Як хіпстары бульбу капаюць, ці Беларусь як вынаходніца locavore

Прыкладна тры гады таму адзін шалёны амерыканскі хіпстар... запусціў у сеціва проста з клавы свайго Macbook Air міф пра тое, што вітамін у гародніне жыве толькі трое сутак. Пасля гэтага вітамін у гурку ці памідорцы дохне, і, карацей, уся экалагічнасць ідзе ў дупу. 

bulba_800x532.jpg


На мінулых выходных Рэспубліка Беларусь закрывала дачны сезон. Усе тыя, каго Пан Бог наш ласкавы, Пан Бог літасцівы ўзнагародзіў родзічамі з лецішчам, удзельнічалі ў спецаперацыі «Эвакуацыя ўраджаю 2016 на механічных транспартных сродках, спінах і гужавым аўтатранспарце».

Мяхі з бульбай, гарбузамі ды кукурузай піхаліся на заднія сядзенні скураных салонаў, укалочваліся ў багажнікі, побач з крохкімі аўдыёсістэмамі, зашчэмліваліся ў паддашныя тарпеды Thule і падвязваліся да днішча. Абы не пакідаць на полі. Бо памерзне. Няшмат хто з рабоў Госпада Нашага, хто давозіў той ураджай да найбліжэйшай сметніцы, каб з пачуццём асалоды згрудзіць усё, што цесць ды цешча песцілі шэсць месяцаў, дык вось — няшмат хто з іх усведамляў уласную ўцягнутасць у глабальны трэнд, які мае назву locavore («лакаворнасць») і вынаходнікамі якога беларусаў не абвясцілі толькі таму, што пра нашую перадавую дзяржаву няшмат хто ведае за яе межамі.

— Вось, глядзі. Ты ведаеш, што гэта такое? — швед паказаў на чэзлыя парасткі, што тырчалі з зямлі за пяць метраў ад лініі хуткаснага цягніка. Мы ехалі ад Гётэборга да прыстані Sunfleet, каб адтуль узяць паром да Гандлёвага вострава — пакрытай імхамі гранітнай гурбы, схаванай у Паўночным моры.

Я пільна паглядзеў на тую зялёную дрэнь. Выглядала на няпэўныя эксперыменты школьнікаў па вывядзенні новага гатунку сланечнікаў у дзікіх умовах. З зямлі тырчалі сцябліны. Іх было шмат, але выглядалі яны неахайна і турботна. Як піражкі, якімі гандлююць на Камароўцы.

— Што гэта? — здзівіўся я.

— Гэта тутэйшыя лецішчы.

— А дзе хаты?

— Хаты тут будаваць забаронена.

— А платы?

— Платы таксама ставіць забаронена.

— Дык нашто гэта?

— Каб вырасціць сябе крыху сапраўднай ежы.

— Дык гэта бежанцы робяць? Якім есці няма чаго?

— Не, гэта агародчыкі маладых і заможных людзей. Хіпстараў.

Я хацеў сказаць, што слова «хіпстар» канчаткова страціла ўсякі сэнс прыкладна ў той момант, калі Apple перапыніў выпуск лінейкі Macbook Air з падсвечаным яблычкам на скрынцы, замяніўшы яго на ўзноўлены Macbook 13” Retina, на якім яблычак ужо не зіхаціць. Але я падумаў, што тыя Macbook Air усё яшчэ прадаюцца. А ўлічваючы незвычайную трываласць прадукцыі Apple, барадатыя маладзёны будуць праліваць свой бананавы смузі на Macbook Air яшчэ гадоў дзесяць. То слова хаваць пакуль зарана.

— А чаму ў краме не набыць? — запытаўся я.

— Там жа толькі неэкалагічнае.

— Ну а ў эка-краме? — прадэманстраваў я, што добра ведаю расклады.

— У тым уся штука, што эка-крамы — учорашні дзень. А лакаворак у Гётэборгу няшмат.

І тут да мяне дайшло.

Прыкладна тры гады таму адзін шалёны амерыканскі хіпстар, эмпатычны да North Carolina 10% campaign, запусціў у сеціва проста з клавы свайго Macbook Air міф пра тое, што вітамін у гародніне жыве толькі трое сутак. Пасля гэтага вітамін у гурку ці памідорцы дохне, і, карацей, уся экалагічнасць ідзе ў дупу. І тыя, хто набывае садавіну ў эка-раздзелах звычайных «зялёных» гіпермаркетаў і плаціць па 20 даляраў за кілаграм баклажанаў, — кудлатыя лохі. Якія растуць на дохлых вітамінах і таму такія дурнаватыя.

Агракультуры патрэбная новая лагістыка, здольная пакласці нармалёваму барадатаму чалавеку гародніну праз некалькі гадзінаў пасля яе выкопвання з зямлі. Каб вітамін не паспеў падохнуць. Тады смузі будзе сапраўдным, барада не паліняе, і, карацей, усё будзе як у добрым барбрер-шопу.

Так узнік новы трэнд, «лакаворнасць», які патрабуе ад пастаўшчыкоў, каб іх крамы экалагічнай ежы былі не далей за 100 міляў ад разораў. І паколькі новая структура аграспажывання яшчэ не ўзнікла, хіпстары ўсяго свету мусяць адкласці Macbook Air і шопінг-вазок ды ўзяцца за вілы. Каб, карацей, выкалупаць сабе ежу з зямлі самім.

У Нью-Ёрку гэта прывяло да таго, што ўстановы з некалі найлепшымі панарамнымі тэрасамі закрылі тэраскі для наведвання, заслалі іх зямлёй, раскідалі ўгнаенні і вырошчваюць гуркі ды памідоркі, якія прадаюць кліентам па эпічных цэнах. Бо «сваё ж, з зямелькі, вунь, ідзіце, памацайце парасткі!»

У еўрапейскіх краінах гэта прывяло да трэнду partisan locavore, калі людзі арганізуюць гародчыкі на даступных участках зямлі вакол вялікіх гарадоў, барануюць, сеюць, полюць, капаюць. Карацей, вэлкам ту Беларусь апошніх 50 гадоў!

— Як хіпстар садзіць бульбу? — кажа мой шведскі суразмоўца. — Не, ён жа не можа проста ўзяць бульбу ды раскідаць у зямлю! У яго такога глыбокага разумення сельскай гаспадаркі няма! Ён ідзе ў лакаворную краму і набывае расаду! Бульбы! Па 20 еўра за кусцік! Пасля гэтага ён купляе спецыяльную зямлю — бо гэта ж дзікунства, саджаць дарагую расаду ў простую, маргінальную глебу! Пасля — яшчэ выдаткі на ўгнаенні і іншы манікюр, і, карацей, у выніку бульба каштуе прыкладна 200 еўра за мех. Але ж яна экалагічная і ўсе вітаміны жывыя!

— Ну дык хоць наядуцца! — радуюся за еўрапейскіх хіпстараў я.

— Не, не наядаюцца! Бо прыкладна тады, калі бульбу ўжо можна капаць, але дэдлайн яшчэ трымае ўладальніка разор у офісе, на ўчастак прыходзяць мігранты і выкопваюць усё падчыстую. Зямля ж без платоў!

Я пэўны час задуменна маўчу. У прынцыпе, па гэтай сітуацыі можна вывучаць гарадскую еўрапейскую паўсядзённасць. Ды і еўрапейцаў таксама.

— І таму ўзнік новы трэнд, deep partisan locavore, — працягвае мой праваднік. Гэта калі тыя ж хіпстары едуць глыбока ў лес на сваіх Subaru Forester, знаходзяць там аддаленую ад населеных пунктаў палянку і ладзяць сакрэтныя агародчыкі. Ёсць ужо цэлыя кам’юніці — збіраюцца, апранаюцца ў Timberland, бяруць сабе смузі ў тэрмасы — і ў лес. То бок на разоры. Кожныя два тыдні: полюць, паліваюць. А потым збіраюць ураджай. І зламыснікаў няма. І ўсё сваё, рукамі сваімі вырашчана. Экалагічна, свежае паветра. Сувязь з зямлёй.

Я думаў над гэтым усю дарогу да гранітнай выспы. І потым — па дарозе дадому. І ўвесь той час, пакуль быў у Беларусі. Еўропа і астатні свет, прайшоўшы ўвесь цыкл з вірлівым развіццём сельскай гаспадаркі у XX стагоддзі, з’яўленнем буйных гандлёвых сетак, набліжэннем перапрацоўкі і зберажэння да месцаў збору, адмовай ад пестыцыдаў, з’яўленнем «eco-філасофіі», крутанулася праз галаву і прызямлілася роўна там, дзе мы калупаемся колькі ўжо гадоў.

Хаця можна і прасцей:

Дзесяць сотак.

Бульбачка.

Гуркі.

Вітамінчыкі.

А што рабіць, каб памідоры не пасохлі?



budzma.by