Святлана Алексіевіч: Людзі ўяўлялі свабоду як свята, і ў гэтым была наша памылка

Пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка асэнсоўвае падзеі 2020 года, наіўнасць і негвалтоўнасць беларусаў, свабоду і будучыню.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

— Як мы ўсё гэта дапусцілі? Гэта пытанне, якое мы ўсе цяпер задаём адно аднаму. І вельмі цяжка знайсці на яго адказ. Памятаю, як у 1990-я гады мы хадзілі па плошчах і крычалі «Свабода!». Я думаю, мы не разумелі тады, што гэта такое. Калі мы цяпер не разумеем, то тады тым больш, — прыводзіць словы Святланы Алексіевіч«Салідарнасць».

Я заўсёды думаю: калі чалавек усё жыццё сядзеў у лагеры, а потым яго выпусцілі, то выйшаўшы з варот лагера, ён не будзе свабодным чалавекам. Ён проста ведае, што дзесьці ёсць гэтая матэрыя — свабода. А што гэта такое, не ведае.

Я памятаю, як гаварыла сябрам з Масквы: «Божа, Расія зусім іншая, гэта не тая Расія, якая ў нас у свядомасці, у нашых тусоўках». А мне адказвалі: «Святлана, гэта там ваш — калгаснік, а ў нас гэта ўжо незваротна». Аказалася, што ўсё зваротна.


Глядзіце таксама

Вось гэтая актыўная частка грамадства, якая падхапіла ўладу, што валялася і з якой ніхто не ведаў, што рабіць, напэўна, яны таксама былі рамантыкамі і думалі: калі грошы з кішэні сыплюцца, то вялікі свет іх прыме. Нічога падобнага. Свет іх прыняў. І што адбылося? Яны вярнуліся да таго, што ўмее рабіць чалавек, які выйшаў з лагера.

Яны вярнуліся да захопніцкіх войнаў, да гэтай ідэалогіі, стукацтва, запрацавала сталінская машына. Божа мой! І за ўсім гэтым, вядома, велічэзная крыўда.

Дастаткова паслухаць, як гаварыў Пуцін на Валдаі: і яго амаль дзіцячы пакрыўджаны твар, што вось, маўляў, не прынялі. А нібыта тыя ж касцюмы і тыя ж грошы (і нават большыя) — усё быццам бы тое самае, а ўсё роўна чужыя. Свет сказаў, што не, вы яшчэ не нашы, яшчэ доўга вам ісці. І гэта вельмі раззлавала, я так думаю.

Пісьменніца таксама згадала падзеі 2020 года ў Беларусі.

— Цяпер Каардынацыйную раду, як быццам кіруючы тады орган, папракаюць, што мы не палілі шыны, не стралялі, не кідалі кактэйлі Молатава. Я думаю, што мы ішлі ў хвасце падзей.

Гэта не мы вывелі 300-400 тысяч чалавек на вуліцу. Народ выйшаў сам. Нешта ў ім назбіралася, і яго самога выкінула на вуліцы. Мы не вялі народ, мы ішлі за ім: мы вучыліся ў яго, улюбляліся ў яго зноў, таму што яшчэ зусім нядаўна не верылі ў яго.

Жанчыны ў белых сукенках, кветкі — гэта ўсё было так прыгожа. І гэта была сама стыхія. Увесь народ напружыўся, каб стаць нацыяй, адчуць сябе народам. І гэта ён зрабіў.

І я думаю, што людзі не былі гатовы страляць або кідаць кактэйлі Молатава. Яны ўяўлялі свабоду як свята — паўтарыліся тыя ж 1990-я гады. Людзі не думалі, што свабода — гэта нешта іншае. Здаецца, мы толькі цяпер зразумелі, што свабода — гэта доўгі шлях.


Глядзіце таксама

А тады гэта было цудоўнае свята, я не памятаю такога горада. Хоць раніцай, калі я ўставала а пятай гадзіне, у горад уваходзіла велізарная колькасць вайсковай тэхнікі. Днём яна рассмоктвалася, днём выходзілі зусім іншыя людзі.

Гэта быў нейкі ідэалізм — я нават не ведаю, адкуль ён. З савецкага часу, між іншым, таксама. Ідэалізм пасяліўся на вуліцах. Усе чакалі дня, калі можна будзе выйсці на вуліцу, каб удыхнуць глыток, адчуць, што мы іншыя, свабодныя.

Гэта была рамантычная адсутнасць досведу, — працягвае Алексіевіч.

— Я памятаю, калі было больш за ўсё людзей, Лукашэнка з сынам бегаў з аўтаматамі, мы разыходзіліся, а нейкі стары чалавек літаральна хапаўся за нас і прасіў не сыходзіць. Гаварыў: «Трэба стаяць дзень, трэба стаяць ноч».

А мы казалі, што збяромся заўтра, паслязаўтра. Але ўжо ў такой колькасці мы так і не сабраліся, таму што ўлада вельмі хутка акрыяла ад разгубленасці, і мы натыкнуліся на магутны супраціў, да якога былі не гатовы.

Пісьменніца адзначае, што была супраць ваенных дзеянняў.

— Я бачыла, як раніцай ішла тэхніка, і было ясна: за гэтай тэхнікай стаіць моцная палітычная воля, і ён не спыніцца перад крывёю. У нас няма шанцаў.


Глядзіце таксама

Я не ведаю, на што мы спадзяваліся. Гэта проста было вельмі прыгожа, і мы ўпіваліся гэтым. Я думаю, што мы нават не шмат думалі пра будучыню: проста жылі момантам, радасцю, магчымасцю ісці па сваім горадзе і бачыць абсалютна іншых людзей. Увесь горад перазнаёміўся, у дварах ішло сваё жыццё.

Людзі ўяўлялі свабоду як свята. У гэтым была наша памылка. Але я думаю, калі б пачалі супраціўляцца (гвалтам), знайшліся б маладыя людзі, і яны б загінулі — гэта было б вельмі страшна.

Мне здавалася, што мы можам перамагчы духам, чымсьці большым, чым зброя. Мы ішлі маршам, у нас не было аніякай зброі, але мы былі вельмі моцныя, што нават сілавікі першы час адступіліся. Гэта потым яны сталі збіваць і мучыць народ.

Самае дзіўнае, што мы не верылі, што гэтыя сілавікі — беларусы. Здзекаваліся ў турмах, з чалавека рабілі кавалак мяса. Я вельмі доўга не верыла, што гэта рабілі беларусы. Але гэта рабілі нашы хлопцы. І як хутка чалавек ператвараецца ў абломак чагосьці сталінскага, чагосьці жывёльнага...


Глядзіце таксама

Да гэтага часу ідуць арышты, рэжым не спыняецца ні перад кім — ні перад лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, ні перад прафесарам, ні перад дзяўчынкай, якой 16 гадоў. Ні перад кім. Гэта, вядома, будзе страшнай гістарычнай траўмай для нашага народа. І вярнуць тое адчуванне, якое было ў нас на маршах — для гэтага нам спатрэбіцца вельмі шмат часу.