Хронікі рэпрэсій за 2 студзеня. Лукашэнкаўская камісія не выявіла парушэнняў у калоніях
Дзякуючы праваабаронцам і нашым калегам сабралі галоўнае пра палітвязняў і рэпрэсіі за дзень.
Палітвязню Мікалаю Аўтуховічу за мінулы год не перадалі ніводнай бандэролі
Пра гэта «Свабодзе» расказала сваячка палітвязня:
«Загадзя адправілі яму бандэроль з віншаваннем і цукеркамі. Разлічвалі, што яшчэ на Раство атрымае, але ўжо і Новы год, а бандэроль так і не дайшла. Высветлілася, што гэты пакет нават з пошты не забралі. Праз інтэрнэт сваякі даведаліся, якая прычына. На сайце пошты прачыталі, што ён нібыта адмовіўся атрымліваць. Але ж гэта няпраўда».
Паводле сваячкі, 30 снежня Мікалай коратка тэлефанаваў некалькім сваякам:
«Усіх павіншаваў з надыходзячым Новым годам. Голас быў бадзёры, сказаў пра сябе, што са здароўем у яго збольшага нармальна. Пра бандэроль сказаў, што яму дазволена адна на год, але дагэтуль нічога не атрымаў: "А сам ад бандэролі ніколі не адмаўляюся"».
7 студзеня Мікалаю споўніцца 61 год.
Павіншаваць Аўтуховіча са святамі можна ў лістах: Турма №1, 230023, Гродна, вул. Кірава, 1, Мікалай Мікалаевіч Аўтуховіч
«Парушэнняў не выяўлена». Прадстаўнікі грамадскасці праінспектавалі аршанскія калоніі
Два члены Віцебскай абласной грамадскай наглядальнай камісіі пры галоўным упраўленні юстыцыі аблвыканкама ў лістападзе наведалі аршанскія папраўчыя калоніі № 8 і 12. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у цяперашні час у ПК №8 адбываюць тэрміны 10 палітычных зняволеных. У працэсе грамадскага кантролю парушэнняў правоў зняволеных не выяўлена.
Падчас наведвання папраўчых устаноў члены камісіі азнаёміліся з умовамі побыту, харчавання асуджаных, арганізацыі іх вольнага часу, медыка-санітарнага забеспячэння і іншым. Яны былі задаволеныя тым, што «адміністрацыя калоній арганізавала працу ў рамках дзеючага заканадаўства».
Работнікі адпаведных службаў паведамілі правяраючым аб тым, што ў «васьмёрцы» праведзены капітальны рамонт каранціннага памяшкання, а ў «дванаццатцы» — памяшканняў медыцынскіх палат для 340 асуджаных, хворых на сухоты.
Гомельскую айцішніцу затрымалі за $80 данатаў
Сілавікі адсправаздачыліся аб затрыманні жыхаркі Гомеля. На скрыншотах з яе акаўнта ў фэйсбуку відаць, што дзяўчына зрабіла тры плацяжы на агульную суму $80. Сярод іншага, дэманструюцца падпіскі на «Хартыю'97» і «Люстэрка».
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», гаворка пра Вольгу Бражэвіч — найхутчэй, дзяўчыну затрымалі пры вяртанні ў Беларусь, бо яе акаўнт у фэйсбуку (цяпер закрыты) быў зусім непачышчаны.
Па словах сілавікоў, цяпер Вольга знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, вырашаецца пытанне аб тым, да якой адказнасці яе прыцягнуць.