Хронікі рэпрэсій за 28 траўня: Новыя «спецвытворчасці» — супраць жонкі палітвязня і гаспадыні крамы
Новыя дзевяць палітвязняў, абмежаванне доступу да «Студэнцкай думкі», чарговае затрыманне адміністратара чата. Праваабаронцы працягваюць збіраць факты палітычнага пераследу беларусаў
- Дзевяць новых палітвязняў
Праваабаронцы выступілі з адмыслывай заявай наконт дзевяці асобаў, якія былі абвінавачваныя, узятыя пад варту і пазбаўленыя волі ў калоніі паводле ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Праваабаронцы заявілі, што пераслед у дачыненні да Аляксандра Пазняка, Віталя Варфаламеева, Аляксандра Тысевіча, Васіля Алексеюка, Мікалая Нікіцюка, Андрэя Салапуры, Арцёма Ботава, Аляксандра Якубука, Глеба Клімовіча палітычна матываваны. Гэтыя асобы прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
- Прадпрымальніка, якога затрымалі па вяртанні з-за мяжы, асудзілі да 9 гадоў калоніі за данаты
У Мінскім гарадскім судзе 20 траўня агучылі прысуд 39-гадоваму прадпрымальніку Артуру Ролічу — дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго асудзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за ахвяраванні розным беларускім ініцыятывам. Прысуд вынес Сяргей Кацэр.
У 2013-м мужчына адкрыў уласны бізнэс — краму Grandbazaare, у якой прадаваў брэндавае адзенне і абутак. А з 2023-га Роліч перавёў старонкі свайго бізнэсу на беларускую мову.
Апошняе паведамленне ў суполцы ягонага бізнэсу датуецца 27 ліпеня 2023-га года. Тады ён расказаў, што «з'язжае ў адпачынак, але вернецца 15 жніўня». Імаверна, па вяртанні з адпачынку Артур быў затрыманы, піша «Наша Ніва».
У выніку Артура асудзілі паводле пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і 2 арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 і 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання), які дзейнічаў да мая 2021-га.
- Яшчэ пяць чалавек асудзілі за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020 у Брэсце
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 24 траўня адразу пяць чалавек абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Мясцовых жыхароў — Маргарыту Ацемасаву, Ганну Васільеву, Арцёма Ботава, Андрэя Салапуру, Аляксандра Якубука — асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года. Суддзя Марына Скалковіч прызначыла ім ад двух з паловай гады «хатняй хіміі» да паўтара года калоніі.
Такім чынам, паводле падлікаў @viasna_brest, ужо вядома пра 25 асуджаных паводле арт. 342 КК за пратэсты ў Брэсце 10 жніўня 2020 года. Праваабаронцы нагадваюць, што за тую акцыю пратэсту актыўна судзілі ў 2021 годзе і ўсім прызначалі калонію паводле арт. 293 КК.
Сілавікі затрымалі жыхара Бабруйска
Сцвярджаецца, што мужчына нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
- Затрыманы беларускамоўны вядучы Андрэй Паплаўскі
На «палонным відэа» Андрэя Паплаўскага прымусілі сказаць, што ён прытрымліваўся «мяккіх апазіцыйных поглядаў», быў падпісаны на «Nexta» і перасылаў пасты з гэтага каналу.
Як распавядаў сам мужчына ў нядаўнім інтэрв'ю, ён «дзесяць гадоў вядзе вяселлі і карпаратывы на беларускай мове і прыводзіць гасцей у атмасферу шляхецкай карчмы».
- Следчы камітэт распачаў новыя «спецвытворчасці»
На гэты раз — у дачыненні да гаспадыні крамы «Адметнасць» і жонкі палітвязня Паўла Мажэйкі — іх збіраюцца судзіць завочна.
51-гадовай Вользе Верамеенка і 46-гадовай Ірыне Чарняўка інкрымінаваны арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)
Іх запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Гродзенскай вобласці.
- У Беларусі абмежаваны доступ да «Студэнцкай думкі»
Па пастанове пракурора Мінскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу «Студэнцкая думка» (dumka.me). Падставай для прыняцця гэтага рашэння сталі парушэнні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».
У прыватнасці, як лічыць пракуратура, на партале «публікаваліся звесткі, якія прапагандуюць спосабы ўхілення ад выканання вайсковага абавязку, а таксама інфармацыя экстрэмісцкага характару, якая падахвочвае грамадзян да процідзеяння дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь».
- У Гомелі паводле палітычнага артыкулу затрымалі экс-міліцыянта
Як стала вядома «Свабодзе», прычына затрымання гамельчука Вілена Тургунава — каментары ў інтэрнэце, у тым ліку негатыўныя ў бок міліцыі. Затрыманы актыўна вёў старонкі ў розных сацыяльных сетках, дзе выказваўся пра палітычныя і сацыяльныя падзеі.
Цяпер таксама адбывае тэрмін сваяк Вілена, Ігар Казубаў. Як і Тургунаў, Казубаў служыў у гомельскай міліцыі, але ў 90-х. Пасля працаваў кухарам. У сацыяльных сетках актыўна выказваўся пра беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў.
Яго судзілі ў закрытым рэжыме паводле артыкулаў аб «распальванні варожасці», «абразе Лукашэнкі», «паклёпе на Лукашэнку». Яму прысудзілі пазбаўленне волі, але дакладны тэрмін невядомы.
- Сілавікі затрымалі адміністратара чата «Беларусы на Шры-Ланцы»
Як высветліла @mediazona_by, затрыманы — Віктар Чайка. Ён з'яўляецца аўтарам невялікага ютуб-канала «Дыялогі аб Міры».
Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе зараз знаходзіцца — невядома.
- Затрымалі дырэктара івэнт-агенцтва «Графіміл» і ягоную жонку
На камеру сілавікоў мужчына кажа, што з'яўляецца дырэктарам івэнт-агенцтва «Графіміл» і што ён удзельнічаў у пратэстах 2020 года, а таксама быў падпісаны на выданне «Зеркало» і чат-бот «Голас».
Ягоная жонка працуе ў «Графіміл» інструктарам па танцах. Жанчына на камеру кажа, што зарэгістравалася ў чат-боце «Перамога», потым гэты бот выдаліла, піша «Медыязона».
Паводле дадзеных Міністэрства культуры, івэнт-агенцтва «Графіміл» зарэгістравана на Сяргея Сарокіна.
- У Мінску пачынаюць судзіць студэнта нібыта за адміністраванне «нацыяналістычнага чату беларусаў і ўкраінцаў»
У Мінскім гарадскім судзе распачынаецца судовы працэс над 18-гадовым студэнтам першага курса БДПУ Германам Лебедзевым. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Справу будзе разглядаць суддзя Алена Шылько.
ГУБАЗіК затрымаў Германа ў верасні 2023 года — праз месяц пасля таго, як ям споўнілася 18 гадоў. На «палонным відэа» затрыманы казаў, што нібыта «адміністраваў нацыяналістычны чат беларусаў і ўкраінцаў», дзе публікавалася жорсткасць у дачыненні да расійскіх вайскоўцаў. Таксама хлопец «прызнаваўся» ў распаўсюдзе «нацысцкіх і экстрэмісцкіх матэрыялаў».
- 29 траўня пачнуць судзіць керамістку Алену Карпенку
Нагадаем, дзяржаўная прапаганда абвінаваціла дзяўчыну ў тым, што яна запісала відэа, як выбарчы ўчастак №87 (быў размешчаны на тэрыторыі Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы) закрыўся раней за афіцыйны час. Па версіі прапагандысткі Крысціны Бармуцкай, дзяўчына адправіла ролік у «экстрэмісцкі канал», аднак насамрэч яна адправіла відэа сяброўцы за мяжу. Пасля інцыдэнту Алена атрымала адміністрацыйны арышт.
Нейкі час дзяўчына працавала архітэктарам, а пасля стала мастачкай. Яна робіць розныя ўпрыгожанні ды посуд з керамікі, а таксама займаецца каліграфіяй і роспісам.
29 траўня ў судзе Ленінскага раёну горада Магілёва Алену будуць судзіць па ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі)