IT-краіна на маркоўных градках

Канфлікт з-за морквы, сабранай на калгасным полі гомельскімі студэнтамі, на самай справе, значна больш сур'ёзны, чым здаецца на першы погляд.

morkva.jpg

Прэамбула такая. Студэнтаў трэцяга курсу электратэхнічнага факультэта БелДУТ адправілі на ўборку морквы. Аплата за працу прадугледжана не была, але, па ўмовах дамовы, студэнты маглі забраць з поля па 5 кг караняплодаў. Аднак морквы зборшчыкам не дасталося. Калі адзін з студэнтаў пачаў грузіць зароблены ўраджай у машыну, ахоўнік выклікаў міліцыю
На «Камбінаце «Усход», на поле якога і адбыўся інцыдэнт, запэўніваюць, што міліцыю паклікалі таму, што студэнты збіраліся павезці больш, чым сабралі, і абурана дадалі: «Не трэба ж нахабнічаць!»
Такі сціслы сюжэт гэтай «маркоўнай вайны». А цяпер давайце капаць глыбей, але не карняплоды, а сутнасць гэтай гісторыі.
Мы адмыслова зазірнулі на сайт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, каб зразумець, каго ж вучаць на электратэхнічным факультэце? Такім чынам, студэнты пасля яго заканчэння атрымліваюць дыпломы інжынераў-электрыкаў, маючы наступныя спецыялізацыі:

  • «Аўтаматыка і тэлемеханікі»;
  • «Сістэмы перадачы і размеркавання інфармацыі»;
  • «Мікрапрацэсарныя інфармацыйна-кіроўныя сістэмы».

Як вы разумееце, ад вышморгвання морквы да мікрапрацэсарных інфармацыйна-кіроўных сістэм адлегласць у некалькі светлавых гадоў. Але не ў нашых шыротах.
Думаецца, няма неабходнасці тлумачыць, што змушае адных звяртацца да эксплуатацыі таннай студэнцкай рабсілы, а іншых згаджацца на гэтую эксплуатацыю. Палічыце кошт 5 кг морквы ў рублях, і вы даведаецеся суму, у якую дзяржава ацэньвае чалавечую годнасць сваіх грамадзян. А часам і іх жыцці. Гісторыя са смерцю школьніцы падчас уборкі бульбы нікога нічому не навучыла.
Вось і працягваюць студэнты збіраць ураджай, а калгасы ваяваць за 5 кг морквы. Жабрацкія разборкі на маркоўных градках у краіне жабракоў калгасаў — той яшчэ кейс для IT-краіны, на якую замахнуўся Аляксандр Рыгоравіч.
Таму зусім не важна, хто мае рацыю, а хто вінаваты ў гэтай «маркоўнай вайне». У краіне, дзе ў 21 стагоддзі моркву збіраюць інжынеры і ёю ж атрымліваюць плату за сваю працу, пераможцаў быць не можа.
Паводле gazetaby.com