«Я хачу насіць кароткую спадніцу. І буду» — Аліна, якая нарадзілася хлопцам

33-гадовая Аліна Майер — сёння самая смелая беларуская транссэксуалка. Яна дала ўжо некалькі інтэрв'ю беларускім СМІ, не стамляецца чытаць каментары пад публікацыямі і кажа, што над некаторымі шчыра рагоча.

c4077dda_c304_402b_b4c4_20e8e6adba58_w987_r1_s.jpg



У Аліны ёсць сябры, яна перакананая, што беларусам можна патлумачыць розніцу паміж гендэрнай ідэнтычнасцю і сэксуальнай арыентацыяй, і ёй падабаюцца кароткія спадніцы.

 

У Аліны хапае сіл заставацца самой сабой. І ёй вельмі патрэбная праца.

 

Калі ў цябе ёсць белы аркуш і чорны аловак, ты малюеш на ім чорны квадрат і бачыш толькі белае і чорнае. Але ёсць алоўкі розных колераў. Гэтаксама як і людзі — бываюць бісэксуальныя, агендэрныя, трансгендэрныя. Мы ўсе розныя. І я хачу, каб людзі гэта зразумелі і прынялі.

 

Мне было вельмі крыўдна 17 траўня. Гэта дзень барацьбы з праявамі гамафобіі і трансфобіі. Але ўсе казалі толькі пра гомасэксуалаў, а пра трансгендэраў — нічога. А гаварыць пра гэта важна.

 

У нас аперацыі па змене полу бясплатныя, але мне гэта ані пра што не кажа.



gdb.rferl.org__eeb88119_cd54_4_cb2c0e6484a1a43ee00dc65cea5b16e1.jpeg

Мяне папрасілі ў дэталях распавесці, як я займаюся сэксам. У Мінскім гарадскім сэксалагічным цэнтры першы дзень далі анкету запоўніць. Пасля трэба было напісаць аўтабіяграфію з самога дзяцінства. Я стала пісаць, і ў мяне было на 3–4 аркушы. А сказалі, што трэба аркушаў 20. Там былі такія пытанні: з кім вам больш падабаецца займацца сэксам? як гэта адбываецца? Абдымашкі-цалавашкі, мая рука ў яго, яго рука ў мяне... І ўсё гэта трэба пісаць? Я не разумею, навошта ўсё гэта трэба ім ведаць. Я не разумею, як пра такое можна пытацца. Гэта ўварванне ў асабістае жыццё.

 

Давайце ўвядзем камісію для тых, хто хоча схуднець, ці зрабіць губкі «банцікам», ці з другога памеру станіка перайсці ў пяты. Давайце іх будзем па два гады шманаць. Гэта дыскрымінацыя, калі трэба праходзіць Навінкі і іншых дактароў, каб даказваць, што з табой усё добра.

 

Я прымаю гарманальныя таблеткі амаль тры гады. Спачатку мне даводзілася праз сацыяльную сетку з кімсьці кансультавацца, хто больш-менш разбіраецца. Бо нашы дактары ў гэтым часткова не разбіраюцца і не ведаюць, ад чаго адштурхоўвацца. Сяджу на форуме, там мне падказалі дазіроўкі.

 

gdb.rferl.org__9443ac0a_2cd9_4_a9bfe05111c3b8dd016935882990dfd7.jpeg

 

Надзявай сукенку і сацыялізуйся як жанчына — так кажа наш доктар, калі прыходзіш да яго і кажаш, што адчуваеш сябе дзяўчынай. FTM (ангельская абрэвіятура Female to Male, азначае пераход ад жаночай ідэнтычнасці да мужчынскай — РС.) нашмат прасцей: надзеў мешкаватыя штаны, кепку, майку, узяў у бацькі боты 45-га памеру, хай у цябе і 38-ы.

 

А ў мяне якая сацыялізацыя? Мяне ў горадзе сфатаграфавалі і выклалі фотку ў групе «Беларускі моднік». Пра што гэта кажа? Пра нявыхаванасць і цемрашальства.

 

Першы чалавек, якому я прызналася, была дзяўчына, якая ў мяне закахалася. Мы сябравалі ў «Одноклассниках». У мяне там акаўнт мужчынскі і шмат сяброў-дзяўчат. Яны любяць са мной камунікаваць, бо я не кажу адразу: «Давай сустрэнемся і зоймемся сэксам». Ува мне бачылі добрага чалавека. І я заўжды ўсіх прасіла, каб толькі не закахаліся ў мяне.

 

А тут яна мне дасылае вершы, просіць тэлефон, кажа, што не спіць з мужам у адным пакоі, а спіць асобна з дзіцем. Я яе прасіла: «Ня трэба, бо можаш моцна аб мяне абпячыся». Ёй першай я расказала. Пасля ўжо сястры і маме сказала. Дзяўчына зразумела, але пасля напісала, што ўпала ў дэпрэсію. І нібыта з-за мяне.

 

Я не ведаю, што дае гей-прайд. Я хаджу на квір-фэсты, на лекцыі, фільмы паглядзець у Makeout. А проста па горадзе пагуляць у мяне жадання няма.

 

З маці і сястрой мы так і не прымірыліся. Маці ляжала ў рэанімацыі, дык сястра дадалася да мяне «ў сябры», толькі каб пра гэта паведаміць. Груба вельмі размаўляе са мною, крычыць увесь час. І выдалілася пасля. А маці яшчэ насварылася на яе, навошта ты «яму» гэта распавяла. Гэта мне, значыць.


gdb.rferl.org__7ce709a9_ad22_4_660b2e745b82db45ffe27df85fa4b80a.jpeg

Маю маці жорстка збіваў айчым. Я яго нават айчымам не назаву. Проста тыран. Яна ад яго за ўсё сваё жыццё не мела ніводнага прыемнага слова, не кажучы ўжо пра падарункі. Адны сінякі і іншыя непрыемнасці. Мыла яму шкарпэткі і трусы. Яны нават не заўважалі, што са мной адбываецца.

 

Гэта заўжды было ў мяне ўнутры. Я жыла з гэтым чалавекам. І баялася гэта камусьці сказаць. Тым больш сабе. Я купіла аднойчы газету «Спид-инфо». Там была рэклама «аперацыі па змене полу ў Маскве». І сайт быў. Я тады ў інтэрнэт-клубе на гэты сайт залезла, пачытала. Зразумела, што зрабіць аперацыю па карэкцыі полу — гэта адно, а знешнасць таксама ж трэба мяняць. Табе кажуць «эй, мужык», ты ж штаны не расшпіліш кожны раз, каб даводзіць, што ў цябе там няма нічога.

 

Я з гэтага інтэрнэт-клубу выйшла з сумам-смуткам. Мне здавалася, што я адна такая, падзяліцца няма з кім. Думала, што давядзецца так і жыць усё жыццё. Але прайшоў нейкі час, даведвалася ўсё больш і больш, сябры з'явіліся.

 

Я з боку іншых ніякай дыскрымінацыі не адчуваю. Усё добра. З агрэсіяй не сутыкалася. Але адчуваю, што людзі смяюцца ці коса паглядаюць. Я хаджу да псіхолага, яна шмат у чым мне дапамагла. Страх я пераадолела. І ведаю, што галоўнае — гэта тое, як ты сам да сябе ставішся. Паглядзелі коса — «Супер! Вы неадукаваныя пячоразаўры». Але гэта толькі позірк. Шмат на каго глядзяць, хто не падыходзіць пад стандарты.


gdb.rferl.org__fff841c1_f08a_4_8295bca168ce318a0be07a709b4dbec8.jpeg

 

Яшчэ тры гады таму на мужчыну ў ружовай маечцы казалі «гей». Цяпер такога няма. На двухметровую дзяўчыну таксама будуць лупіць вочы. Ці калі хто на мыліцах. А можа, хтосьці ў тату, у вушах тунэлі і кольцы ў носе. На ўсіх глядзяць, хто не ўпісаны ў рамкі гэтага грамадства.

 

У мяне ёсць рукі і ногі, магу сама зарабляць на сябе. Займаюся малярнымі і аддзелачнымі працамі, кватэры прыбіраю. Але замоваў мала.

 

Дэкрэт пра «дармаедаў» мяне абурае. Чаму я мушу карміць чынушаў, якія пабудавалі сабе церамкі ў Драздах?

 

Калі замоўцу прынцыпова, як я выглядаю, гэта ягоныя праблемы, а не мае.Чалавеку ўсё адно, як я выглядаю. Яму галоўнае — каб праца была якасна зробленая.

 

Я хачу насіць кароткую спадніцу. І буду. Гэта мая асабістая справа і маё права. Я магу хадзіць у шортах, магу мужчынскае адзенне надзець, магу макіяж зрабіць ці не зрабіць. Але ўнутры я заўжды буду дзяўчынай.


www.svoboda.org