Расія. Дзярждума ўхваліла «антытэрарыстычны пакет»

Цяпер будуць караць за неданясенне, а 14-гадовых можна будзе прыцягваць да крымінальнай адказнасці.  

Ірына Яравая

Ірына Яравая


Дзярждума Расіі 23 чэрвеня ў трэцім, канчатковым чытанні ўхваліла «антытэрарыстычны пакет» законапраектаў, унесены дэпутатам Ірынай Яравой і Віктарам Возеравым з Савету Федэрацыі.Прынятыя папраўкі робяць значна больш жорсткімі цэлы шэраг законаў і абмяжоўваюць правы, гарантаваныя расійскім грамадзянам Канстытуцыяй. Павышаюцца тэрміны і штрафы па некалькіх артыкулах, павялічваецца адказнасць за заклікі да тэрарыстычнай дзейнасці і апраўданне тэрарызму ў інтэрнэце.Па справах аб тэрарызме зніжаны ўзрост прыцягнення да крымінальнай адказнасці да 14 гадоў. У Крымінальны кодэкс ўводзіцца новы артыкул аб міжнародным тэрарызме, які прадугледжвае пакаранне да пажыццёвага зняволення. Акрамя таго, у КК з'явіўся артыкул аб неданясенні. За «непаведамленне» пра такія злачынствы, як тэрарызм, захоп улады і замах на жыццё дзяржаўнага дзеяча будуць саджаць на тэрмін да аднаго года.
Законапраект таксама абавязвае аператараў сувязі захоўваць дадзеныя кліентаў на працягу паўгода і падаваць іх праваахоўным органам. Гаворка ідзе пра перапіску, тэлефанаванні і файлы, якімі абменьваюцца карыстальнікі.
Праваабаронцы і юрысты паддалі рэзкай крытыцы гэтыя папраўкі. На іх думку, прапанаваныя законапраекты груба парушаюць Канстытуцыю Расіі, а сам «антытэрарыстычны пакет» не мае ніякага дачынення да рэальнай барацьбы з тэрарызмам.
www.svaboda.org