Хто яны — новыя дысідэнты?
Пра дысідэнцтва — савецкае і сучаснае — размаўлялі ў рамках праекта ECLAB_Інтэракцыя французскі філосаф Мішэль Ельчанінаў і героі яго кнігі «Новыя дысідэнты» ('Les nouveaux dissidents', Edition Stock, 2016).
Беларуская частка кнігі вырасла з сустрэч і размоў са Святланай Алексіевіч, паэтам Дзмітрыем Строцавым, куратарам галерэі «Ў» Ганнай Чыстасердавай, архітэктарам Артурам Клінавым і іншымі. Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» даведалася, каго можна назваць дысідэнтамі ў сучасным грамадстве.
Мішэль Ельчанінаў – галоўны рэдактар часопіса «Philosophie Magazine», спецыяліст па рускай класічнай філасофіі. У 2015 г. у Францыі выйшла яго кніга «У галаве ў Пуціна», якая атрымала прыз Prix de la Revue des deux Mondes і перакладзеная на нямецкую, польскую, нарвежскую, іспанскую і грэцкую мовы.
Мішэль Ельчанінаў таксама з'яўляецца аўтарам прадмовы да збору твораў Святланы Алексіевіч, які выйшаў у Францыі ў 2015 г. У 2013 г. падрыхтаваў да выдання на англійскай мове «турэмную перапіску» Надзі Талаконнікавай і Славоя Жыжэка, а ў 2016 г. з яго пасляслоўем у Францыі выйшаў «Даклад Нямцова». Апошняя кніга Мішэля Ельчанінава «Новыя дысідэнты» знаёміць з формамі культурнага пратэсту ў сучасных Расіі, Украіне, Беларусі, Кітаі, Індыі, Іране, Палестыне і Мексіцы. У яе аснову ляглі размовы з інтэлектуаламі і актывістамі, з якімі Мішэль сустракаўся падчас сваіх паездак у гэтыя краіны.
– Я заўсёды цікавіўся дысідэнцкім рухам 1960-х – 1980-х гадоў у Савецкім Саюзе, які ў Францыі меў агромны рэзананс. Усе ведалі Салжаніцына, Сахарава, і дысідэнцкі рух меў важнае значэнне ва ўсёй Заходняй Еўропе. Да таго ж некаторыя дысідэнты прыехалі жыць у Францыю. А пасля распаду СССР пра іх абсалютна забылі. І я вырашыў у Парыжы іх запрашаць, каб расказваць, што яны перажылі, – распавёў Мішэль Ельчанінаў.
У прыватнасці, сярод гэтых людзей была Наталля Гарбанеўская, якая ў жніўні 1968 года выйшла разам з сямю паплечнікамі на Красную плошчу на дэманстрацыю супраць увядзення войск у Чэхаславакію. Дэманстрацыя доўжылася дзве хвіліны, пасля чаго супрацоўнікі КДБ затрымалі ўдзельнікаў, і Наталля апынулася ў псіхлякарні.
На думку філосафа, цяпер цікаўнасць да дысідэнцтва, сталінізму сярод моладзі ўзрастае, і ствараецца пакаленне новых дысідэнтаў. Вядома, свет ужо іншы, глабалізаваны, няма СССР. Тым не менш Мішэль тры гады ездзіў па свеце і сустракаўся з людзьмі, якія мірна і індывідуальна пратэстуюць супраць дыктатуры.
– Вядома, новыя дысідэнты вельмі адрозніваюцца ад гістарычных, і ніхто не скажа пра іх, што яны дысідэнты. Мая сяброўка Зоя Светава, журналістка ў Маскве, кажа, што дысідэнт павінен сядзець, а калі ты не сядзеў – ты не дысідэнт. Самі дысідэнты ранейшых часоў не любілі, калі іх так называлі. Па-першае, гэта момант сціпласці – яны не любяць быць героямі, і лічаць сябе людзьмі, якія часам дазваляюць сабе дастойна сябе паводзіць, – зазначыў выступоўца.
Яшчэ адно адрозненне дысідэнтаў мінулага ад сучасных у тым, што першыя шмат дэманстравалі, выходзілі на плошчы. А сёння ёсць мноства іншых спосабаў паказаць сваю нязгоду з дзяржавай, апроч дэманстрацыі.
– Я сустрэўся з былым дысідэнтам, які стаў сімвалам новага дысідэнцтва. Гэта Мустафа Джамілеў, духоўны лідар крымскіх татар. Яго ўласны сын у палоне ў Расіі.
Паводле азначэння Мішэля Ельчанінава, дысідэнт не выкарыстоўвае гвалт, а выступае мірна і ад свайго імя, не падпарадкоўваецца ніякай арганізацыі, не хаваецца.
Новыя дысідэнты, часам, не палітычныя. Яны не толькі ідуць дэманстраваць, а працуюць на фундаменце стварэння грамадзянскай супольнасці. Гэта тое, што Мішэль убачыў у Мінску – не толькі пратэсты, але праца ў галіне культуры, беларускай мовы, абароны правоў працоўных, жанчын, меншасцяў. Каб з’явілася грамадзянская супольнасць, трэба чытаць, дыскутаваць, ствараць альтэрнатыўныя пляцоўкі.
Пра адну з такіх пляцовак распавяла куратар галерэі «Ў» Ганна Чыстасердава.
– Тое, чым мы займаемся, нарадзілася з самога асяроддзя. Першая галерэя «Падземка», якую мы адкрылі ў 2004 годзе, узнікла на, фактычна, стэрыльнай культурнай прасторы. Для нас было важна паказаць патэнцыял, які цэніцца за мяжой – а цяпер і ўнутры краіны, бо галоўнае багацце Беларусі – гэта людзі.
Паэт Дзмітрый Строцаў, які займаецца літаратурнай спадчынай Беларусі, расказаў, што вырас у абсалютна савецкай сям’і, але напачатку 1980-х трапіў у кола Кіма Хадзеева, вядомага мінскага нон-канфарміста. Будучы студэнтам філфака БДУ ў 1949 годзе, Кім Хадзееў на камсамольскім сходзе наважыўся заклікаць да забойства Сталіна і звяржэння УКПБ.
– Калі я прыйшоў у яго кола, было нейкае дзіўнае асяроддзе. Ты трапляў не ў прастору нейкай канспіратыўнай дзейнасці, барацьбы, а ў па-сапраўднаму свабодную прастору для інфармацыі і зносін. Вядома, ніхто не называў сябе дысідэнтам. Але такіх людзей было вельмі шмат з самых розных сфер.
Праваслаўнага святара Аляксандра Шрамко дысідэнцтва прывяло ў царкву.
– Я не хаваў сваіх перакананняў і не мог пагадзіцца з тым, што адбываецца. Царква была ў пэўнай ступені выспай духоўнай свабоды, куды не заходзіла камуністычная ідэалогія.
Падчас сустрэчы закранулі і тэму сучаснай Расіі і, у прыватнасці, яе прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, пра якога Мішэль напісаў адну з кніг. Па яго словах, ідэалогія Крамля мае цяпер вялікі поспех у Францыі ў сувязі з крызісам Еўразвязу. Краіна чакае новых тэрактаў – і яны, пэўна, будуць, і цяпер існуе «моцная спакуса пуцінізму».
eurobelarus.info