Хронікі рэпрэсій за 15 лістапада
Суды, затрыманні і карная псіхіятрыя. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 15 лістапада.
- Валерыя Яроцкага накіравалі на прымусовае лячэнне з-за паклёпу на Аляксандра Лукашэнку
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля накіраваў на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар Валерыя Яроцкага,якога абвінавачвалі ў паклёпе (арт. 188 Крымінальнага кодэкса) і паклёпе на Лукашэнку (ч.2 арт. 367 КК). Пастанову прыняў суддзя Віктар Казачак яшчэ 19 ліпеня, аднак падрабязнасці справы сталі вядомы праваабаронцам толькі цяпер.
Валерый Яроцкі — ураджэнец Жлобіна, неаднаразова з’яўляўся назіральнікам на выбарах ад БХК. У 2019 годзе Валерый стаў чэмпіёнам горада па шахматах, а яшчэ выйграў хуткі турнір у Асіповічах.
Па матэрыялах справы, Яроцкі адправіў у КДБ, МУС, пракуратуру і Цэнтральную камісію па выбарах і рэферэндумах рукапісныя і электронныя лісты, у якіх абвінаваціў Лукашэнку ў цяжкіх злачынствах. Падобныя лісты ён падрыхтаваў і ў дачыненні да аднаго з пракурораў Гомельскай вобласці. Што менавіта было ў тэкстах зваротаў, не ўдакладняецца.
- Дацэнтка Наталля Дуліна мусіць адзначаць дзень нараджэння за кратамі
Наталля Дуліна — былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы МДЛУ, сябра Каардынацыйнай Рады.
Яна была затрымана на пачатку кастрычніка 2022 года ў межах крымінальнай справы за ўдзел у пратэстах (арт. 342 КК). Затрымлівалі яе мінімум шэсць сілавікоў. Да гэтага цягам года Наталлю затрымлівалі чатыры разы і судзілі паводле палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулаў.
У сярэдзіне лістапада 2022 года стала вядома, што Наталлю таксама абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч.1 арт. 361-4 КК.
7 лютага 2023 года ў Мінскім абласным судзе пачаўся разгляд справы палітзняволенай. Працэс зрабілі закрытым. А 10 сакавіка суддзя Вікторыя Паляшчук прызначыла Наталлі Дулінай тры з паловай гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
-
Пачынаюць судзіць Юрыя Юрэню з-за «фінансавання дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»
У Мінскім гарадскім судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы 58-гадовага Юрыя Юрэні, якога абвінавачваюць у «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»
Справу разглядае суддзя Святлана Чарапанава.
Юрый быў затрыманы 12 траўня разам з сынам нібыта за данаты. Ягоны сын, палітзняволены Віталь Юрэня, 10 ліпеня быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пазней ён быў уключаны ў «Спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
- Суд у Оршы арыштаваў чыгуначніка за падпіскі ў Instagram
Суд у Оршы прызначыў 15 дзён арышту прыёмшчыку цягнікоў Ігару Туранскаму і канфіскаваў у яго тэлефон.
Суддзя Юлія Вяршыніна прызнала Ігара Туранскага вінаватым у распаўсюджванні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (частка 2 артыкула 19.11 КаАП).
У Instagram чыгуначніка знайшлі падпіскі на «Люстэрка», «Еўрарадыё», «Радыё Свабода», «Белсат», «Чай з малінавым варэннем» і праект пра татуіроўку беларусаў «Беларусь на целе».
- Сілавікі затрымалі жыхара Мінска за «экстрэмісцкую» татуіроўку
На «палонным відэа» яго прымусілі паабяцаць «пасля адбыцця пакарання» вывесці яе.
- ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які нібыта пакінуў больш за 200 «абразлівых» каментароў
Сцвярджаецца, што затрыманы абражаў сілавікоў і прадстаўнікоў улады.
- Палітзняволеную Алену Лазарчык у чарговы раз змясцілі ў ШІЗА
Пра гэта стала вядома праваабаронцам.
Нагадаем, актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» прысудзілі 8 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Вядома, што Алена ў калоніі мае праблемы з зубамі, яна схуднела. Раней ужо паведамлялася, што жанчыну змяшчалі ў ШІЗА.