Анатоль Хіневіч: «І тады я адказаў у мікрафон: «Ну, у такім разе Слава Украіне!»

Анатоль Хіневіч — праграміст і бард з Барысава, быў асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі за нібыта супраціў сілавікам. Палітвязня абвінавацілі ў тым, што падчас «Марша справядлівасці» 20 верасня 2020 года ён «наносіў удары супрацоўнікам АМАПа лежачы». 

anatol_hinevicz_novy_czasimg_20230704_102557_143.jpg

Анатоль цалкам адседзеў свой тэрмін і выйшаў на волю 15 лютага 2023 года. Праз пагрозу новага арышту ён быў вымушаны экстрана пакінуць Беларусь.  

Пра барацьбу з рэжымам, час знаходжання за кратамі, сустрэчы з палітвязнямі і акалічнасці ўцёкаў былы палітвязень распавёў «Новаму Часу». 

«Зразумеў, што суткамі ўжо не адкараскаюся»

— Анатоль, як ты далучыўся да пратэснага руху, калі і з чаго ўсё пачалося?

— Маё супрацьстаянне з уладай пачалося ў 2017 годзе — акурат тады выйшаў Дэкрэт аб дармаедах. З таго моманту я і ўстаў на сцежку барацьбы з гэтай бесчалавечай сістэмай. 

Анатоль Хіневіч, 2017 год. 

Анатоль Хіневіч, 2017 год. 

Калі ў траўні-чэрвені 2020 года адбыліся першыя затрыманні, я зразумеў, што гэтым разам усё вельмі сур’ёзна, маштаб нашага супрацьстаяння з рэжымам набывае рысы народнага паўстання. 

Сяброўка прапанавала мне пайсці назіральнікам на выбары, я пагадзіўся, займаўся падрыхтоўкай на працягу чэрвеня-ліпеня. Непасрэдна 9 жніўня вёў назіранне ў Барысаве, на адным з выбарчых участкаў у школе. На само назіранне мяне не дапусцілі, але атрымалася дамовіцца, што я змагу прыняць удзел у так званых выязных назіраннях. Такая опцыя, калі чальцы камісіі са скрыняй па дамах ходзяць, дае магчымасць прагаласаваць выбаршчыкам, што не могуць прыйсці на ўчасткі. 

Напісаўшы справаздачу аб выніках назірання 9 жніўня, я выйшаў на плошчу ў Барысаве. Людзі, што там сабраліся, выглядалі разгубленымі. Яны не ведалі, што рабіць. Я таксама быў разгублены, таму праз нейкі час сышоў дахаты. 

Неўзабаве я з’ехаў у Мінск, дзе пачаў займацца падпольнай пратэснай дзейнасцю: расклеіваў улёткі, браў удзел ва ўсіх буйных акцыях і дваравых ініцыятывах. На той момант я і жыў у Мінску, бо працаваў там праграмістам у прыватнай фірмы. 

— Чаму ты быў вымушаны ўцякаць? Што здарылася пасля вызвалення?

— У чэрвені за рэпост у чаце затрымалі майго сябра. Пасля сутак ён не выйшаў, супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу — пра гэта я даведаўся, калі быў ужо ў Еўразвязе. 

Чату ўжо месяц як няма, ён выдалены, але сілавікі ўсё роўна атрымалі інфармацыю аб ім. Я быў удзельнкам гэтага чату. 

Я зразумеў:паколькі ў службоўцаў ёсць доступ да нашай перапіскі, то дабяруцца і да мяне. І суткамі я ўжо не адкараскаюся. Калі даведаўся за што затрымалі сябра, на наступны дзень я ўцёк з Беларусі. 

Выйшаўшы з калоніі, я ўвесь час быў у напружанні. Расслабіцца няма як. Паходы на адзнакі ў РУУС, візіты сілавікоў дахаты — усё гэта не спрыяла аднаўленню і не стварала пачуцця бяспекі. 

Напрыканцы сакавіка былых асуджаных выклікалі на размову з начальнікам барысаўскага РУУС. Службоўца спрабаваў на мяне наехаць, маўляў, чаму я не ўладкоўваюся на працу. Я сказаў, што ў мяне няма ў гэтым патрэбы. Ён зароў, што гэта ён будзе вызначаць, ёсць у мяне ў гэтым патрэба ці не. Праз месяц мяне выклікалі ў інспекцыю і патрабавалі,  каб я ішоў у Цэнтр занятасці. Я сказаў, што не буду ўладковацца на працу бо збіраюся з’язджаць з краіны, і напісаў заяву, што адмаўляюся ад такіх паслуг. У інспекцыі гэтага падалося мала і яны накіравалі мяне пісаць такую ж адмову ў Цэнтр занятасці. З’ездзіў, падпісаў. Дзіўна, але з працай ад мяне адчапіліся.

Былі перыяды, калі сілавікі прыходзілі да мяне кожны дзень, нават уначы. А здаралася, што і тыдзень-два не цікавіліся. Аднойчы прыехаў нейкі кіраўнік з крымінальнай міліцыі, запрасіў мяне выйсці да пад’езду, наўпрост там узяў у мяне адбіткі пальцаў, сфатаграфаваў. 

«Не адчуваў болю, бо быў на адрэналіне»

— У сеціве можна пабачыць відэа твайго брутальнага затрымання АМАПам 20 верасня 2020 года. Мне, загартаванаму чалавеку, вельмі цяжка было глядзець на гэтыя кадры без слёз. Як ты гэта ўсё вытрымаў?

— Я ўжо вяртаўся дадому пасля акцыі, як на праспекце Незалежнасці на мяне і групу пратэстоўцаў наляцелі сілавікі ў балаклавах. Побач акурат апынуліся журналісты, яны знялі гэты момант. І, дзякуючы выкладзенаму ў сеціва відэа, мае родныя і сябры і даведаліся пра маё затрыманне. 

Брутальнае затрыманне Анатоля Хіневіча. Скрыншот з відэа Onliner

Брутальнае затрыманне Анатоля Хіневіча. Скрыншот з відэа Onliner

Нягледзячы на тое, што мяне збівалі, у гэтыя хвіліныя амаль што нічога не адчуваў. Праз стрэс быў на моцным адрэналіне. 

Я заўважыў, што збіты, ужо на наступную раніцу, калі прачнуўся ў камеры на Акрэсціна. Пачаў разглядаць сваё цела — і жахнуўся. Яно ўсё было ў гематомах і кровападцёках, скрозь балела і ламіла. 


Мне далі 15 сутак. Першыя чатыры дні сядзеў на Акрэсціна, астатнія ў жодзінскай турме. Выйшаў на волю 5 кастрычніка і  адразу ж працягнуў свой супраціў. 


5 кастрычніка 2020. Анатоль вызваляецца з Акрэсціна пасля сутак.

5 кастрычніка 2020. Анатоль вызваляецца з Акрэсціна пасля сутак.

«Выламалі дзверы і нацэлілі стрэльбу»

— Што адбывалася пасля?

— 28 кастрычніка 2020 года я быў у бацькоў у Барысаве. Сілавікі ўварваліся ў дом, выламаўшы дзверы. У пакой заскочыў нейкі вайсковец, нацэліў на мяне стрэльбу. Скамандваў легчы на падлогу, надзеў кайданкі. Я закрычаў: «Мужыкі, вы што робіце, што вам ад мяне патрэбна?»

Пакуль яны выносілі дзверы, я са сваіх мабільных прылад  знішчаў інфармацыю, якая датычылася людзей, з якімі я камунікаваў па пратэсных справах — каб, крый божа, сілавікі на на каго больш не выйшлі. 

Яны прагнулі запісаць са мной пакаяльнае відэа — нібыта я кагосьці збіў і раскайваюся ў гэтым. Я адказаў, што за ўдзел у пратэстах мяне ўжо судзілі, паказанні я даваў яшчэ падчас суда па адміністрацыйнай справе і нічога новага ім сказаць не магу. Не ведаю, які далейшы лёс гэтага запісу, але відавочна, што людзі ў пагонах былі ім вельмі незадаволеныя. 

— Што ты адчуваў у той момант, калі зразумеў, што вось-вось яны вынесуць дзверы, што ты ў пастцы і ўратавацца ўжо немагчыма?

— Для мяне было незразумела, чаму яны да мяне ўвогуле прыйшлі, па якой справе, што яны яшчэ на мяне там нарылі. 

На працягу кастрычніка я ж таксама браў удзел у пратэснай дзейнасці, таму заставалася толькі здагадвацца: што ўсплыло на гэты раз? У мяне нават і думкі не было, што мяне паўторна за тое ж самае могуць узяць. Калі ж сілавікі паведамілі, што я затрыманы ў межах крымінальнай справы за нібыта супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў 20 верасня, я быў здзіўлены.

Усё так хутка развівалася, рэфлексаваць не было часу. Я мэтанакіравана рабіў дзеянні, якія павінны быў рабіць, каб не пацярпелі іншыя людзі. 

Пачуццяў асаблівых не было таксама, бо я быў ужо вельмі стомлены ад працяглай барацьбы, адчуваў сябе праз гэта даволі знясіленым. 

— Куды яны цябе павезлі?

— Спачатку на Акрэсціна. Некалькі дзён хавалі ад родных і адваката. Туды-сюды вазілі на аўтазаках — з Акрэсціна ў РУУС ці гэта быў Следчы камітэт, дакладна не ведаю, і назад. 

На Акрэсціна ў першую ноч я перасёкся ў камеры з Эдуардам Пальчысам. У мяне не было спальнага месца, Эдуард саступіў мне свой ложак. Ён сказаў мне, што да гэтага месяц сядзеў у адзіночцы, а ўся яго камунікацыя была толькі з супрацоўнікамі КДБ.

Праз гэта Эдуард быў у суцэльным інфармацыйным вакууме. Я пачаў распавядаць яму апошнія навіны. 

На наступную раніцу мяне зноў кудысьці павезлі, ганялі туды-сюды, не давалі сустрэцца з адвакатам. На трэці ці чацвёрты дзень у нас нарэшце адбылася сустрэча. Я адчуў палёгку, бо змог перадаць навіны дамоў, а таксама даведацца, як там мае бацькі.

Неўзабаве мяне перавялі ў жодзінскую турму.

«Абазваў наглядчыка акупантам»

— Якім быў твой час у Жодзіне?

— Я пачаў бачыць сны. Да гэтага я іх альбо ўвогуле не бачыў, альбо рэдка. Ты знаходзішся ў замкненай прасторы, нічога не адбываецца, жыццё застыла, мозг імкнецца знайсці нейкую актыўнасць, таму, мабыць, я і пачаў штосьці сніць. Сюжэты ўвесь час былі розныя.

У Жодзіне было зусім цяжка. Калі мяне перавялі напярэдадні суда на Валадарку, стала трошкі прасцей. Там было і больш палітычных, было з кім паразмаўляць, ну і ў побытавым плане было неяк лепей — у параўнанні з папярэднім месцам зняволення.

На Валадарцы я прабыў няшмат, трохі меней за 2 месяцы, пасля мяне зноў вярнулі ў Жодзіна. Там я атрымаў «экстрэмісцкі прафулік»— нібыта я схільны да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю. Падчас камісіі па пастаноўцы на прафулік я палаіўся са службоўцам, што мне абвяшчаў гэтае рашэнне, абазваў яго акупантам, за што атрымаў 5 сутак карцару, а пасля быў пераведзены ў іншую камеру. Мае сукамернікі пасля кпілі з мяне ў добрым сэнсе — казалі, гэта першы выпадак, каб хтосьці абразіў супрацоўніка СІЗА такімі словамі, ды яшчэ падчас камісіі. 

Адзін з маіх сукамернікаў пасля паехаў у калонію «Віцьба» і там распавядаў іншым асуджаным, які я апантаны барацьбіт. Прыехаўшы туды, я адкрыў для сябе, што пра мяне там ужо ўсе ведаюць (узгадваючы гэты выпадак, Анатоль смяецца — В.К.).

«Не дапускалі нават думкі, што давядзецца ехаць у калонію»

— З кім з палітвязняў падчас знаходжання за кратамі ты перасякаўся?

— На Валадарцы — з Андрэем Войнічам, ён вельмі добра трымаўся, усіх падтрымліваў і словам, і справай. У гэтай жа камеры з намі сядзелі Арсень Турукін, Яўген Чарвінскі, Павел Манкіненка. У Жодзіне я перасякаўся з Русланам Акосткам, Дзянісам Болтуцем, Мікітам Харловічам. 

У следчых ізалятарах усе палітвязьні трымаліся даволі бадзёра. У нас, шчыра кажучы, нават думкі не было, што справа дойдзе да калоніі. Мы думалі: ну, зараз суд пройдзе, пасля апеляцыйны, нешта там вырашыцца. Мы да апошняга не верылі, што трапім у калоніі.

На этап нас ехала тры чалавекі з камеры, мы дужа пераймаліся, куды ж мы трапім: у Наваполацк ці Віцьбу? Пра наваполацкую калонію хадзілі вельмі дрэнныя чуткі, мы думалі, што там нам будзе хана зусім. Калі ж у часе этапавання стала вядома, што мы едзем у «Віцьбу», мы адчулі палёгку. 

Першыя два тыдні ў каранціне я не мог адаптавацца, у першую чаргу — да свежага паветра. У СІЗА ж увесь час ты ў камеры, а тут можна выходзіць на вуліцу, бачыць увечары зоркі на небе. У мяне ад такога кантрасту трошкі зносіла дах. 

anatol_hinevicz_novy_czasimg_20230624_075123_687_logo.jpg

Я пачаў адчуваць прэсінг у верасні 2021 года — тады мяне першы раз змясцілі ў ШІЗА. Першае парушэнне мне выпісалі ў пачатку траўня 2021 года, пасля на нейкі час быццам бы адчапіліся, забылі пра мяне. Але ненадоўга. 

У штрафным ізалятары праз пераахалоджанне ў мяне пачаліся праблемы з ныркамі, я адчуваў ламату ў лакцях і каленях. Аднаўляўся пасля ШІЗА я вельмі доўга. Плюс з мяне зрабілі «злоснага парушальніка рэжыму».

Другі раз трапіў у штрафны ізалятар у снежні. Пасля зноў на нейкі час пра мяне забыліся. А прыкладна за месяц да майго вызвалення пачалося сапраўднае паляванне на палітычных, турэмнікі масава пачалі даваць спагнанні, на роўным месцы. Я лаяўся з супрацоўнікамі, нават скаргу напісаў на імя начальніка калоніі, і на апошнія два тыдні перад вызваленнем мяне пасадзілі ў ШІЗА. Вызваляўся я адтуль. 

Дыплом, атрыманы ў калоніі.

Дыплом, атрыманы ў калоніі.

Аднойчы мяне пазбавілі доўгатэрміновага спаткання, але я асабліва не пераймаўся, бо ўсё роўна аб гэтым не хадайнічаў. У «Віцьбе» першы год доўгатэрміновыя спатканні «экстрэмістам» увогуле не давалі, як і відэазванкі.. Пачалі даваць недзе з 2022 года, але для гэтага трэба было прайсці праз асабістую размову з намеснікам начальніка калоніі.Я вырашыў, што мне гэта не трэба, на размову не пайшоў. Проста не тэлефанаваў і абыходзіўся кароткатэрміновымі спатканнямі. 

«Тое ж самае, што выбіраць, які кацёл у пекле лепшы»

— Што можаш сказаць пра побытавыя ўмовы ў «Віцьбе»?

— Мне цяжка параўноўваць, бо я, апроч «Віцьбы», нідзе не быў. Неяк перавялі да нас асуджанага са шклоўскай калоніі, дык ён сказаў, што ў «Віцьбе» нашмат лепей сябе адчувае — і ў побытавым, і ў маральным плане. 

Для мяне гэта тое ж самае, што ў пекле абіраць, які кацёл з кіпячай смалой лепшы. 

— Як там было з інфармацыяй і ліставаннем?

— У СІЗА я яшчэ штосьці атрымліваў, у калоніі — толькі ад сваіх бацьцоў, нават ад цёці лісты не прапускалі.

З газет — толькі дазволеныя, тэлебачанне — тры прапагандысцкіх каналы. Палітвязьні фрагментарна атрымлівалі інфармацыю падчас тэлефонных званкоў, пасля мы гэтымі навінамі дзяліліся паміж сабой. Але, вядома, гэта нейкія ўрыўкі, шмат у часе званкоў не скажаш, бо побач аператыўнікі, якія кантралююць хаду размовы. 

Недзе напрыканцы 2021 года я пачаў адчуваць, што пратэсны рух у Беларусі пакрысе згасае. Нейкая надзея на перамены, уздым з’явіліся ў звязку з падзеямі ва Украіне. Да нас дайшлі чуткі, што беларусы зноў пратэстуюць. Але праз месяц і гэтая надзея знікла. 

Дарэчы, пра вайну ва Украіне мы даведаліся амаль што адразу — праз мясцовае «сарафаннае радыё». 

«Сустракаўся з Максімам Знакам, бачыў Сяргея Пятрухіна»

— А дзе ты працаваў, які заробак атрымліваў?

— Першыя месяцы два я знаходзіўся ў так званым штрафбаце — атрадзе, праца якога палягае ў разборцы метала. Але там я ўзняў шум, маўляў, не магу працаваць па стане здароўя. Дзіўна, але праз нейкі час я ўсё ж такі дабіўся зрухаў: у чэрвені мяне перавялі ў іншы атрад, дзе я да канца тэрміну працаваў у швейным цэху. 

Након працы на прамзоне магу сказаць, што не разумею сэнс гэтага прадпрыемства, яно стратнае. Турэмнікі быццам павінны выводзіць нас на працу, але забяспечыць ёй не могуць. Ёсць праца — працуеш, няма — усё роўна знаходзішся на працоўным месцы і імітуеш працу. 

З тых капейчын, што нам плацілі, да цябе на самой справе дахадзіла літаральна пару рублёў. Астатняе калонія забірала на тваё нібыта ўтрыманне. 

У швейным цэху ў іншую змену працаваў Максім Знак. Раз-пораз нам удавалася сустрэцца. Адбывалася гэта, калі прафулікнікаў выводзілі на прамзону на дадатковую працу, гэта расцягвалася прыкладна на 2 гадзіны. Сэнсу ў гэтым я не бачыў, бо працы там усё роўна не было, але каб «мы занадта не расслабляліся», з намі такое вось практыкавалі. 

Максім распавядаў розныя гісторыі, пра сваю маладосць, пра ўсё тое, што яго цікавіць. Трымаўся добра.

Сустракаў я ў калоніі і Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Каратчэню, Зміцера Караткевіча, Сяргея Скока, Арцёма Паўлeчку, Фелікса Жылінскага, Уладзіміра Шустава, Сяргея Шаламіцкага, Віктара Лосіка. 

З Віктарам нас аб’ядноўвала тое, што мы абодва мелі дачыненне да мастацтва. Віктар пісаў казкі. Ён распавядаў мне, як пасля дасылаў гэтыя казкі дзецям, а цэнзура імкнулася знайсці там нейкі палітычны падтэкст, шыфроўку. 

Уладзімір Цыгановіч прабыў у калоніі толькі ў каранціне, яго наўпрост адтуль перавялі некуды на турэмны рэжым. 

Палітвязні стараліся трымацца разам, падтрымлівалі адзін аднаго. 

Часу на роспач асабліва не было, хаця, вядома, я праходзіў там і праз фрустрацыю, смуту. Але ў калоніі ты настолькі заняты, увесь час жывеш па раскладзе, як робат, што часу на рэфлексію не застаецца.

У дзень вызвалення з калоніі. 15 лютага 2023

У дзень вызвалення з калоніі. 15 лютага 2023

«Прызнаюся: ногі і гітара за канапай — мае»

— Аднойчы ў клубе ладзілася віктарына. Зладзілі мерапрыемства, прысвечанае Новаму году і гадавіне стварэння літаратурнага клубу. Неяк я засумаваў ад гэтага дзіцячага ранішніка, толькі што з паголенымі дарослымі мужыкамі. Захацелася падурэць. І калі вядоўца з ліку асуджаных падыйшоў да мяне і штосьці запытаўся, я спачатку адказаў нейкую смешную бязглудзіцу, абы ён адчапіўся ад мяне. Ён засмуціўся, пераспытаў, ці ўпэўнены я ў сваім адказе. І тады я адказаў у мікрафон: «Ну, у такім разе Слава Украіне!». Больш ён да мяне не падыходзіў. 

Пашанцавала, што мне пазней не прыгадалі гэты выпадак, бо недзе праз месяц-паўтара пачалася вайна ва Украіне. Але, можа гэта і таму, што стукачам наўпрост было не цікава хадзіць у літаратурны клуб.

Апроч свабоды, мне не ставала ў калоніі і творчай рэалізацыі, бо зняволеным з экстрэміцкім прафулікам нельга было браць удзел у тэатральным гурце. Але пару разоў атрымалася выступіць у літаратурным клубе са сваімі вершамі.

— Наколькі ведаю, ты даволі папулярны бард у вузкіх колах. 

— Бардам мяне ахрысцілі ўжо пасля пасадкі. 

Адзіны выпадак у маёй біяграфіі, калі я меў дачыненне да бардаўскага руху, гэта мой удзел у адборачным туры «Бардаўскай восені» ў 2017 годзе. А так я проста аўтар-выканаўца сваіх вершаў, я нават і музыкай гэта асабліва не магу назваць, бо музычнай тэорыяй не валодаю. Сваю творчасць я называю «вершы пад гітару».

У чэрвені 2020 года пачуў пра конкурс «ЖывеБеларусьВПесне», ладзілі яго Годна і Беларусь Головного Мозга, не памятаю, як дакладна называлася тэматыка, але трэба было даслаць заяўку з творамі, што датычыліся беларускага супраціву. 

Я ананімна даслаў песенку, прысвечаную кейсу затрымання Сяргея Ціханоўскага. Гумарыстычнага ладу хутчэй, я іранічна абыгрываў той выпадак. У тым відэа дэманструюцца мае ногі і гітара, што з-за канапы тырчаць. Але цяпер, калі я ўжо ў бяспецы, шыфравацца няма сэнсу. Прызнаюся, што гэта песня майго аўтарства. 


Крыніца: Канапаландыя [ youtube ]

Ён яшчэ вернецца


anatol_hinevicz_novy_czasimg_20230703_105038_634_logo.jpg

— Анатоль, якія планы? Як ты ўвогуле сябе адчуваеш цяпер, пра што думаеш?

— Найперш, мушу вырашыць свае побытавыя пытанні, звязаныя з пераездам у іншую краіну. 

Трохі пазней ужо, зыходзячы з магчымасцяў, планую займацца праграмаваннем. Пасля вызвалення ў мяне быў хобі-праект — з аднадумцамі перакладалі адну старую кампутарную гульню, яна яшчэ ў 2004 годзе выйшла — на беларускую мову ў тэкставым выглядзе. Гэтая гульня з субтытрамі. Калі я займаўся разборам гэтай гульні, то дастаў інфармацыю з файлаў, зрабіў праект, дзе можна парадкова перакладаць на сэрвісы crowdin. Займаўся гэтым праектам недзе з сакавіка. Цяпер гэтая праца часова перапынілася, бо я тэрмінова з’ехаў, але ў планах усё гэта аднавіць і давесці да канца. І ўвогуле хочацца пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ў сферы IT. 

Пачуваюся адносна нармальна. Адзінае што часамі ненадоўга накрывае: пачынаю думаць, а што б, калі б я не даведаўся, што майго сябра арыштавалі, што было б, калі б я і не ведаў, якія хмары нада мной навіслі? Калі гэтыя думкі лезуць у галаву, мяне бярэ жах. Як на наш лёс усё ж такі ўплываюць выпадковасці. 

На акцыі салідарнасці ў Вільні. Чэрвень 2023

На акцыі салідарнасці ў Вільні. Чэрвень 2023

— Якой ты бачыш будучыню Беларусі? Ці плануеш вяртанне на Радзіму?

— Цяпер я нават не ведаю, якая будучыня чакае ўвогуле наш Сусвет. Нешта незразумелае адбываецца, нейкія глабальныя ўзрушэнні. Лёс Беларусі залежыць ад лёсу Сусвету, усё ўзаемазвязана. 

Дэмакратычныя перамены ў Беларусі — працэс не хуткі, гэта адбудзецца не за пяць хвілін. Але калі я ўбачу, што на Радзіме ўсё ідзе ў бок перамен, што вяртанне бяспечнае, я ўпэўнены, што вярнуся. 

Фота з асабістага архіву Анатоля Хіневіча