцы. 

Згортванне рэформаў

Разабраўшыся з апанентамі ў сферы адукацыі, улада перайшла ў атаку на распачатую за Лукашэнкам рэформу Стражава.

6 сакавіка 2008 года ў газеце «СБ. Беларусь сегодня» выйшаў артыкул першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Анатоля Рубінава пад назвай «Педагагічны сверб рэфарматарства». У ім адзначалася, што за апошнія гады «ўзмацніліся патрыятызм, вера ў сваю краіну, у яе будучыню. Усё гэта стала магчымым дзякуючы ўнікальнай асобе прэзідэнта краіны, які згуртаваў вакол сябе пераважную частку грамадства, паказаў простыя і ясныя шляхі нашага развіцця». Мінус, паводле аўтара, быў толькі адзін — сітуацыя ў адукацыі. Рубінаў крытыкаваў усе пастулаты рэформы Стражава.

Неўзабаве, у сярэдзіне красавіка, адбылася нарада па пытаннях мэтазгоднасці 12-гадовага навучання ў сярэдняй школе. Аляксандр Лукашэнка назваў 12-годку «адным з самых вострых пытанняў развіцця адукацыйнай сістэмы».

«Трэба будзе разгледзець праблему комплексна, улічваючы ўсе аспекты яе ўплыву на грамадства. У прыватнасці, трэба адказаць на пытанні: ці сталі дзеці разумнейшыя і здаравейшыя таму, што пайшлі ў школу ў шасцігадовым узросце і прабудуць там цэлых 12 гадоў; ці так патэбна грамадству 12-гадовая сярэдняя адукацыя з профільным навучаннем; у што лішні год навучання ў школе будзе штогод абыходзіцца дзяржаве; якія сацыяльныя, маральныя і прававыя наступствы мы атрымаем, затрымліваючы за партай цалкам саспелых маладых людзей?» — задаваўся пытаннем ён.

Каб канчаткова вырашыць, ці патэбна 12-гадовае навучанне, Лукашэнка прапанаваў стварыць камісію на чале з тым самым Рубінавым. Лёс рэформы выў вырашаны. Роўна праз тры месяцы пасля нарады, 17 ліпеня таго ж года, Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 15, які вярнуў 11-годку.

У выніку са школы так і не выпусцілі ніводнага пакалення вучняў, якія вучыліся б усе 12 гадоў. Спецыяльна распрацаваныя праграмы пайшлі ў сметніцу. А для звычайных школьнікаў гэта абярнулася нестабільнасцю і шматразовымі пераходамі ад адной праграмы да іншай. Да прыкладу, адзін з супрацоўнікаў рэдакцыі ўспомніў, што праз пастаянныя рэформы быў у нулявым класе, але не быў у пятым (пасля адмены «нулёўкі»), двойчы лічыўся дзевяцікласнікам і не быў у дзясятым (праз адмену 12-годкі). 

Спрашчэнне праграм і знішчэнне гімназій

Новы перыяд у развіцці беларускай адукацыі пачаўся ў 2011 годзе, калі ў школу пайшоў малодшы сын Лукашэнкі — Мікалай. Супадзенне ці не, але менавіта тады ў краіне з’явіўся Кодэкс аб адукацыі. У дакуменце прадугледжвалася ўвядзенне найніжэйшай адзнакі «нуль», а школы атрымалі магчымасць выключаць тых вучняў, у табелі якіх за год будзе тры «нулі». Таксама новы кодэкс замацаваў магчымасць атрымаць школьны атэстат экстэрнам і дазволіў выкарыстанне электронных планшэтаў замест папяровых падручнікаў.

У снежні 2014-га, калі Мікалай вучыўся ў чацвёртым класе, Лукашэнка прапанаваў увесці шосты школьны дзень, свабодны ад заняткаў, але напоўнены «любімай справай — спортам і працай». Паводле яго задумы, такая субота была патрэбная, каб разгрузіць мозг. У 2015/2016 навучальным годзе, калі Коля стаў пяцікласнікам, ініцыятыва палітыка распаўсюдзілася на ўсе школы Беларусі. 

Лукашэнка ў школе 1 верасня 2011 года разам з сынам Колем. Фота: ctv.by

Лукашэнка ў школе 1 верасня 2011 года разам з сынам Колем. Фота: ctv.by

«Гэта была мая няшчасная ініцыятыва. Яна ішла з чыста чалавечых рэчаў, якія я адчуў на сваёй шкуры, калі малы пайшоў у школу», — пазней прызнаваўся Лукашэнка.

У тым жа 2015-м ён звярнуў увагу, што дзеці ў школе моцна перагружаны: шмат урокаў, няпростая праграма і падручнікі, аб’ёмныя дамашнія заданні. Тады ён паабяцаў, што з наступнага навучальнага года многае спросціцца, каб вызваліць дзяцей ад непатрэбных ведаў з вышэйшай школы. У выніку ў Беларусі пачалі паэтапна абнаўляцца навучальныя праграмы па ўсіх прадметах. Да 1 верасня 2017 года чыноўнікі зрабілі справаздачу, што выканалі даручэнне Лукашэнкі, а новыя навучальныя праграмы дазволяць знізіць нагрузку на школьнікаў. Адзначалася, што дзецям плануюць даваць менш заданняў на дом, а многія тэмы перанясуць з тэарэтычнага ў практычнае засваенне.

Але працэс спрашчэння суправаджаўся атакай на тыя элементы сістэмы адукацыі, якія дазвалялі паглыблена вывучаць прадметы. У 2015-м профільныя гімназіі сталі гімназіямі з напрамкамі (профільнае навучанне змянілася на паглыбленае), а ў 2018-м уступныя экзамены ў гэтыя ўстановы наогул адмянілі. Апошняе рашэнне было прынята за міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам, які адначасова быў лідарам праўладнай камуністычнай партыі.

«Калі мы гаворым пра фарміраванне нашай сістэмы адукацыі, яна мусіць быць роўнадаступнай. Не павінна фарміравацца нейкая элітарнасць, а сістэма адбору таленавітых дзяцей не павінна ператварацца ў спаборніцтва кашалькоў бацькоў або ў нейкі бізнес. Гэтая можа наняць рэпетытара, а гэтая не можа», — заяўляў Карпенка.

На практыцы ж ён вярнуў адукацыю да савецкіх часоў. Нагадаем, што ў 1991-м з’явіўся «Закон аб адукацыі», які дазваляў ствараць гімназіі і ліцэі, куды прымалі на конкурснай аснове. Цяпер гэтае палажэнне знікла, а гімназіі ператварыліся ў звычайныя навучальныя ўстановы, куды прымаюць па месцы жыхарства.

 

Парадак, дысцыпліна і цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ)

Падзеі 2020 года не маглі не паўплываць на адукацыю. У масавых мірных пратэстах удзельнічалі многія выкладчыкі ВНУ і школьныя настаўнікі, а таксама студэнты і навучэнцы. Рэакцыяй улад стала імкненне падняць дысцыпліну і заняцца патрыятычным выхаваннем.

У 2021-м падчас Рэспубліканскага педагагічнага савета Лукашэнка запатрабаваў навесці парадак у школах, «чаго б гэта ні каштавала». «Школа — гэта храм. І туды трэба прыходзіць як у храм. Парадак і дысцыпліна ў гэтым храме залежаць не толькі ад вернікаў, але і ад тых, хто адказвае за стан гэтага храма, то-бок настаўнікаў», — разважаў палітык. 

Апошні званок у школе № 6 Рэчыцы, травень 2023 года. Фота: Instagram / @school6_rechitsa

Апошні званок у школе № 6 Рэчыцы, травень 2023 года. Фота: Instagram / @school6_rechitsa

Тады ж Лукашэнка загаварыў і пра патрыятычнае выхаванне дзяцей. На практыцы гэта прывяло да фарміравання рознага стаўлення да суседзяў Беларусі: да Расіі — выключна станоўчага, да заходніх краін — варожага, укаранення падзелу вонкавага свету на «сваіх» і «чужых».

«Дзяцей вучаць успрымаць незаконныя сілавыя дзеянні дзяржавы як норму», — адзначалі эксперты ў сферы адукацыі па выніках 2021/2022 навучальнага года. Паводле іх, школы пачалі імкнуцца фарміраваць у вучняў падманнае ўяўленне пра гісторыю і культуру Беларусі, адначасова навязваючы прарасійскую парадыгму каштоўнасцей.

Звычайнай карцінай сталі рэпрэсіі. Напрыклад, у снежні 2022 года ўлады займаліся «прафілактыкай» педагогаў, каб тыя не выступалі супраць улады: усіх прымушалі падпісваць памяткі азнаямлення з адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю «за парушэнне заканадаўства». У іх прыводзіліся артыкулы, за якія з 2020-га беларусаў арыштоўваюць па палітычных матывах. Працягваліся звальненні з палітычных прычын.

У юрыдычным плане заявы палітыка знайшлі адлюстраванне ў прыняцці новага Кодэкса аб адукацыі і зацвярджэнні новых правілаў прыёму ў ВНУ і ССНУ. У 2022-м у Кодэксе прапісалі, што дзеці цяпер мусяць атрымліваць абавязковую агульную сярэднюю адукацыю — раней дастаткова было базавай. На практыцы пасля 9 класаў навучэнцы могуць працягнуць адукацыю ў школе, у агульнаадукацыйным альбо тэхнічным ліцэі, а таксама каледжы. Але, як адзначаў эксперт Андрэй Лаўрухін, раней школьнік мог скончыць адукацыю на 9 класах, папрацаваць і зразумець, якіх менавіта ведаў, уменняў і навыкаў яму не хапае. А потым, калі захоча, іх атрымаць.

«Цяпер такую магчымасць выключаюць. Чалавеку давядзецца працягнуць адукацыю незалежна ад таго, што патрабуе ад яго рынак, — казаў эксперт. — Гэта азначае, што сістэма адукацыі мацней ізалюецца ад рынку працы, а сама адукацыя стане яшчэ больш тэарэтызаванай і непрактычнай».

У 2023 годзе падчас уступнай кампаніі павялічылі працэнт бюджэтных месцаў для «мэтавікоў» — студэнтаў, якія, завяршыўшы навучанне, будуць абавязаны адпрацаваць некалькі гадоў на месцы выдачы мэтавага накіравання. На сельгасспецыяльнасцях ён склаў да 70% ад кантрольных лічбаў прыёму, на медыцынскіх — да 80%, на некаторых іншых — да 60%.

Паводле слоў Лаўрухіна, новы Кодэкс істотна пашырыў групу тых, хто падпадае пад паняцце «мэтавікоў». Калі ў дакуменце 2011-га гэта былі толькі бакалаўры, то цяпер — і магістры. «У новым кодэксе напісана, што «мэтавікі» з вышэйшай адукацыяй і магістры павінны абавязкова адпрацаваць «не менш за пяць гадоў», а тыя, хто атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю — «не менш за тры гады». Атрымліваецца, што агучаны толькі ніжні парог. А рэальны тэрмін адпрацоўкі будзе залежаць ад таго, што будзе прапісана ў дамове з арганізацыяй, якая выдала абітурыенту мэтавае. Атрымліваецца, па факце адпрацоўка можа быць і больш доўгай». Мэта новаўвядзення, адзначаў эксперт — затрымаць людзей на першым працоўным месцы, каб яны, напрыклад, не з’язджалі з вёсак і райцэнтраў у вялікія гарады.

Галоўнае змяненне, закладзенае ў новым кодэксе, пачало рэалізоўвацца на практыцы ў 2023-м, калі і з’явіўся цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ). Ён уключае ў сябе ранейшае ЦТ і выпускныя экзамены. Замест чатырох апошніх выпускнікі школ цяпер здаюць два ЦЭ: беларускую або рускую мову, а таксама адзін прадмет на выбар. Так улады зноў вярнуліся да практыкі, якая існавала адзін год (у 2003-м), пра што мы пісалі вышэй.

Для паступлення ў ВНУ звычайна неабходны тры сертыфікаты, таму выпускнікі могуць здаць ЦТ яшчэ па трох профільных прадметах (гісторыя Беларусі, хімія і гэтак далей), якія яны не здавалі як ЦЭ.

Меркавалася, што ўвядзенне цэнтралізаванага экзамену дазволіць разгрузіць выпускнікоў і зэканоміць іх сілы. Але на практыцы атрымалася, як заўсёды: змяненне правілаў падліку вынікаў ЦЭ выклікала новы скандал і пытанні, якія ўсё яшчэ застаюцца без адказу.