Школьнікі для чыноўнікаў — аб’ект для вырашэння бюракратычных задач

«Калі б Лукашэнка прамаўчаў яшчэ дзень-два, мы б убачылі відэа з абітурыентамі на фоне дзвярэй у кабінеце РІКВ», разважае на «Люстэрку» палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10___2__logo.jpg

Мітусня з падлікам вынікаў цэнтралізаванага экзамену лепш за ўсё прадэманстравала дэфекты і праблемныя рэфлексы беларускай бюракратыі і Аляксандра Лукашэнкі асабіста. Пра гэта разважае Арцём Шрайбман для «Люстэрка».

Чыноўнікі сферы адукацыі вырашылі паэксперыментаваць з падлікам балаў, але зрабіць гэта не на выпрабавальным, а на выніковым экзамене. Школьнікам не патлумачылі, як гэта паўплывае на іх вынікі, і не падрыхтавалі выпускнікоў і іх бацькоў да абсалютна чаканага шоку, калі высветлілася, што выніковы бал разлічваўся па-новаму і атрымаўся прыкметна ніжэйшым, чым усе планавалі.

На гэтым першым коле праблемы выявілася няздольнасць прадказаць наступствы сваіх рашэнняў для тых, на каго яны непасрэдна разлічаны — абітурыентаў.

Няма механізма ацэнкі рызыкі, зваротнай сувязі. Прычына — у зусім іншай філасофіі кіравання, чым прынята ў краінах з абранай уладай.

Школьнікі і іх бацькі — не спажыўцы паслуг, якія плацяць Мінадукацыі зарплаты і меркаванне якіх мусіць быць галоўным арыенцірам. Яны, хутчэй, аб’ект для вырашэння бюракратычных задач. Насельніцтва. Адзінкі для ўліку, адукацыйнай апрацоўкі і павышэння нейкіх паказчыкаў. Іх задаволенасць ад працэсу такім паказчыкам не з’яўляецца — прыкладна паводле той самай логікі, паволе якой у сельскай гаспадарцы чыноўнікам трэба даваць справаздачу за ўраджайнасць і надоі, а не за настрой кароў.


Праблема заходзіць на другое кола, калі аказваецца, што школьнікі не статак і гатовы абурацца, калі адчуваюць, што іх чаканні падманулі.

У сістэмы ўключаецца рэфлекс «гасіць», каб не дай Бог вышэйшае начальства не паспела засекчы на радарах кіраўнічы правал.

Чыноўнікі пачынаюць расказваць, што ў іх не толькі ўсё атрымалася як трэба, але і тыя, хто кажа інакш, распаўсюджваюць фэйкі. І нядрэнна было б іх прыстрашыць адказнасцю па ўсёй строгасці сённяшняга беззаконня.

ДзяржСМІ бягуць браць інтэрв'ю ў задаволеных усім школьнікаў і шукаць след экстрэмістаў у разгойдванні сітуацыі.

Думаю, калі б Лукашэнка прамаўчаў яшчэ дзень-два, мы б убачылі серыю відэа з абітурыентамі на фоне дзвярэй у кабінеце РІКВ. Яны б выбачаліся за свае паведамленні ў чатах, якія пісалі на эмоцыях, начытаўшыся дэструктыўных эмігранцкіх тэлеграм-каналаў.

Ну і, нарэшце, кола трэцяе — умяшанне Лукашэнкі. Тут прачнуўся яго галоўны палітычны рэфлекс — ніколі не выпускаць з рук магчымасці старога добрага папулізму па мадэлі «добрага цара і кепскіх баяр».

Рэпутацыйныя страты — на падначаленых, рэпутацыю заступніка простых людзей — сабе.

Тут, натуральна, ад прынцыповасці Мінадукацыі не засталося і следу: міністр Іванец адразу ж прапанаваў перагледзець працэдуру падліку вынікаў. Цяпер Мінадукацыі хоча вярнуцца да сістэмы, дзе такіх ваганняў не будзе і ўсе загадзя будуць ведаць цану кожнага задання.

 

На жаль, свежая ідэя выправіць праблему, якая раззлавала тысячы людзей, не магла прыйсці ў галовы кіраўніцтва Мінадукацыі, калі б сваёй экспертызай мімалётна не падзяліўся Лукашэнка, прызначаючы новага кіраўніка Дзяржпамежкамітэта.

Абурэнне людзей становіцца падставай нешта мяняць, калі начальнік прызнаў яго праведным гневам. Да таго часу гэта правакацыі і фэйкі.

Гэты фармат вырашэння праблем у беларускай дзяржаве не новы. Лукашэнка за гады свайго кіравання рэгулярна ўмешваўся ў канфлікты бюракратыі і людзей на баку другіх, калі гэта не пагражала яго палітычным пазіцыям.

Ад высечкі сквераў да забароны прадаваць алкаголь уначы, ад павышэння цэн на бензін да вынікаў адбору на «Еўрабачанне» — калі Лукашэнка адчуваў, што тут ёсць поле для недарагой гульні ў чулага лідара, ён умешваўся.

Часам, як з тым жа бензінам або «дармаедскім» дэкрэтам, меры, якія абурылі людзей, потым усё роўна прымаліся, проста плаўна, калі эмоцыі згасалі.


На жаль, і сённяшнія абітурыенты наўрад ці могуць святкаваць перамогу. Мала таго, што ім не абяцалі пералічыць вынікі экзамену, ніхто не застрахуе выпускнікоў наступных гадоў ад новых эксперыментаў, пра якія іх ніхто не спытае і да якіх іх не падрыхтуюць загадзя.

Стымулы сістэмы не настроены ні прэвентыўна ўнікаць праблем праз нармальную зваротную сувязь, ні прызнаваць памылкі без найвышэйшага гневу. Адзіны механізм карэкцыі — незадаволеным шанцуе аказацца на радарах у Лукашэнкі, але так, каб ён не ўбачыў у гэтым палітычнага выкліку. Для тых, хто не трапіў у гэта вузкае акенца, у сістэмы ёсць два адказы: абыякавасць альбо рэпрэсіі.