Хронікі рэпрэсій за 13 лістапада
Сілавікі завялі крымінальную справу на BYPOL, затрымалі студэнта і яго дзяўчыну і просяць у народа «скінуцца» дронамі — такія навіны сённяшняга дня.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1096 дзён, Дзяніс — 976.
***
Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта завяршыла папярэдняе расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да прадстаўнікоў і экс-удзельнікаў арганізацыі «BYPOL» са структурнымі падраздзяленнямі «Сітуацыйна-аналітычны цэнтр» і «Мабілізацыйны план "Перамога"» ў парадку асобага вядзення.
Падсудным прад'яўлена абвінавачанне па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса, паведамляе «Салідарнасць».
Паведамляецца, што крымінальная справа перададзеная Генеральнаму пракурору для перадачы ў суд.
***
Сілавікі затрымалі супрацоўніка агенцтва нерухомасці, які нібыта перадаваў у «Чорную кнігу Беларусі» інфармацыю пра ўладальнікаў нерухомасці, піша «Медыязона».
Яны заяўляюць, што затрыманы меў доступ да базы ўласнікаў жылля і перадаў у «ЧКБ» звесткі пра сотні дзяржслужачых. На відэа сілавікоў затрыманы кажа, што яму дасылалі адрас, а ён праз базу шукаў імя і прозвішча ўласніка.
Таксама мужчына кажа, што ў тэлеграм-каналах заклікаў да «нанясення шкоды і спальвання "Табакерак"».
Па якім артыкуле затрыманы мужчына — не паведамляецца.
***
Паводле інфармацыі брэсцкай «Вясны», праваабаронца Аляксандр Вайцешык арыштаваны на 15 сутак. Такое рашэнне вынесла ў пятніцу баранавіцкая суддзя Ірына Паўлоўская.
Вядома, што Вайцешыка затрымалі каля пад'езда яго дома. Затрымалі праваабаронцу сілавым метадам. Падчас вобшуку вынялі ноўтбук і тэлефон. Паводле рашэння судa, гэтыя тэхнічныя прылады канфіскаваныя.
Нагадаем, 9 лістапада ў Баранавічах затрымалі не менш за 10 чалавек, пра што паведамляў актывіст Юрый Казакевіч са спасылкай на мясцовых жыхароў.
***
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 18 кастрычніка Гомельскі абласны суд вынес прысуд палітзняволенай Жанне Волкавай, якую затрымалі ў гомельскай школе №63, куды яна прыйшла для сустрэчы з настаўніцай свайго дзіцяці.
Жанчыне выстаўленае абвінавачанне паводле некалькіх артыкулаў КК: ч. 1 арт. 367 («Паклёп на Лукашэнку»), ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («Прапаганда экстрэмісцкай дзейнасці»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), ч. 1 арт. 130 («Узбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці»).
Суд прысудзіў жанчыну да пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады калоніі агульнага рэжыму.
***
Сілавікі заклікаюць грамадзян Беларусі перадаць свае дроны ў якасці «дабрачыннасці» Узброеным сілам Беларусі і «іншым вайсковым фарміраванням», такая інфармацыя з'явілася ў блізкім да сілавікоў тэлеграм-канале.
Для збору «ахвяраванняў» у выглядзе БПЛА на патрэбы арміі стварылі спецыяльную валанцёрскую ініцыятыву «Крылы». Уладальнікі дронаў мусяць напісаць у бот валанцёраў, пазначыць горад пражывання і мадэль квадракоптара, які «хацелі б перадаць сілавікам».
— Пасля гэтага вам паведамяць парадак дзеянняў, — цытуе сілавікоў «Медыязона».
***
Як паведамляе «Зеркало», у Мінску затрымалі студэнта гістарычнага факультэта БДУ і яго дзяўчыну.
На так званым «пакаяльным відэа» хлопец расказвае, што быў затрыманы за «рэпосты з экстрэмісцкіх каналаў» і «дэструктыўныя паводзіны».
Было апублікавана і відэа з затрыманай дзяўчынай, дзе яна расказвае, што «пастаянна абменьваецца» з хлопцам «экстрэмісцкімі навінамі» з розных Тэлеграм-каналаў.
«Разам рэпосціліся, разам і пасядзяць, "Love is ... сядзець у суседніх камерах у ізалятары"», — цынічна пракаментавалі відэа сілавікі.
***
Газета «Ганцавіцкі час» прызнана «экстрэмісцкай». Такое рашэнне прыняў суд у Брэсце па заяве пракуратуры Брэсцкай вобласці, піша «Еўрарадыё».
«Ганцавіцкі час» — адна з апошніх недзяржаўных «раёнак». Яе перасталі друкаваць 1 студзеня 2022 года, але выданне працавала анлайн. Журналістаў неаднаразова выклікалі ў міліцыю праз крытычныя публікацыі, рэдакцыя перажыла ператрусы і арышты супрацоўнікаў.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 273 дні, Максіма Знака — 278 дзён, Мікалая Статкевіча — 274 дні, Ігара Лосіка — 268 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 252 дні, Віктара Бабарыкі — 202 дні, Уладзіміра Гундара — 101 дзень.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1455 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1681 чалавек. Сярод іх — 179 жанчын і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.