Інаўгурацыя, якая нічога не змяніла. Найважнейшае за 23 верасня
«Прэзідэнт АМАПу» — так у сацыяльных сетках цяпер кажуць пра Лукашэнку. Сапраўды, інаўгурацыя, якая ва ўсіх краінах з’яўляецца ўрачыстасцю, у Беларусі ператварылася ў спецаперацыю.
![20200923110545_4e2a4680_logo_1.jpg 20200923110545_4e2a4680_logo_1.jpg](/img/v1/images/20200923110545_4e2a4680_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Зразумела, што «патаемная інаўгурацыя» нішто не змяняе ў нашых раскладах. Канешне, Лукашэнка пры гэтым парушыў закон, але ці спадзяваліся мы, што ён будзе выконваць законы пасля таго, як выбары прайшлі, як прайшлі?
Канешне ж, Мінюст прызнаў інаўгурацыю законнай — але з яго адказу расійскаму агенцтву «Навіны» таямнічым чынам знікла згадка пра «прадстаўнікоў Вышэйшага Гаспадарчага суду», якія павінны былі прысутнічаць на інаўгурацыі, але не прысутнічалі.
Больш за тое, даючы падобны каментар, Мінюст сам перавысіў паўнамоцтвы, бо трактаваць Канстытуцыю у нас мае права выключна Канстытуцыйны суд. І выбарачна выкідаць частку тэксту з другога абзацу артыкула 83 таксама права не меў. Карацей, у чарговы раз схлусілі.
Важна не тое, інаўгураваўся Лукашэнка, ці не. Важна тое, ці ёсць давер народа да гэтай падзеі. А даверу, як паказалі вечаровыя падзеі, ні ў каго няма.
![photo_2020_09_23_19_15_49_1.jpg photo_2020_09_23_19_15_49_1.jpg](/img/v1/images/photo_2020_09_23_19_15_49_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
АМАП і іншыя падраздзяленні жорстка разганялі пратэстоўцаў ва ўсіх раёнах Мінска ажно да глыбокай ночы. Прымяняліся вадамёты, спецсродкі, слезацёчны газ, у некаторых раёнах чулі стрэлы. Прыкладна тое ж самае адбывалася і ў рэгіёнах, напрыклад, у Брэсце. Цудоўна прайшла ўрачыстасць, праўда?
Шэраг краінаў не прызналі Лукашэнку прэзідэнтам. Сярод іх не толькі нашыя суседзі — краіны Балтыі і Польшча, але і Данія, Славакія, Чэхія, і Германія, якая мае вельмі моцны ўплыў на Еўрапейскі Саюз.
![__bun_20200714_3256_46exm_1.jpg __bun_20200714_3256_46exm_1.jpg](/img/v1/images/__bun_20200714_3256_46exm_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святлана Ціханоўская выдатна пракаментавала гэтую сітуацыю — Лукашэнка проста спыніў паўнамоцтвы і сышоў на пенсію. Усе яго загады цяпер нелегітымныя, а значыць, не падлягаюць выкананню.
Ну а тым, хто іх выконваў на вуліцах Мінска 23 верасня хочацца сказаць, каб яны ўсвядомілі: Лукашэнка — не вечны. Нават калі ён утрымаецца ва ўладзе яшчэ некалькі месяцаў, нават калі ён сыдзе ў выніку сваёй жа «канстытуцыйнай рэформы», нават калі гэта адбудзецца праз год-два… Няўжо вы думаеце, што ён захопіць і вас з забою ў нейкае «бяспечнае месца»? Вы сапраўды ў гэта верыце?