«Я на такой пасадзе, што не павінен мець сваіх думак». Допыт сведак па справе скідзельскай мастачкі
11 лютага ў судзе Гродзенскага раёна прадоўжыўся разгляд крымінальнай справы жыхароў Скідзеля Крысціны Палтавец і Андрэя Апанасовіча.
![Крысціна Палтавец і Андрэй Апанасовіч. Фота "Гарадзенская вясна". Крысціна Палтавец і Андрэй Апанасовіч. Фота "Гарадзенская вясна".](/img/v1/images/paltavec.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Крысціна Палтавец і Андрэй Апанасовіч. Фота "Гарадзенская вясна".
Абодвух вінавацяць паводле артыкулу 341 КК РБ (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
Справу разглядае старшыня Гарадзенскага раённага суду Ганна Чылека. Дзяржабвінаваўцай выступае пракурор Марына Цярэшка.
У першы дзень суд дапытаў абвінавачаных і заслухаў пракурора.
![«Цынічны малюнак у выглядзе бусла». Судзяць дзяўчыну, якая малявала на прыпынках «Цынічны малюнак у выглядзе бусла». Судзяць дзяўчыну, якая малявала на прыпынках](/img/v1/images/skidel_risunki_14.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Па інфармацыі "Гарадзенскай вясны", 11 лютага ў суд былі выкліканы сведкі. 6 з іх з'явіліся ў суд і далі свае паказанні. Гэта былі прадстаўнікі розных дзяржаўных установаў і арганізацый, аб'екты якіх "пацярпелі" ад мастацкай рукі Крысціны Палтавец.
Усе сведкі расказвалі пры якіх абставінах былі выяўлены малюнкі на розных аб'ектах і якім чынам яны зафарбоўваліся. Ніякіх прэтэнзій да абвінавачаных сведкі не мелі.
Некаторыя пытанні пракурора былі скіраваныя на "палітызацыю" дзеянняў абвінавачаных. Адзін з дапытаных заявіў наступнае: "Я в такой должности, что не должен иметь своих мыслей".
Пасля апытання сведак былі даследаваныя пісьмовыя матэрыялы справы, іх зачытала пракурор.
У канцы пасяджэння суддзя пастанавіла абвесціць перапынак для магчымага выкліку іншых сведак і для падрыхтоўкі да судовых спрэчак.
Наступнае паседжанне прызначана на 10.00 17 лютага.