Хронікі рэпрэсій за 4 ліпеня

Асноўныя факты палітычнага пераследу беларусаў за 4 ліпеня: 9 чалавек прызналі палітвязнямі — іх цяпер у Беларусі зноў больш за 1500 толькі паводле падлікаў ПЦ "Вясна". 5 месяцаў пра Марыю Калеснікаву нічога не вядома, паўтара месяцы няма звестак і пра Вольгу Маёраву. Новыя суды за данаты. Прысуд медыяменеджару Канстанціну Залатых пакінулі без зменаў.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___2__logo_1.jpg

Дзевяць новых палітвязняў

Праваабаронцы Вясны прызналі дзевяць чалавек палітвязнямі. Гэта Вадзім Говін, Юрый Паўлючык, Яўген Кушнараў, Алег Ягоранкаў, Павел Янчук, Аляксандр Хомчанка, Канстанцін Ступнікаў, Вольга Мацко, Сяргей Луферэнка.

Ужо амаль пяць месяцаў няма ніякай інфармацыі ад Марыі Калеснікавай

Пра гэта распавяла журоналістам Таццяна Хоміч — сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай.

Блізкім Марыі нават не паведамляецца, у камеры якога тыпу яна знаходзіцца, а апошні ліст ад яе прыйшоў 15 лютага. Бацьку, які жыве ў Беларусі, бачыцца з Марыяй не даюць — «на нашыя запыты прыходзіць адказ, што яна ні з кім не хоча мець зносін».

Нагадаем, кіраўніцу выбарчага штаба Віктара Бабарыкі затрымалі 7 верасня 2020 года. Праз год Мінскі абласны суд прызначыў ёй 11 гадоў зняволення. Пазней КДБ дадаў Марыю ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

У мінуым лістападзе палітзняволеную змясцілі ў ШІЗА гомельскай жаночай калоніі, адкуль яе даставілі ў хірургічнае аддзяленне гомельскай бальніцы хуткай дапамогі і прааперавалі з прычыны прабадной язвы і перытаніту. Вядома, што шпіталізацыі папярэднічала) непрапарцыйна жорсткае абыходжанне ў ШІЗА. 

Глядзіце таксама

Палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйку пачнуць судзіць 10 ліпеня

Суд над гродзенскім журналістам і грамадскім дзеячам пачнецца 10 ліпеня а 14:15 у Гродзенскім абласным судзе. Так сям'і Мажэйкі паведамілі ў канцэлярыі суду.

Нагадаем, Павел быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь. У сакавіку стала вядома, што Мажэйку абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК).  

Апеляцыю палітзняволенага медыяменеджара Канстанціна Залатых пакінулі без задавальнення

Вярхоўны суд 4 ліпеня разгледзеў апеляцыйную скаргу дырэктара эканамічнай незалежнай газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых, якога прысудзілі да 4 гадоў зняволення па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў. Прысуд першай інстанцыі пакінуты без зменаў. 

З анонса на сайце Вярхоўнага суда толькі вынікае, што на працэс быў прызначаны суддзя Уладзімір Чаравач — у сярэдзіне чэрвеня ён гэтак жа не знайшоў падстаў, каб змякчыць пакаранне іншаму журналісту Генадзю Мажэйку. 

Намесніка старшыні праўлення “Тэхнабанка” Дзмітрыя Богуша пачнуць судзіць 12 ліпеня

Дзмітрый 8 гадоў працаваў у банкаўскай сферы, быў намеснікам старшыні праўлення ААТ «Тэхнабанк». Пасля заняўся бізнесам — пабудаваў ветрапаркі на дзвюх пляцоўках у Гродзенскай вобласці.

У снежні 2022 года палітвязня затрымалі па артыкуле аб «распальванні варожасці» — ён нібыта пісаў у сацсетках каментары з пагрозамі на адрас Лукашэнкі і сілавікоў.

Па словах Богуша ў «палонным» інтэрв'ю па БТ, публічна выказацца ў сацсетках яго падштурхнулі фатаграфіі з збітымі маладымі людзьмі, затрыманымі на акцыях пратэсту пасля выбараў 2020 года.

Канчаткова яму прад'яўлена абвінавачванне паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку). Суд над ім распачнецца 12 ліпеня ў Мінгарсудзе. Справу будзе разглядаць суддзя Любоў Сімахіна. 

Глядзіце таксама

Палітзняволенаму Андрэю Фаміну за самвыдат «Веснікі» прызначылі 7 гадоў калоніі

У Мінскім гарадскім судзе да 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі палітзняволенага Андрэя Фаміна. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання).

Пасля затрымання Андрэя паведамлялася, што ён нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі самвыду «Веснікі», якую праз паўтара месяца пасля затрымання Фаміна прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Таксама Андрэя абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы 30 жніўня 2020 года.

Прысуд вынесла Анжэла Касцюкевіч. 

ГУБАЗіК затрымаў украінку за «распальванне варожасці паміж Украінай і Расіяй»

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «палоннае відэа» з грамадзянкай Украіны, якая з мінулага лютага жыве ў Беларусі. На ім затрыманая кажа, што «размяшчала фота і відэа негатыўнага зместу на адрас Расійскай Федэрацыі».

Мяркуючы па відэа ГУБАЗіКа, пад «распальваннем варожасці» маюцца на ўвазе зборы на патрэбы ўкраінскай арміі, рэпартаж The New York Times пра тое, як расіяне каралі смерцю мірных жыхароў Бучы, а таксама фотаздымкі з наступствамі расійскіх абстрэлаў украінскіх гарадоў.

Праўладныя каналы пішуць, што жанчына «панясе пакаранне і будзе дэпартаваная».

Васіля Якімава асудзілі за жаданне ўступіць у Полк Каліноўскага

За падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеных фармаваннях ва Украіне асудзілі жыхара Астравеччыны. Гродзенскі абласны суд вынес прысуд 23-гадоваму жыхару Астравецкага раёна Васілю Якімаву паводле артыкула аб падрыхтоўцы да ўдзелу ва ўзброеных фармаваннях у замежнай дзяржаве (ч. 1 арт. 361-3 КК). Справу разглядаў суддзя Васіль Скок.

Як паведамляла Генпракуратура, Якімаў выказаў жаданне, а затым акрэсліў намер уступіць у адно з падраздзяленняў батальёна Палка імя Кастуся Каліноўскага. З гэтай мэтай ён нібыта прадаставіў свае персанальныя дадзеныя для прыёму ва ўзброенае фарміраванне. Адначасова ажыццяўляў збор інфармацыі аб месцах набыцця ваеннай амуніцыі, абмундзіравання і іншай экіпіроўкі для выкарыстання ва ўмовах баявых дзеянняў.

Супрацьпраўныя намеры Васіль не паспеў рэалізаваць, паколькі яго затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

У выніку хлопцу прызначылі два гады пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Глядзіце таксама

 

Супрацоўніцу IT-кампаніі «Гейм Стрым» Ксенію Алькенаву хутка пачнуць судзіць за данаты

Ксенія — супрацоўніца IT-кампаніі «Гейм Стрым». Яе затрымалі 11 сакавіка ў Мінску. Паводле сілавікоў, у 2020-2021 гадах праз данаты ў Facebook яна зрабіла 9 плацяжоў у фонды салідарнасці на агульную суму 425$. Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з ператрусу, падчас якога ў Алькенавай знойдзены і канфіскаваны БЧБ-сцяг, 20 000$ і аргтэхніка.

Цяпер яе абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-2 КК (Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання) — пры гэтым у рэдакцыі ад 26 траўня 2021 года гэтая фармулёўка адсутнічае.

Суд над палітзняволенай распачнецца 10 ліпеня ў Мінгарсудзе. Справу разглядаць будзе суддзя Яўген Хаткевіч.  

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Аляксандра Арановіча збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Аляксандр — удзельнік каманды «Страна для жизни», разам з камандай ездзіў па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме. Жыў горадзе Старыя Дарогі. Ездзіў на заробкі ў Расію, да рэпрэсій працаваў кіроўцам.

Яго абвінавацілі ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак» (арт. 342 КК) і «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» (п. 13 ч. 2 арт. 293 КК) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў старой дымавой шашкі. 27 красавіка 2021 года суд прызначыў яму 6 гадоў калоніі.

Стала вядома, што ў Івацэвічах 7 ліпеня адбудзецца суд па замене Арановічу рэжыму і ўмоваў утрымання. Па рашэнні суддзі Васіля Аўрусевіча яго могуць перавесці ў турму.